Днямі Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь быў падпісаны Указ №153 «Аб занясенні на Рэспубліканскую дошку Гонару пераможцаў спаборніцтваў за 2021 год». За дасягненне ў мінулым годзе высокіх паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод арганізацый сельскай гаспадаркі было выдзелена акцыянернае таварыства «Агра-Калядзічы», якое ўзначальвае дырэктар Аляксандр Пішч.

Як зазначыў Аляксандр Іванавіч, калектыў гаспадаркі з году ў год набліжаўся да такой высокай адзнакі. У скарбонцы «Агра-Калядзічы» нямала ўзнагарод як у спаборніцтвах сярод сельгаспрадпрыемстваў, так і ў асабістых дасягненнях спецыялістаў таварыства. Сярод іх і вызначэнне кіраўніка арганізацыі, як аднаго з лепшых кіраўнікоў вобласці. Аднак заслужаная пашана рэспубліканскага ўзроўню не дае падставы заспакоіцца і спыніцца.
— Лічу, што патэнцыял нашай арганізацыі, аб чым сведчыць прыклад тых сельгаспрадпрыемстваў, побач з якімі назва нашага ААТ зараз знаходзіцца на дошцы Гонару, яшчэ далёка не вычарпаны.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік