Воскресенье, 20 апреля 2025

ААТ «Агра-Калядзічы» прызнана лепшай арганізацыяй АПК Брэстчыны і занесена на абласную Дошку гонару

1 183

Пра тое, што ў ААТ «Агра-Калядзічы» вялікую ўвагу надаюць вытворчасці малака і робяць гэта якасна, яскрава гавораць паказчыкі гаспадаркі. Сёння тут утрымліваецца 3000 галоў буйной рагатай жывёлы, а надой на карову ў ліпені ў сярэднім складае амаль 24 кг. Гэта другі паказчык у раёне пасля «Велікасельскага Агра».


За адказную і якасную работу сельгаставарыства і яго працаўнікі не раз адзначаліся шматлікімі ўзнагародамі. Бадай, самая значная з апошніх – Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якая калектыву таварыства аб’яўлена ў маі. Па выніках мінулага года МТК «Руднікі» стаў адным з пераможцаў раённага спаборніцтва сярод фермаў з беспрывязным утрыманнем статка і даеннем у залах. А зусім нядаўна ААТ «Агра-Калядзічы» прызнана лепшай арганізацыяй АПК Брэстчыны і занесена на абласную Дошку гонару.


Дасягненні гаспадаркі – заслуга работнікаў, у тым ліку заатэхніка-селекцыянера МТК-1100 С.І.Прахарэнка. У нашу краіну жанчына пераехала з Расіі чвэрць стагоддзя назад. Адразу ацаніла спакой на вуліцах і добразычлівасць людзей. У «Агра-Калядзічах» працуе з 1997 года. За гэты час была і лабарантам, і памочніцай загадчыцы фермы, працавала загадчыцай сама, адказвала за племянны ўчастак. У 2010 годзе, калі ў Калядзічах адкрыўся МТК на 1100 галоў, прыйшла сюды заатэхнікам.


У абавязкі Святланы Іванаўны ўваходзіць выбракоўванне, сартаванне, вакцынацыя жывёлы, вядзенне базы па ферме. Жанчына шчыра любіць сваю работу і падапечных – маленькіх цялятак. Яны ж адказваюць Святлане Іванаўне тым жа і ў якасці падзякі радуюць добрымі прыбаўкамі ў вазе.
Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік.

На здымку: Святлана Іванаўна Прахарэнка са сваімі падапечнымі.