Сейбітамі разумнага, добрага, вечнага звычайна называюць педагогаў. Але так можна сказаць пра штодзённыя клопаты сельскіх працаўнікоў, якія, па сутнасці, не маюць вызначанага каляндарнага года.
Для гэтых людзей слова «адпачынак» мае вельмі расплывістае значэнне. Пра тую ж сяўбу хлебаробы думаюць ужо з зімы, робяць прагнозы на год будучы, хвалююцца за наступны ўраджай як заклад дабрабыту нашай краіны. І так з году ў год, вось вам і вечнае. Добрае — таму што праца на зямлі — самая мірная. Што да разумнага, то ў сельскай гаспадарцы нельга рабіць штосьці бяздумна, без навуковага падыходу. Толькі людзі са светлай галавой здольны дамагацца высокіх паказчыкаў у любой галіне сельскай гаспадаркі.
Так вось і мы жывём у ААТ «Агра-Калядзічы». Канечне, абавязкова ў навагоднюю ноч падымем бакал з шампанскім, пажадаем усім добрым людзям шчасця, дабрабыту і спакою на душы за сваіх блізкіх і нашу краіну ў цэлым. А ўжо на наступны дзень, калі многія будуць адпачываць, пойдзем на працу, бо ніхто за нас яе не зробіць: чакаюць кароўкі, якіх трэба пакарміць і падаіць, ды і тэхніцы няма калі прастойваць. Такое яно, сялянскае жыццё.
Ці наракаем на абраны жыццёвы шлях? Не! Наадварот, ганарымся гэтым! Што можа быць важней за працу на зямлі! У нашым сельгаставарыстве людзі разумеюць адно: праца ў сельскай гаспадарцы — гэта пачэсна. Хоць рукі ў мазалях, але не патрэбна гэтага цурацца. Бо гэтымі рукамі робіцца вялікая справа — кожны беларус забяспечваецца пахучым хлебам, смачнымі каўбасамі і іншымі беларускімі далікатэсамі. Мы без гучных слоў выконваем свае працоўныя абавязкі. Не ўпадаем у адчай, калі нешта не атрымліваецца, усякае можа здарыцца. Калі зараз не выйшла, значыць, у наступны раз будзе ў многа разоў лепш. Верым у свае сілы, таму і ўпэўнены ў заўтрашнім дні.
Ды з такімі людзьмі, як працаўнікі ААТ «Агра-Калядзічы», крочыць у рабоце — адно задавальненне! Яны ў сельскай гаспадарцы не выпадковыя, працавітыя, адказныя. Цяжка працуюць! Яшчэ як цяжка! Таму стараемся ўсебакова падтрымліваць сваіх незаменных, руплівых: і добрае слова заўсёды напагатове, і фінансава не крыўдзім, і дабрабыт ствараем на вёсцы.
Нашы працаўнікі таксама маюць права на адпачынак, не ўсё ж ім жыць толькі думкамі аб працы. Хочацца заўсёды бачыць усмешкі на іх тварах, задавальненне ад зробленага, а недзе і злосць… да работы. А чаму б і не? Чалавека, скіраванага толькі на станоўчы вынік, ніхто і нішто не зрушыць у дасягненні пастаўленай мэты.
Канечне, будуем планы. Іх многа, яны рознабаковыя. Плануем на кожны заўтрашні дзень, не баімся загадваць і ў больш глыбокую будучыню. Бо ведаем, што ў нас усё атрымаецца, бо мы стараемся, смела крочым уперад. Цвёрда стаім на нагах, бо ўпэўнены: нас чакае спакойнае жыццё, насычанае незабыўнымі падзеямі, радаснымі момантамі. Няхай жа так і будзе заўсёды!
Сяргей Субота, дырэктар ААТ «Агра-Калядзічы»
Дарагія работнікі і ветэраны ААТ «Агра-Калядзічы»!
Віншуем вас, працавітых і сумленных!
Няхай кожная мінута жыцця ў 2024 годзе будзе яркай, радаснай і вясёлай, а ўсе праблемы растаюць самі сабой, як снег на далонях! Хай Дзед Мароз увесь наступны год старанна ажыццяўляе ўсе загаданыя жаданні! Няхай у доме заўсёды жыве шчасце, а ўдача не толькі не пакідае ваш дом, а яшчэ запросіць сваіх сябровак — любоў, радасць і прыгажосць! «Ура!» — паху навагодняй ёлкі, хлапушкам, смаку шампанскага!
З Новым годам!