Вясна. Чароўная пара года, якая заварожвае многіх. Хто ж адмовіцца ад сузірання першых кветачак?!
А як прыемна бачыць у небе птушак, якія вяртаюцца на сваю радзіму і напаўняюць наваколле сваімі прыгожымі і непаўторнымі песнямі! Ужо не гаворым пра ласкавае сонейка, якое з кожным днём усё больш атульвае цеплынёй і пяшчотай! І, канечне, сакавіцкае свята, самае пяшчотнае, шчымлівае, напоўненае светлай любоўю і шчырым каханнем, падфарбаванае самымі яркімі пачуццямі, — Міжнародны дзень жанчын!
Хто ж, калі не яны, нашы бабулі, матулі, каханыя, сёстры і дачушкі, больш варты праяўлення мужчынскай увагі, клопату, штодзённага захаплення жаноцкай прыгажосцю, загадкавасцю, прамяністасцю?! Ім, нашым самым дарагім, мы, мужчыны, абавязаны спакойным і размераным жыццём, утульнасцю ў доме. Больш за тое, жанчына дае кожнаму з нас магчымасць быць яе адзіным рыцарам, паказаць сябе сапраўдным героем. Нездарма ж раней дзеля сваёй непаўторнай праводзіліся рыцарскія турніры, за яе змагаліся.
Канечне, час рыцарскіх турніраў мінуў. Але ад таго не павінны змяніцца адносіны да слабой паловы чалавецтва. Жанчына і па сённяшні дзень застаецца ахоўніцай дамашняга ачага, горача любячай матуляй, вернай жонкай і надзейнай спадарожніцай па жыцці. Мудрая, памяркоўная, гатовая на ўсё дзеля сваёй сям’і — справядлівыя словы пра самых прыгожых, адданых і недзе загадкавых. Кожны дзень яны даюць магчымасць мужчынам спазнаваць свае самыя патаемныя вугалкі душы — з імі не засумуеш, а ад таго і жыццё мужчынскае насычанае і яркае!
А на рабоце? Гэта ж сапраўдныя працавічкі! Яны могуць задаць яшчэ які тэмп, нічым не саступаючы мужчынскай палове чалавецтва. З выгляду такая безабаронная, а паказвае зайздросную сілу, як маральную, так і фізічную. І ўсюды паспяваюць нашы ненаглядныя: і каровак дагледзець і падаіць, і з лічбамі разабрацца, а яшчэ ж на іх плячах дом, дзеці, муж — вось вам і слабы пол!
Што б хацелася дадаць? Мужчыны, хаця б з нагоды Міжнароднага жаночага дня зрабіце для сваіх жанчын сапраўднае свята, накрыйце святочны стол, раскашэльцеся на вялікі і прыгожы букет кветак, дазвольце адпачыць ад усіх хатніх клопатаў. Няхай адчуюць сябе сапраўднымі каралевамі. Паверце, яны гэтага заслужылі.
Дырэктар ААТ «Ліноўскае» Васілій Казмярчук