Амаль паўгода таму ў флігелі музея-сядзібы «Пружанскі палацык» адкрылася ганчарная майстэрня. А праз паўтара месяца ў жывапісным парку з’явілася лаўка ў выглядзе печы-горна ў памяць аб знакамітым земляку Антону Такарэўскім — выбітным майстры, што вырабляў чорназадымленую кераміку. Месца гэтае стала ўлюбёным для пружанцаў і гасцей горада. Асаблівыя пачуцці зведала і я пры знаёмстве са спадарыняй Глінай і яе майстрамі…
Адчыняю дзверы майстэрні. Адчуваю асаблівы пах. Назіраю, як ва ўмелых руках ганчароў гліна набывае адмысловую форму… Нарэшце работа прыпыняецца, і я гутару з кіраўнікамі класаў народнай творчасці раённага Дома рамёстваў — керамістамі Віталём Раманоўскім і Генадзем Міранюком.
— Раней я працаваў рэстаўратарам у «Пружанскім палацыку»: прымаў удзел у аднаўленні старога гадзінніка, мэблі, — расказвае Віталь Іванавіч. — Стварэннем вырабаў з гліны зацікавіўся даўно. Ганчарным майстэрствам авалодаў самастойна: сеў за ганчарны станок і пачаў круціць… Практыкаваўся не менш за чатыры гадзіны на дзень, добра разумеў, што толькі такім чынам можна дасягнуць патрэбных вынікаў. Цяпер ёсць інтэрнэт, даступная любая патрэбная інфармацыя. А галоўнае ў справе — жаданне і, вядома, практыка. Вучыцца можна ўсё жыццё…
Дарэчы, Віталь Іванавіч вёў у раённым ЦТДМ гурток, які пачаў наведваць Генадзь Міранюк.
— Ляпіў нешта накшталт свістулек і цацак. У ЦТДМ не было ганчарнага круга. Ушчыльную заняўся керамікай літаральна некалькі месяцаў таму — і вось вынік, — зазначае Генадзь і з гонарам паказвае ўласныя вырабы: талеркі, кубкі ды іншы посуд.
На паліцах у майстэрні — кераміка на любы густ: разнастайныя збанкі, гаршкі, эмблемы з сімваламі горада, гліняныя фігуркі жывёл. Некалі такія цацкі-свістулькі былі таннымі і даступнымі для кожнага селяніна.
— Я працую ў флігелі каля двух месяцаў, — працягвае Віталь. — За гэты час мы правялі каля дзесяці майстар-класаў. Здараецца, што людзі заходзяць у майстэрню і пытаюць, чым мы тут займаемся. Тады не толькі расказваем, а яшчэ і паказваем.
— Чым адрозніваецца сучасная тэхніка вырабу ганчарных рэчаў ад тэхнікі мінулых стагоддзяў? — цікаўлюся я.
— Цяпер працаваць прасцей, — тлумачаць майстры, — ёсць сучаснае абсталяванне, праграмуемыя печы… Аднак рукі… рукі не заменіць ніякая тэхніка.
— А ці могуць сучасныя вырабы з гліны практычна выкарыстоўвацца ў хатнім побыце?
— А як жа! У кубкі можна наліваць гарбату, у талеркі — суп, — усміхаецца Віталь. — У нашых ганчарных вырабаў вельмі добры абпал і моц.
Якія ж прафесійныя планы пабудавалі пружанскія майстры?
— У керамікі вельмі шырокія магчымасці, аднак наша майстэрня пакуль знаходзіцца на пачатковым шляху: не хапае неабходнага абсталявання, таму мы можам вырабляць толькі невялікія рэчы. Увогуле ж у мяне ёсць прафесійная мара, — дзеліцца Віталь. — Вельмі хачу асвоіць форму кумган, якая ўяўляе сабой ёмістасць для вады і віна, і вырабляюць яе як прадмет дэкору. Гэтая пасудзіна, якая па форме блізкая да квасніка, са старажытных часоў вядома ў краінах Сярэдняга і Блізкага Усходу.
Незвычайная мара і ў Генадзя: малады кераміст хоча вырабіць на ганчарным крузе джэмбе — заходнеафрыканскі барабан у выглядзе кубка, на які нацягваецца скура.
Арына Сысаляціна,малодшы навуковы супрацоўнік музея-сядзібы «Пружанскі палацык».
Фота Сяргея Талашкевіча