Пятница, 23 мая 2025

ААТ «Агра-Калядзічы» нарыхтоўвае кармы. Падрабязнасці ў нашым фотарэпартажы

908

Чым бліжэй да ліпеня, тым больш работы ў працаўнікоў поля. Зараз на парадку дня ў аграрыяў ААТ «Агра-Калядзічы» нарыхтоўка кармоў, а таксама падрыхтоўка тэхнікі да жніва. Гэтая работа ў гаспадарцы на завяршальным этапе. Плануецца, што падчас жніва на палеткі выйдзе 12 камбайнаў, 11 з якіх — беларускай вытворчасці. Пакуль жа асноўная ўвага — нарыхтоўцы кармоў.


Работнікі таварыства ўжо завяршылі першы ўкос. Травы скошаны на плошчы 2068 га і поўнасцю ўбраны. Па стане на 22 чэрвеня з плануемых 26 тыс. т сенажу нарыхтавана каля 16 тыс. т. Увесь сянаж назапашваецца з кансервантамі. Сена ў гэтым сезоне мяркуюць нарыхтаваць 1600 т, з планам справіліся на 9 %. Акрамя таго, паспелі ўбраць 175 га люцэрны ў чыстым выглядзе.


А ў мінулы чацвер «Агра-Калядзічы» першымі ў раёне пачалі нарыхтоўку зернесенажу. Гэты від корму добра пераварваецца страўнікавай сістэмай жывёл, утрымлівае многа пратэіну і даволі просты ў нарыхтоўцы. Гаспадаркай назапашана 1207 т зернесенажу.

Работы па нарыхтоўцы вяліся ва ўрочышчы за ракой Ясельда, недалёка ад в.Вашчынічы. Калі на поле завіталі карэспандэнты, нарыхтоўкай карыснага корму займаліся вадзіцель Давід Кавалевіч і трактарыст-машыніст Сяргей Янушка.


Па словах агранома па кормавытворчасці С.М.Усіка, зараз у таварыстве рыхтуюцца да другога ўкосу. Пакуль у раёне ён пачаўся ў ААТ «Мурава», дзе скошана каля 400 га траў і ў «Велікасельскім Агра» — убрана 150 га. А вось у «Агра-Калядзічах» вядуць догляд за пасевамі, праводзяць падкормкі і хімапрацоўкі раслін. А яшчэ правяраюць камбайны, якія праз пэўны час таксама выйдуць у поле.
Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік.