— Навошта мне беларуская мова? Я добра ведаю іншыя! – заяўляе хлопчык Пятрок.
— Таму што мы – беларусы! — настойвае дзяўчынка Янінка. — І наша родная мова – беларуская. Яна дасталася нам у спадчыну ад продкаў, за кожным словам – іх жыццё і надзеі, пакуты і кроў, мудрасць і запавет. Не адмаўляй роднай мове ў годнасці, яна нічым не горшая за іншыя. І я табе гэта дакажу.
І даказала…
З ажыўленага дыялога распачалася прэм’ера чарговай літаратурна-музычнай пастаноўкі “Беларуская кадрыля” ў выкананні драматычнага гуртка Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа. А скончыўся спектакль хваляй авацый ад гледачоў, якія пераканаліся ў тым, што нашы людзі – таленавітыя і шчырыя, што наша мова, спевы і танцы – цудоўныя.
Старажытная кадрыля чырвонай ніткай прайшла праз усю пастаноўку і стала нечым большым, чым танец. Яна, здавалася, аб’яднала ўсіх прысутных: мы разам смяяліся, жартавалі і нават прытанцоўвалі, адным словам, выкідвалі каленцы.
Калена першае, этнаграфічна-прывітальнае
Падчас яго вядучыя нагадалі пра тое, што калісьці працоўны год у беларускага народа падзяляўся на дзве палавіны: летнюю і зімовую, спякотнае лета асацыявалася з блакітнавокай дзяўчынай, а марозная зіма – з казачным Зюзем, які наводзіў сцюжу, а потым разам з хлопцамі слухаў спевы дзяўчат падчас вячорак.
Дзякуючы маладым тэатралам, мы, гледачы, з задавальненнем пагрузіліся ў тую чароўную зімовую атмасферу: мерна гудзелі прасніцы, у дзявочых руках круціліся верацёны, на скрыпцы і бубне гралі вясковыя музыкі…
Калена другое, паэтычнае
Кадрыля працягвалася… У другой яе частцы вядучыя ўзгадалі імёны славутых беларускіх паэтаў і пісьменнікаў – Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Уладзіміра Дубоўку, Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча і многіх іншых. Іх хвалявала мінулае роднага краю і будучыня беларускага народа, захаванне прыгажосці беларускай прыроды і статуса роднай мовы, у якой жыве душа народа і якая з’яўляецца спалучальным звяном паміж пакаленнямі.
Гледачы зачараваліся пранікнёнымі вершамі, замілаваліся цёплымі, сакавітымі роднымі словамі, з дапамогай якіх, здаецца, можна выразіць любое пачуццё, любую думку. “Росная, васільковая, срэбразвонная” беларуская мова — хто мог сказаць, што яна бяднейшая, чым іншыя мовы зямлі?..
Калена трэцяе, гумарыстычнае
Сапраўды, чаго гэта мы пра сумнае? Дасціпны жарт, тонкае пачуццё гумару – адметная рыса нашага нацыянальнага характару. І ўдала ўплеценая ў “Беларускую кадрылю” п’еса “Збянтэжаны Саўка” ў выкананні таленавітых пружанскіх гумарыстаў стала лепшым таму доказам. Зала разрывалася ад смеху. Выкладчыкі каледжа Аляксей Папко (Саўка) і Вольга Ільяшэвіч (Магрэта) увайшлі ў ролю не горш за славутых беларускіх акцёраў Паўла Малчанава і Галіну Макараву.
Калена фінальнае, музычнае
Апошнія танцавальныя акорды “Беларускай кадрылі”, здавалася, былі самымі яркімі. Іх удала дапоўнілі цудоўныя спевы ў выкананні навучэнцаў каледжа.
Скончылася свята мовы, народных танцаў, вершаў, тонкага гумару і спеваў так, як і пачалося, дыялогам:
– Ну, што цяпер скажаш пра беларускую мову, Пятрок? – не сунімалася дзяўчынка Янінка.
– Скажу, што няма мне зямлі даражэйшай, чым бацькоўская зямля, і няма мне мовы прыгажэйшай, чым мова матчына…
Валянціна Іванаўна Іскаліева, кіраўнік танцавальнага калектыву Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа:
— Я верыла, што мае выхаванцы не падвядуць рэжысёра пастаноўкі Лідзію Мікалаеўну Рэпіха і сваёй кадрыляй толькі ўпрыгожаць спектакль. Я імі вельмі ганаруся! Сёлета, хачу заўважыць, танцоры нашага каледжа занялі 2-е месца на рэспубліканскім фестывалі мастацкай творчасці вучнёўскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі”. У каманду пераможцаў увайшлі пераважна навучэнцы IV курса, а таксама выкладчыкі каледжа. А зараз за імі пацягнуліся і першакурснікі – і я гэтаму вельмі рада. Цяпер моладзь вельмі цяжка нечым зацікавіць, тым больш, народнай творчасцю. А тут такі поспех! Мы ўзнялі настрой публікі, а галоўнае – самі далучыліся да ўнікальнай бацькоўскай спадчыны.
