Понедельник, 13 января 2025

А вы ўжо ацанілі «Ружанскі пачастунак»? Такі чаканы гараджанамі магазін адкрыўся ў Пружанах! (+многа фота)

744

У апошні час нашаму раённаму цэнтру вельмі ж ужо шанцуе ў плане адкрыцця новых мясных магазінаў. Не паспеў расчыніць дзверы «Новы мясны» ад ААТ «Жураўлінае», як ужо ў мінулы аўторак у горадзе па вуліцы Тармасава, 2 адкрылася гандлёвая кропка «Ружанскі пачастунак» ад ААТ «Ружаны-Агра». Нехта можа сказаць: і таго, што было, хапіла б. Ды не! Кожная крама мае свой адметны асартымент.

Падчас святочнага мерапрыемства намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Святлана Ханавец падзякавала кіраўніцтву ААТ «Ружаны-Агра» за тое, што пайшло насустрач у павышэнні ахопу гандлем сваёй прадукцыяй жыхароў раёна. Гэта ў грашовым плане выгадна і гаспадарцы.

І вельмі хацелася б, каб гэтая гандлёвая кропка заўсёды была запатрабаваная, мела сваіх адданых пакупнікоў, а можа, стала і візітнай карткай нашага горада. Чаму б і не?

— Усё ў нашых руках, — адзначыў дырэктар сельгаставарыства Андрэй Босак. — Будзем старацца падтрымліваць сваю марку ў вырабе мясной прадукцыі, хоць канкурэнцыя і расце. Але, з другога боку, апошняя акалічнасць падштурхоўвае да таго, каб працаваць яшчэ якасней, рабіць яшчэ смачней і сытней. Для нас важны кожны пакупнік, для вас усіх мы і стараемся.

Новы магазін «Ружанскі пачастунак» адметна выглядае не толькі знадворку, але і ўнутры. Тут арыгінальна аформлены сцены, на якіх намаляваны схемы разроблівання свіной і гавяджай тушы. І гэта своеасаблівая «шпаргалка» для пакупнікоў: справа ў тым, што ў магазіне можна не толькі купіць нешта мясное з наяўнага, але і зрабіць заказ на свой густ. Вельмі зручна і незвычайна, асабіста для мяне.

Як толькі была перарэзана чырвоная стужка, людзі, якіх сабралася столькі, што запоўнілі і тратуар, і праезную частку, атрымалі магчымасць ацаніць багацце мясных прадуктаў, прадстаўленых у новым магазіне.

Шашлыкі, каўбаскі на розны густ, фарш, рабрыны з прыправамі, грудзінкі для барбекю, карэйка — усе паўфабрыкаты ўласнага прыгатавання. Безумоўна, на вітрыне — і свежае мяса: свініна і ялавічына. Дарэчы, апошняе знайсці ў нашых крамах вельмі цяжка.

У дадатак — яблыкі, сакавітая духмяная садавіна з асабістага саду. Асобнае месца займае вітрына з гатовай мясной прадукцыяй гандлёвай маркі «Бел-Морыс» ад ААТ «Белавежскі» і… яшчэ шмат усяго.

Нельга не сказаць некалькі слоў і аб пяці чароўных работніцах магазіна, з прыгожымі ўсмешкамі, прыветлівых. Ніна Кабась, Вольга Рэвенька, Вольга Велікаселец, Ірына Сінкевіч, Наталля Аліва (на здымку) абавязкова пастараюцца, каб пакупнік не выйшаў з крамы з пустымі рукамі.

Дык ці можна трапіць у рай на зямлі? Калі размова пра рай для гурманаў, то гэтае месца — магазін «Ружанскі пачастунак».

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы з адкрыцця фірменнага магазіна: https://vk.com/album-23306785_295953505 і https://ok.ru/budni/album/966894702472