Четверг, 25 апреля 2024

ААТ «Мурава»: на працу — толькі з пазітывам!

833

Падводзіць вынікі — рэч, на першы погляд, звычайная, але, у той жа час, вельмі важная. Патрэбна бачыць, дзе спрацавалі на пяць з плюсам, а дзе трэба падцягнуцца, скарэкціраваць работу, можа, памяняць падыходы і тактыку. Гэта ж жыццё, і прадугледзець усемагчымыя перашкоды, якія могуць узнікнуць у працэсе, вельмі складана. Хаця і прагназаваць абавязкова патрэбна, каб бачыць, з чым прыйдзеш на канец года. Усё вышэйсказанае з’яўляецца неад’емнай часткай сельскай гаспадаркі, дзе заўсёды думаеш наперад, нават зімой, здаецца, у час спакою, ужо складаеш планы на будучы ўраджай, стараешся да дробязей усё пералічыць.

Дырэктар ААТ «Мурава» Пётр Білецкі.

Працуй да поту — паясі ў ахвоту. Лепш і не скажаш пра працу на зямлі. Зімой рыхтуеш насенне, вясной сееш, летам даглядаеш, а па восені збіраеш. Кругазварот. А інакш нельга. Зямелька не церпіць дрэнных да сябе адносін. Не будзе ў гультая яна дагледжаная і ўрадлівая. Карміцелька наша добраму гаспадару і ў сне прыходзіць.

Хай шчасце ў вачах часцей у вас ззяе, дабро заўжды над злом перамагае — пажаданне ад работнікаў МТФ «Мурава» аператараў машыннага даення Таццяны Улезла і Алены Сівачэнка, слесара па абслугоўванні даільнага абсталявання Сяргея Слабады, брыгадзіра жывёлагадоўчага ўчастка Людмілы Канявега, ветурача Дар’і Лявоцкай і аператара машыннага даення Людмілы Бернікавай.

Успомніце толькі, як у ранейшыя часы людзі проста марылі мець зямельны надзел, бо для іх гэта была свабода, свой кавалак хлеба. Нават малы акраец яго быў дарагі. Помняць пра дадзеную акалічнасць і шануюць кожную пядзю зямлі і ў ААТ «Мурава». Яна ж адказвае ўзаемнасцю.

Шчырыя словы на Новы год ад загадчыцы МТФ «Ізбіцы» Аксаны Чуевай, лабаранта Наталлі Шука, аператара машыннага даення Таццяны Чарняк і тэхніка-асемянатара Марыі Еўтуховіч: жыцця шчаслівага, багацця душэўнага, неба блакітнага, настрою напеўнага.

Вядзі за жывёлай догляд — будзеш мець і даход. У сельгаставарыстве стараюцца прытрымлівацца мудрасці, бо яна напрамую ўказвае на прыбытак гаспадаркі і дабрабыт кожнага яе працаўніка. Нарыхтоўваем з запасам кармы (сянаж, сілас, сена). А яшчэ для нашых каровак кожны дзень нясём усмешку. То ж жывыя істоты. Нельга іх пакідаць без ласкі, яны ж адчуваюць, з якім настроем ты прыйшоў на работу. Таму, каб малако не пераводзілася ў рагуль, пакідай усё дрэннае дома і з пазітывам на працу!

Дванаццаць Снягурак (як месяцаў у годзе!) і адзін Дзед Мароз. На здымку: бухгалтар Святлана Пятручык, старшы бухгалтар Вера Зубік, галоўны бухгалтар Антаніна Таразевіч, інжынер Аляксандр Карунас, бухгалтар Наталля Таразевіч, касір Святлана Купракова, спецыяліст па закупках Марына Белікава, сакратар Любоў Ясковіч, галоўны эканаміст Валянціна Шэшка, бухгалтар Антаніна Казлоўская, інспектар аддзела кадраў Вольга Усік, бухгалтар Алена Данілюк і эканаміст Наталля Маркечка.

Кожны чалавек мае сваю цану. Без шчырай і адданай працы кожнага не можа быць і гаворкі пра рост любога прадпрыемства, тым больш калі размова ідзе пра сельскую гаспадарку. Тут работа аднаго звязана з работай усіх астатніх. Адзін дрэнна апрацаваў зямлю, другі абы-як пасеяў, трэці не падвёз своечасова корм і г.д. Усё, пра прыбытак можна забыць. Каб пазбегнуць такой непажаданай акалічнасці, патрэбна ўсіх згуртаваць, матываваць на станоўчы вынік, пры гэтым не забываць, што кожны працаўнік — гэта асоба са сваім характарам і патрабаваннямі да жыцця. У ААТ «Мурава» склаўся калектыў, які нацэлены на рэзультат і з якім можна смела ісці ў будучыню. Таму будзем спадзявацца, што запланаванае на 2023 год у хуткім часе ажыццявіцца. А гэта дасць упэўненасць у тым, што разам мы можам многае!

Ветурач Аліна Васкаўшчук, урач Віктар Міхальчык, галоўны ветурач Аліна Баян, намеснік начальніка комплексу Святлана Ленкавец і кладаўшчыца Ніна Гарустовіч-Туманік з МТК «Мурава»: з нагоды Новага года жадаем усім здароўя і на нашай рабоце годнага прыплоду.

Няхай усё, што вы загадалі, збываецца кожны дзень у новым годзе. Любові, удачы, радасці, здароўя да старасці, прыгожых і светлых дзён і самых адданых сяброў. Яшчэ хачу пажадаць многа белых сняжынак для падняцця настрою. Няхай год прыносіць толькі пазітыў у ваша жыццё. А яно ў нас, канечне, — «толькі трымайся». Дык трымайцеся адзін аднаго! І не забывайце, што на гэтым свеце ёсць людзі, якія вас чакаюць, хвалююцца і заўжды рады бачыць. Давайце ж у годзе новым будзем усім дарыць толькі шчырыя ўсмешкі і незабыўны настрой. З Новым годам, з новым шчасцем!

Пётр Білецкі, дырэктар ААТ «Мурава»