Кадрыля, можна сказаць, — агульнаславянскі танец, але ў кожнага народа ён набыў нейкія асаблівасці. Наш, як вы заўважылі, складаецца з розных частак, так званых кален, і прадстаўляе сабой шматграннае — вясёлае і лірычнае, сур’ёзнае і камічнае — дзейства.
Натхняльнікам і, як трапна заўважылі вядучыя, сэрцам спектакля стала Лiдзiя Мiкалаеўна Рэпiха, якая без малога трыццаць пяць гадоў выкладае ў аграрна-тэхнічным каледжы беларускую мову і літаратуру. І за гэтыя гады здолела прывіць любоў да свайго прадмета не аднаму пакаленню маладых людзей.
Сама жанчына родам з вёскі Сіманавічы Драгічынскага раёна, вучылася ў школе, дзе ўсе прадметы выкладаліся па-беларуску. Таму пытання любіць мову ці не ў яе нават не ўзнікала. Больш за тое, яшчэ ў сярэдніх класах школы вырашыла, што стане настаўніцай і будзе вучыць дзяцей пазнаваць прыгажосць менавіта роднай мовы, якая па мілагучнасці не саступае нават італьянскай.
– Наша беларуская мова – неацэнны скарб, які пакінулі нам нашы продкі. Стагоддзе за стагоддзем тысячы і тысячы людзей слоўца да слоўца, гук да гуку, песню да песні збіралі і зберагалі яго. Кожнае пакаленне старалася дадаць да скарбу штосьці сваё, дарагое, вартае памяці, – кажа жанчына.
Пасля заканчэння Брэсцкага педінстытута яна ў 1981 г. услед за мужам пераехала ў Пружаны. Працавала ў дзіцячым садку № 7, у райаддзеле адукацыі, а ў 1987-м улілася ў калектыў выкладчыкаў пружанскага тэхнікума.
– За гэтыя гады ні разу не пашкадавала пра свой выбар, – прызнаецца Лідзія Мікалаеўна. – Наш калектыў вельмі дружны, і навучэнцы вельмі добрыя, разумныя і таленавітыя. Працаваць з імі – адно задавальненне. Імкнёмся прыцягваць іх у розныя гурткі і секцыі. У прыватнасці, удзел у драматычным гуртку не толькі раскрывае творчую iндывiдуальнасць навучэнцаў, але і дапамагае фарміраваць пачуццё нацыянальнай свядомасцi, абудзіць цiкавасць да гiсторыi i культуры беларускага народа, павагу да гiстарычнага мiнулага, нацыянальных традыцый.
Адметна, што, дзякуючы Лідзіі Мікалаеўне, адным з першых у каледжы быў рэалiзаваны праект свята, прысвечанага 500-годдзю славутага асветнiка, першадрукара Ф.Скарыны. Потым былі пастаўлены п‘есы М.Чарота, А.Федарэнкi, Янкі Купалы і іншых беларускіх драматургаў. У прыватнасці, вя-лікую папулярнасць сярод гледачоў набыла тэатралізаваная пастаноўка “Беларускі кірмаш”. З ёй выступалі на форуме маладзёжных лідараў, удзельнічалі ў абласным аглядзе-конкурсе па грамадзянска-патрыятычным выхаванні “Спадчына”, дзе атрымалі дыплом ІІІ ступені.
– Выступалі мы і на абласных “Дажынках”, – дадае выкладчыца, – і на рэспубліканскім фестывалі “Студэнцкая аграрная вясна” ў г. Віцебску. Прывезлі адтуль дыпломы “За лепшую тэатральную пастаноўку” і “За захаванне нацыянальных традыцый”. Наведалі нават замежжа і сваю пастаноўку прадставілі гледачам комплексу школ з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў Гайнаўцы і Беластоку. Нашы суседзі казалі, што беларуская мова ім вельмі падабаецца… “Мова светлая, мова чыстая. Паспрабуеш – і хочацца піць. Бы крынічныя воды, празрыстая – не спыніць яе, не замуціць…”
Алена Зялевіч.
Фота Кацярыны Масік.