Среда, 19 февраля 2025

А как ведете себя вы при встрече с «неадекватными» водителями?

4 217

Нягледзячы на сур’ёзныя штрафы, на дарозе можна сустрэць аўтамабіль, які рухаецца «зігзагамі». Ці веласіпедыста, які дабіраецца дадому «па прыборах».

Мы спыталі ў вадзіцеляў: як яны паводзяць сябе пры сустрэчы з «неадэкватным» кіроўцам?

Аляксандр:

— Вельмі часта сустракаю падобных удзельнікаў дарожнага руху, прычым пароўну вадзіцеляў аўтатранспарту і веласіпедыстаў.

Вызначыць нецвярозага вельмі проста: ён едзе, не звяртаючы ўвагі на разметку. Можа па восевай рухацца ці зусім выехаць на сустрэчную паласу.

Я імкнуся адразу павялічыць адлегласць да такога «ездака». Разумею, што лепш паведаміць аб падобнай сустрэчы ў інспекцыю ДАІ, але ні разу гэтак не рабіў, бо не прывучаны.

Таццяна:

— Нецвярозых веласіпедыстаў, на шчасце, не даводзілася сустракаць на дарогах раёна. Хаця да катэгорыі  «неадэкватных» я б далучыла і тых, хто сядае на вела-сіпед, не ведаючы Правілаў дарожнага руху. Калі такога бачу, то адразу спыняюся і чакаю, пакуль ён далей не ад’едзе або не зверне.

Дзяніс:

— Лічу, што самыя небяспечныя — п’яныя веласіпедысты. Яны ў такім стане не могуць трымаць раўнавагу і рызыкуюць упасці. Добра, калі яны зваляцца на абочыну. А што будзе, калі трапяць пад колы аўто?

Калі сустракаю такога «ездака», то хочацца выйсці з машыны і так «намяць бакі», каб яны потым адразу балелі, калі зноў вырашыць сесці п’яным на веласіпед.

Іван:

— Па дарогах раёна езджу нячаста, а вось у Расіі такога дабра пабачыў нямала. Прычым там «неадэкватнымі» бываюць і цвярозыя вадзіцелі, якія ліхачаць, падразаюць іншых і гэтак далей. Таму заўсёды ездзіш з асцярожнасцю, каб не трапіць у непрыемную сітуацыю.

Мяркую, што слабавата працуе расійская дарожная інспекцыя, супрацоўнікам якой варта павучыцца ў беларускіх інспектараў, бо дарогі ў нашай краіне больш бяспечныя.

Сяргей:

— Літаральна перад сустрэчай з вамі на скрыжаванні вуліц Савецкай і Леніна нецвярозы веласіпедыст ехаў на чырвонае  святло святлафора. І хаця я меў прыярытэтнае права руху, спыніўся і прапусціў яго. Напэўна, варта было б патэлефанаваць у ДАІ, бо той чалавек нясе небяспеку не толькі сябе, але і навакольным. Але не буду, бо час ужо мінуў…

Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *