Як кажуць, была б нагода… І вось ужо карэспандэнты «раёнкі» гатовы падзяліцца з жыхарамі Пружаншчыны прыемнай навіной, радаснай падзеяй. Адна такая падстава з’явілася для таго, каб наведаць ААТ «Агра-Калядзічы». У чым жа справа? А ў бягучую суботу сельгаставарыства адзначае свой 75-гадовы юбілей! І як жа тут не пагутарыць з дырэктарам гаспадаркі Сяргеем Суботам, каб з першых вуснаў даведацца, з якімі рэзультатамі прыйшлі да юбілею, з якімі планамі ідуць у будучыню, чым або кім ганарацца?
— Жыць і працаваць на зямлі. Які сэнс, Сяргей Сяргеевіч, Вы ўкладваеце ў гэтае выказванне?
— Лічу гэта самым вялікім шчасцем: адна справа проста жыццё пражыць, і зусім іншае — прысвяціць сябе працы на роднай зямлі, звязаць з ёй, такой роднай і непаўторнай, свой лёс. Тым больш, быць хлебаробам было пачэсна ва ўсе часы, і на сёння роля работнікаў сельскай гаспадаркі ў развіцці нашай краіны толькі павышаецца. Нават калі паглядзець з палітычнага боку: усё ваююць, нешта дзеляць, а наш мужык-беларус няспешна, з душой робіць святую справу — вырошчвае хлеб.
— Беларусы вельмі любяць тварог і смятану. Ці трэба нам хвалявацца за малочную і мясную вытворчасць ААТ «Агра-Калядзічы»?
— Для гэтага няма ніякіх падстаў. Са свайго боку, гаспадарка робіць усё, каб у дзяржаве малочныя рэкі былі заўжды поўныя. Напрыклад, за 9 месяцаў 2023 года выраблена 21187 тон малака, што на 181 тону больш за ўзровень аналагічнага перыяду мінулага года. Амаль усё малако здаецца гатункам «экстра» — 99,4%. Рэнтабельнасць яго рэалізацыі складае 39,7%. За справаздачны перыяд атрымана прадукцыі вырошчвання БРЖ у жывой вазе 1036 тон, што на 45 тон больш, чым у 2022 годзе. Сярэднясутачныя прывагі склалі 776 г, +8 да мінулага года.
— І ўраджай сёлетні ў сельгаставарыстве нішто сабе.
— Атрымана зерня збожжавых і зернебабовых культур у бункернай вазе 13167 тон (+2315 тон да 2022 г.) пры ўраджайнасці 65,5 ц/га (+8,1 ц/га). Тут адразу хацелася б дадаць, што прырода часам нам не спрыяе, але працаўнікі гаспадаркі даказалі: калі кожны будзе хварэць за агульную справу, тады і вынік не прымусіць сябе чакаць. І вельмі прыемна, калі твае старанні цэняць: рашэннем Брэсцкага аблвыканкама за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур у 2023 годзе ААТ «Агра-Калядзічы» было прысуджана другое месца з выдачай дыплома. Што да рапсу, то намалот склаў 3363 тоны — +449 тон да 2022 года, ураджайнасць — 53,4 ц/га — +12,4 ц/га і гэтая сельскагаспадарчая культура парадавала нас дыпломам другой ступені ў вобласці.
— Ці будзе што есці каровам зімой?
— Вы ж самі бачылі, якая сёлета ўрадзіла кукуруза, кармавыя культуры. Таму нашы рагулі будуць сытыя і дагледжаныя. Да ведама, за 9 месяцаў 2023 года нарыхтавана кармоў усіх відаў 31857 тон к.адз. На адну ўмоўную галаву грамадскай жывёлы нарыхтавалі ўсяго кармоў 48,7 ц.к.адз. (117,3% да ўзроўню 2022 года), у тым ліку травяністых кармоў 31,1 ц.к.адз. — 111,5%.
— Калі працуеш, то і маеш…
— Канечне, ужо цяпер атрымана выручкі ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі 35,9 млн. рублёў (122,4% да 2022 года), у тым ліку на аднаго працаўніка 113,5 тыс. руб., што на 23,9% больш за ўзровень мінулага года. Ад рэалізацыі малака і мяса выручка склала 29,4 млн. руб., прыбытак — 4,7 млн. руб.
— Зарабілі, то нешта ж купілі?
— Пастаянна ўмацоўваем матэрыяльна-тэхнічную базу гаспадаркі: набываем трактары «Беларус», збожжаўборачныя камбайны, плугі, прэс-падборшчыкі і іншую сельскагаспадарчую тэхніку. Сёлета на гэта было выдаткавана 3,9 млн. руб. Разумеем, што абнаўленне прыносіць толькі плюсы: менш паломак, большая эфектыўнасць у рабоце і камфорт для работнікаў. Дарэчы, распачалі таксама будаўніцтва зернесушыльнага комплексу Green Way-60 у аг. Калядзічы, які дасць магчымасць мінімізаваць страты пры пасляўборачнай сушцы ўраджаю і зэканоміць паліва на 15%. У хуткім часе для нашых людзей і гасцей адкрыем пасля рамонту кафэ «Рассвет».
— Што яшчэ, калі не сакрэт, запланавалі зрабіць?
— Які можа быць сакрэт. Ужо дадзены заказ на праектаванне самага сучаснага комплексу на 1200 галоў, які будзе размяшчацца каля аг. Руднікі. Плануем узводзіць жыллё. Пастаянна трымаем на кантролі ўмовы працы нашых людзей.
— Для іх жа ў нашай краіне і робіцца ўсё.
— Дык яны заслугоўваюць самай шчырай павагі. Для іх мы і павінны старацца ствараць камфортныя ўмовы для жыцця, для выхавання дзяцей. Мы сваім працаўнікам даём абанементы на наведванне басейнаў у Мокраўскай і Навасёлкаўскай СШ. На 2023 год усім было аформлена добраахвотнае страхаванне медыцынскіх расходаў. Ды і сярэднямесячная зарплата работнікаў у 2038,7 рублёў (28,3 % да 2022 года) дае магчымасць трывала сябе адчуваць у матэрыяльным плане: і сям’ю апрануць, і ласункаў купіць, і цікавыя мясціны роднай краіны наведаць.
— Сяргей Сяргеевіч, некалькі цёплых слоў з нагоды юбілею.
— Паважаныя працаўнікі ААТ «Агра-Калядзічы»! Ад шчырага сэрца віншую вас з юбілеем! Жадаю вам, шаноўныя, каб здароўе ваша было такім жа моцным, як і ўся наша сельская гаспадарка. Каб шчаслівым быў ваш кожны дзень, а кожная гадзіна была напоўнена радасцю, поспехам і пазітывам. Жадаю поспехаў у вашай нялёгкай справе, добрага ўраджаю, вялікага прыплоду і стабільнага даходу. З 75-годдзем роднай гаспадаркі!
Старонку падрыхтаваў Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны МАСІК