Суббота, 7 ноября 2026

А мы Масленіцу віталі!

722

З гэтай нагоды ў мінулую нядзелю на гарадской плошчы прайшло традыцыйнае масавае гулянне. Хаця дзень і атрымаўся даволі халодным, нібыта нагадваючы, што вясна сёлета можа затрымацца.

днак вецер і хмары нікому не псавалі настрой, наадварот, на працягу некалькіх гадзін уся плошча літаральна гудзела — спявала, танцавала, спаборнічала ў конкурсах і проста весялілася. Адны ўдзельнікі свята ўзнімалі настрой, выступаючы са сцэны з прыпеўкамі, адгадваючы загадкі і атрымліваючы памятныя прызы. Менавіта для такой катэгорыі самадзейныя артысты падрыхтавалі надзвычай насычаную канцэртную праграму, у якую былі ўключаны музычныя нумары калектываў і салістаў з Роўбіцкага, Мураўскага, Сухопальскага, Ліноўскага, Мокраўскага, Старавольскага і Кляпацкага клубаў.
Іншыя проста назіралі за першымі, займаючы свабодныя месцы за столікамі і смакуючы гарачыя блінцы. Таксама былі арганізаваны забавы і для малых, пачынаючы ад машынак і заканчваючы прыцягальнымі і забаўляльнымі дробязямі. Словам, раўнадушных не назіралася або іх немагчыма было разгледзець сярод лунаючых усмешак.

Кульмінацыяй гуляння стаў слуп з падарункамі на самай верхавіне. Яго вышыня засмуціла многіх удзельнікаў, ды настолькі, што працяглы час ніхто і не адважыўся. Аднак страшэнна было глядзець знізу, а на самай справе… Няма такіх вяршынь, што не адолеюць пружанцы! Што і даказаў гараджанін Раман Гавейна (на здымку ўнізе), які літаральна за некалькі мінут дабраўся да прызоў. А з улікам таго, што Раман — шматдзетны тата, які гадуе чатырох дзяцей, то яму было дазволена зняць два падарункі.


— Гадоў з 20 таму пакарыў такі слуп, таму падумаў: ці здолею зараз жа паўтарыць падобнае? — смяецца пераможца. Як ён сам прызнаецца, пры нармальнай загартоўцы ўсё можна пераадолець. Так і дзяцей сваіх выхоўвае, фізічнаму развіццю малых надае немалую ўвагу. Спадзяёмся, што бацькі пакажуць дзецям і газету, якая пацвердзіць перамогу таты, з якога можна браць прыклад. Тым больш, што ніхто, акрамя яго, не здолеў дасягнуць такога рэкорда, хаця пара спроб і была.
Алег Сідарэнка

Фота Кацярыны Масік