У ААТ «Мурава» ўжо закончылі ўборку збожжавых культур. З гэтай нагоды ў суботу ў аграгарадку Мурава было арганізавана выніковае свята — «Дажынкі-2023».
Заўсёды прыемна назіраць за зладжанай работай на жніўным палетку: адзін за адным плаўна снуюць камбайны, сваёй чаргі для адвозкі збожжа чакаюць аўтамабілі…
Літаральна ў апошнія дні ўборкі збожжавых карэспандэнтам давялося пабываць на полі каля самага аграгарадка Мурава, дзе яшчэ ішло жніво азімай пшаніцы.
Вылучыўшы момант, літаральна некалькі мінут, удалося пагутарыць з маладым вадзіцелем гаспадаркі Аляксандрам Карпеем (на здымку).
Пасля заканчэння Мураўскай сярэдняй школы малады чалавек атрымаў вадзіцельскае пасведчанне і як уладкаваўся ў ААТ «Мурава» ў 2014 годзе, так і да гэтага часу працуе тут вадзіцелем, кожны дзень адмерваючы кіламетры свайго працоўнага стажу.
Да слова, Аляксандр Карпей ужо шосты год прымае ўдзел у жніве. Пазалетась ён заняў трэцюю прыступку на раённым п’едэстале па перавезеным зерні, сёлета таксама мае дасягненні ў сельгаставарыстве. Ці лёгка даецца ўборка? Нічога, як кажа Аляксандр, у жыцці проста не бывае, у любым выпадку патрэбна старацца, укладваць у любімую справу душу. Тады і сам сябе будзеш паважаць, і перад навакольнымі не спатрэбіцца вочы хаваць.
Маладога вадзіцеля кожны дзень чакаюць з працы жонка Марына і дачушка.
Ды не толькі жонка і дачка ганарацца Аляксандрам Карпеем: шануюць работніка і ў сельгаставарыстве, тут ён заўсёды на добрым рахунку.
Вялікая каманда такіх жа сумленных і адказных, як Аляксандр, працаўнікоў здолела выканаць пастаўленую кіраўніцтвам задачу і паспяхова правесці ўборку збожжавых культур на палетках ААТ «Мурава».
Як расказаў дырэктар сельгаставарыства Пётр Білецкі, дзякуючы папярэдняй стараннай падрыхтоўцы, сёлетняе жніво прайшло без непрыемных сюрпрызаў: тэхніка не падвяла, ды і людзі стараліся ў поўную сілу. Хлебаробы гаспадаркі выкладаліся на ўсе сто працэнтаў, разумелі, што даць сабе слабіну — гэта недаравальная раскоша.
У гонар працавітых мураўскіх аграрыяў і былі наладжаны «Дажынкі» ў аграгарадку. Іх правядзенне на святочнай сцэне Мураўскага СДК — ужо традыцыя. Тут выказвалі шчырую падзяку лепшым хлебаробам ААТ «Мурава», усім работнікам сельскай гаспадаркі, хто душою хварэў за ўраджай-2023.
Пружанская раённая арганізацыя РГА «Белая Русь» з падзякай за працу ўручыла падарункі лепшым камбайнерам Валерыю Саўчуку, Вадзіму Рудчыку, Віктару Свістуну.
У гонар хлебаробаў адбыўся цудоўны канцэрт.
Вадзім Раўнейка, Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік