Боль лечыцца не толькі лекамі, але і добрым настроем, у стварэнні якога немалую ролю адыгрывае і навакольнае асяроддзе. Для Алены Куклы гэта аксіёма, якая не патрабуе доказу. Хоць яна і не медык, а толькі загадчыца склада цэнтральнай раённай бальніцы, але з болем мусіць сустракацца: ён на тварах людзей, якія штодзень праходзяць міма ў паліклініку, бальніцу. І на гэтых жа тварах яна бачыць усмешкі і задавальненне, калі тыя ж людзі спыняюцца побач.
![](http://www.budni.by/wp-content/uploads/2022/08/20220819_IMG_1082_0031.jpg)
Ідэя стварыць у невялічкім двары каля склада прыгажосць прыйшла да Алены Канстанцінаўны ў мінулым годзе, калі ў магазіне «Гномік» яна ўбачыла садовую скульптуру — вясёлую пчолку. А чаму б не зрабіць «мядовую» кампазіцыю?
Грузчык Віктар Казбяровіч ахвотна падтрымаў ідэю і змайстраваў для пчолкі вулей. Алена Канстанцінаўна размалявала яго яркімі фарбамі. Потым прымацавалі да вулля тэрмометр…
І справа пайшла! Што патрэбна для пчол? Вядома ж, кветкі. І вясною тут зацвілі духмяны белы алісум, браткі, гладыёлусы, лаванда і іншая прыгажосць. Назвы ўсіх раслін жанчына нават не ведае — да яе добрага пачыну хутка актыўна падключыліся сябры, знаёмыя і нават незнаёмыя людзі, якія прывозілі сваю расаду і насенне.
— Прыехала з доследнай станцыі бартавая машына, адтуль прасыпалася жменька зярнятак. Я іх сабрала і кінула на кветнік. Вырасла… грэчка! Цвіце, адно заглядзенне! А сапраўды, які пчальнік без грэчкі? — расказвае і паказвае Алена Канстанцінаўна.
![](http://www.budni.by/wp-content/uploads/2022/08/20220819_IMG_1053_0001.jpg)
З другога боку ля ўваходу ў склад хутка з’явіліся ў кветках маляўнічы гадзіннік, грыбок, туйка…
У старым мяшку, які давялося разарваць яшчэ больш і напоўніць урадлівай зямлёю, растуць петуніі. Зялёнае лісце хосты імітуе «прычоску» мужычка, пад якога размалявалі бочачку. А над цэментавай вазай Алена Канстанцінаўна карпела ледзь не месяц. І не дарэмна: атрымаўся сапраўдны рарытэт!
На другім, ценявым, баку ад уваходу набіраюцца моцы дзікі вінаград, гартэнзія…
Спыняцца на зробленым работнікі склада не збіраюцца.
— Наш дворык маленькі, а хочацца такую прыгажосць пашырыць. Толькі пра гэта пакуль што пісаць не трэба. На наступнае лета пабачыце! — усміхаецца жанчына.
Ганна Хадаровіч. Фота Кацярыны Масік