Традыцыйная жнівеньская педагагічная нарада — выдатная падстава сустрэцца з «калегамі па цэху», абмяняцца вынаходкамі ў сваёй галіне і падзяліцца напрацоўкамі. А яшчэ пачуць адказы на злабадзённыя пытанні, якія сёння паўстаюць перад нацыянальнай сістэмай адукацыі.
Сёлетнюю канферэнцыю настаўнікаў прымала СШ №1 імя ЧБВА. У фае школы была размешчана маштабная выстава дасягненняў розных педагагічных і выхаваўчых калектываў. Інфармацыя і наглядныя матэрыялы падаваліся ў выглядзе «аўкцыёну ідэй», дзе за набыццё новага вопыту можна было разлічыцца аналагічнай «манетай». Працягам такога абмену напрацоўкамі сталі прадметныя секцыі, дзе ў вузкім коле спецыялісты абмеркавалі вынікі работы і працавалі над вырашэннем актуальных задач для дашкольнай, пачатковай і сярэдняй ступеняў адукацыі.
Абагульненнем стала педагагічная нарада, на якой таксама слова трымалі заслужаныя настаўнікі раёна. Як зазначыла начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама І.А.Казарэз, той грандыёзны вопыт, што быў назапашаны мясцовай сістэмай адукацыі, дае выдатныя вынікі. Напрыклад, у апошняй уступнай кампаніі 63% ад агульнай колькасці пружанскіх выпускнікоў сталі студэнтамі ВНУ. Летась гэты паказчык не дасягнуў да паловы. Ёсць дасягненні ў алімпіядах і творчых конкурсах розных узроўняў. Аднак ёсць і над чым працаваць.
— Асаблівую ўвагу неабходна надаць патрыятычнаму выхаванню моладзі. Гэта задача вызначана Рэспубліканскім педагагічным саветам як лейтматыў будучай работы школы, — зазначыла Ірына Анатольеўна. У дадатак неабходна актывізаваць работу ў накірунку прафесійнай арыентацыі, стварэнне бяспечных умоў для дзяцей, іх гарманічнага фізічнага развіцця. А таксама не забывацца і пра безбар’ернае асяроддзе для вучняў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
База для чарговых прарываў у раёне ёсць, пры гэтым яна штогод абнаўляецца і папаўняецца. Напрыклад, сёлета на гэтыя мэты з раённага бюджэту было выдаткавана амаль 70 тысяч рублёў. Больш за тое, як паведаміў госць канферэнцыі — намеснік старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіч, ініцыявана, пачынаючы з бягучага года, выбіраць Ганаровых грамадзян у тым ліку, сярод прадстаўнікоў педагагічнай грамадскасці.
— Лічу, што галоўная заслуга ў любой праяве жыцця нашага грамадства належыць настаўнікам, — зазначыў Руслан Васільевіч. — Любы прарыў у эканоміцы, спорце, культуры і гэтак далей закладваецца спачатку ў дзіцячым садку, а потым і за школьнай партай.
Таксама намеснік старшыні райвыканкама звярнуў увагу на неабходнасць захавання трыадзінства «школа-сям’я-соцыум», каб усе яго звёны працавалі ўзаемна. І тут таксама павінны праявіць сябе педагогі. З улікам таго, што прафесіяналаў у гэтай сферы на Пружаншчыне хапае.
Гэта яшчэ раз пацвердзіла заключная частка нарады. Падчас яе Ганаровыя граматы і Падзячныя пісьмы райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў, Брэсцкага абласнога ўпраўлення і Пружанскага райаддзела па адукацыі, а таксама ўзнагароды ад райкама прафсаюза работнікаў адукацыі былі ўручаны самым выбітным настаўнікам і выхавальнікам.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік