Чым слаўныя нашы сельгаставарыствы? Добрымі ўраджаямі, паказальнымі надоямі малака, магутнай тэхнікай, уменнем шанаваць родную зямлю і… працавітымі людзьмі. Адданымі сваёй справе работнікамі не абдзелена і ААТ «Ліноўскае».
Ды куды вока ні кінь у сельскай гаспадарцы, усюды прысутнічае чалавечы фактар. Той жа трактар сам не парамантуецца і не выйдзе ў поле на ворыва, сяўбу і ўборку, а хто будзе хвалявацца аб будучых усходах, бачыць у кожным кволым растку часцінку новага ўраджаю? Гэта добра, што жывёлагадоўля паступова аўтаматызуецца, аблягчаючы нялёгкую працу на фермах і комплексах. Але бяздушная электроніка не заменіць аператараў машыннага даення, якія ведаюць кожную сваю рагулю, са словам добрым да кожнай падапечнай ідуць на працу, бо для іх каровы — не проста жывёла, а любіміцы са сваімі характарамі і нават імёнамі. І даказаны факт, што пяшчота і ласка нават надоі малака могуць падымаць.
Словы, узятыя не з паветра, а на прыкладзе канкрэтных людзей, якія адданай працай заслужылі ў свой адрас цёплых слоў і пажаданняў ад чыстага сэрца жыць доўга і шчасліва.

Як, напрыклад, Алена Лаўрынюк, якая ў чэрвені бягучага года будзе святкаваць 30-гадовы юбілей сваёй працы на МТК «Лінова» ў якасці аператара машыннага даення. І, просім прыняць да ўвагі, дзевяць гадоў назад Алена Мікалаеўна выйшла на пенсію, але як ты пакінеш работу. І справа не ў тым, што баішся, быццам без цябе няправільна каровак падояць, проста не можа жанчына сядзець без справы, натура такая, каб пастаянна ў руху, са сваімі пястухамі. Між іншым, жыхарцы аг. Лінова і дома няма калі асабліва пасядзець, бо чакае сваёй увагі немалая хатняя гаспадарка. Сапраўды, няўрымслівы чалавек, з якога проста здзіўляюцца суседзі: калі ж яна адпачывае ці наогул калі-небудзь знаходзіцца ў стане спакою? Але для Алены Лаўрынюк рух — гэта жыццё, значыць, ёсць яшчэ сілы, каб прыносіць карысць сабе і людзям. Дзякуй, канечне, што ў хатніх справах муж Сяргей Сяргеевіч дапамагае, які ўжо выйшаў на заслужаны адпачынак. А да гэтага таксама працаваў у ААТ «Ліноўскае» трактарыстам, зваршчыкам. Усміхаючыся, Алена Мікалаеўна дадае, што з самага дзяцінства нават на дзень нараджэння не мела спакою, бо 9 верасня прыпадаў якраз на капанне бульбы, не да святкавання было. Дарэчы, пра жыццё сямейнае…
Нарадзілася ў в. Кутнявічы. Бацька Мікалай Мікалаевіч на трактары і маці Соф’я Міхайлаўна даяркай сумленна адпрацавалі ў сельскай гаспадарцы. І, нягледзячы на тое, што на свае вочы бачыла, як цяжка працуецца на зямлі, Алена Лаўрынюк не пабаялася працягнуць справу сваіх бацькоў. Адна з трох сясцёр, старэйшай Ганны і малодшай Кацярыны. Канечне, былі і школьныя гады, спачатку 8-гадовая школа ў Ткачах, затым — Малецкая сярэдняя школа за 5 км. ад дома, куды, бывала, дабіралася на веласіпедзе нават у люты мароз. Пасля на тагачасным Ліноўскім камбінаце бытавога абслугоўвання адвучылася на краўца і нейкі час там працавала. Але гены пальцам не сатрэш — і трыццацігадовы стаж гэтаму пацвярджэнне.
Чым ганарыцца Алена Мікалаеўна? Канечне, сумленна пражытымі гадамі, моцнай сям’ёй, дзе ва ўтульнасці, міры і згодзе вырасла трое дзяцей Наталля, Сяргей і Алёна. І восем унукаў, дзе першаму ўжо 25 гадоў, а самы меншы мае толькі 1,5 годзіка, ці не падстава для таго, каб радавацца кожнаму дню, быць проста шчаслівым чалавекам!? Вельмі ўсцешана, што ўсе васьмёра вельмі прыгожа малююць, як і бабуля ў дзяцінстве: бывала, есці не сядзе, пакуль хоць што-небудзь не намалюе. Простае шчасце людское… Любіць і быць любімым. І таго, і другога ў Алены Лаўрынюк у дастатку.
Па працы і пашана. Ёсць у шаноўнага аператара машыннага даення і ўзнагароды рознага ўзроўню, і гэта для Алены Мікалаеўны — прызнанне адданасці абранай справе. З-за чаго людская павага не мінае жанчыну, у ёй бачаць чалавека стараннага, з адкрытай душой. Яна адказвае тым жа.

Як пачала ў 2001 годзе працаваць аператарам машыннага даення Вольга Арабей на МТФ «Варотнае» ААТ «Ліноўскае», так і шчыруе па сённяшні дзень. Нават і думкі не дапускайце, што жанчына нешта хоча памяняць у жыцці. Працу сваю шчыра любіць, сельгаставарыства таксама задавальняе. Быў момант, калі хацелі Вольгу Міхайлаўну перавесці ў жывёлаводы. Дык нават плакала ад крыўды. Што ты тут будзеш рабіць, калі сапраўды душы не чуе ў сваёй рабоце чалавек! Вось вам і праца ў сельскай гаспадарцы, аказваецца, любяць яе людзі, ганарацца прыналежнасцю да вясковых працаўнікоў.
Відаць, таксама на генным узроўні закладзена любоў да жывёл і ва ўраджэнкі в. Клепачы Вольгі Арабей, бо бацькі працавалі ў жывёлагадоўлі. Тата Міхаіл Міхайлавіч займаўся доглядам каровак, а матуля Галіна Сямёнаўна каля трыццаці гадоў іх даіла. Ды не толькі дачка пайшла па слядах дынастыі. З пяцярых дзяцей два браты Вольгі Міхайлаўны таксама шчыруюць у ААТ «Ліноўскае», Мікалай — жывёлаводам, а Аляксандр — паляводам. Дарагога каштуе і па сённяшні дзень, калі бацькі сваім прыкладам паказваюць, як трэба працаваць, што не месца ўпрыгожвае чалавека. Пры любых абставінах не губляй сумленне — і табе адплаціцца людской павагай.
Так сталася, што Вольга Арабей у свой час сама засталася з пяццю дзеткамі, але рукі не апусціла. Дзякуй вялікі ёй за гэта! Вольга і Віктар ужо выйшлі ў самастойнае жыццё, а Сяргей, Дар’я і Арсеній вучацца ў Ліноўскай сярэдняй школе. Старэйшая дачка парадавала ўнучкай Маргарытай. Маладая жанчына, а ўжо бабуля! І не трэба больш нічога ад жыцця жыхарцы в. Кутнявічы Вользе Міхайлаўне, толькі каб дзеці былі здаровыя, каб шчасціла ва ўсім, каб мелі спакой на душы і жаданне быць карыснымі для людзей.
Для чаго мы прыходзім у гэты свет? Як хто. Кожны вольны выбіраць сваю жыццёвую сцежку, будзе яна прамая ці пакручастая, з бруднымі лужамі і глыбокімі ямінамі. Тым і ганарымся, што беларусы ў большасці сваёй выбіраюць правільны шлях у жыцці, не хаваюць вачэй ад людзей. Калі нехта сумняваецца, запрашаем наведаць ААТ «Ліноўскае».
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік
