Понедельник, 16 сентября 2024

А ваша жыллё бяспечнае?

267

Менавіта з такім пытаннем днямі работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях наведалі жыхароў г. Пружаны і навакольных вёсак.

Падчас рэйду выратавальнікі наведалі адзінокіх грамадзян, інвалідаў, а таксама сем’і, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Работнікі РАНС нагадалі гаспадарам аб важнасці захавання патрабаванняў пажарнай бяспекі ў быце, правілы навядзення парадку на прысядзібных участках. Заклікалі дарослых паклапаціцца пра бяспеку падрастаючага пакалення і не пакідаць малых без нагляду. Выратавальнікі парэкамендавалі ўстанавіць у домаўладаннях і кватэрах аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, распавялі, як падтрымліваць іх у спраўным і працаздольным стане.

У выпадку выяўлення парушэнняў, начальнік райаддзела Павел Талстой тлумачыў жыхарам, як ухіліць гэтыя недахопы. Напрыклад, у кватэры шматдзетнай сям’і па вул. Інтэрнацыянальнай быў няспраўны АПВ. На пытанне «чаму?» гаспадар у здзіўленні паціскае плячыма. Аказалася, што разрадзілася батарэйка, а замяніць… розуму не хапае. У іншай кватэры жывуць трое чалавек, пры гэтым двое — актыўныя курцы. Зноў жа некалі гэтай сям’і была аказана дапамога ва ўстаноўцы апавяшчальніка, які падчас наведвання рэйдавай групы таксама аказаўся «нежывы».— Ці можна параўнаць кошт батарэйкі для АПВ і чалавечага жыцця? — здзіўляецца Павел Міхайлавіч. Пытанне рытарычнае, асабліва ў тых дамах, дзе гаспадары не могуць знайсці грошы на рамонт разетак і выключальнікаў. Хаця гадуюць малых дзяцей, на што дзяржава выдзяляе адчувальную матэрыяльную падтрымку. Значыць, ёсць іншыя мэты для выдаткавання грошай.

Выратавальнікі звярнулі ўвагу грамадзян на захаванне правіл эксплуатацыі пячнога ацяплення. З гэтым таксама ў некаторых не ўсё ў парадку. Зімовы сезон у самым разгары. А з печкай ужо ўзнікаюць праблемы. Напрыклад, у жыхаркі в. Арабнікі печ патрабуе рамонту. Прычым, неадкладнага. Жанчына запэўнівае, што справіцца з гэтым ёй не па сілах, хаця дзеці жывуць літаральна ў некалькіх кіламетрах, у райцэнтры. Выратавальнікі абяцалі адправіць ім пісьмо, магчыма, такая мера прымусіць іх паклапаціцца аб маці.

Кожнаму работнікі РАНС нагадвалі і аб тым, што забараняецца пакідаць без нагляду ўключаныя электрычныя прыборы. А каб мясцовыя жыхары самастойна маглі знаходзіць і хутка ўхіляць парушэнні, выратавальнікі ўручылі грамадзянам буклеты з рэкамендацыямі ад МНС. Таксама падчас наведванняў інспектары падкрэслівалі неабходнасць сачыць за пажарнай бяспекай не толькі ў жыллі, але і ў гаспадарчых будынках. У прыватнасці, калі ў памяшканнях маецца асвятленне, то лямпы напальвання варта абсталяваць плафонамі. Перыядычна наводзіць парадак і ўстрымацца ад выкарыстання адкрытага агню. Толькі асцярожнае стаўленне да сябе і блізкіх, а таксама захаванне простых супрацьпажарных правілаў, а не вера ў тое, што бяда міне, зменшаць сумную статыстыку. Гэта той выпадак, калі другога шанцу не бывае — жыццё ў чалавека адно.

Іна Хаваўка, работнік РАНС. Фота аўтара