Пятница, 17 января 2025

Аўтобусная «сям’я» пружанскага аўтапарку папоўнілася!

563

Камфорт і зручнасць — ці не гэта галоўнае, чаго чакае кожны пасажыр ад грамадскага транспарту? Адпавядаць запытам кліентаў імкнуцца ў аўтапарку № 11 г. Пружаны, таму якасці, рамонту, а тым больш абнаўленню тэхнікі тут надаецца вялікая ўвага. Нядаўна ж аўтобусная «сям’я» папоўнілася новенькім МАЗам 206.047 сіняга колеру, які ўжо выехаў на свой першы маршрут.

Яркі, прывабны і стыльны — менавіта так можна апісаць гэты аўтобус. Намеснік дырэктара — галоўны інжынер аўтапарка Аляксандр Бельскі дадае да гэтых характарыстык яшчэ дзве: зручны для пасажыраў і па-сапраўднаму ўнікальны для аўтапарка.

— Асаблівасць гэтай мадэлі ў тым, што яна аснашчана кітайскім рухавіком Weichai і аўтаматычнай каробкай перадач гэтага ж вытворцы. Кітайская таксама і хадавая частка аўтобуса. Сам ён даволі кампактны, што дазволіць выкарыстоўваць яго на самых розных маршрутах. У плюсы варта запісаць тое, што аўтобус нізкапольны, аснашчаны пандусам для інвалідаў. Усталяваны ў ім камеры відэаназірання і кандыцыянер. Аўтобуса, аналагічнага гэтаму навічку, у нашым парку пакуль няма, — расказвае Аляксандр Сямёнавіч.

Дарэчы, агульная колькасць аўтобусаў, якія, адпраўляючыся з пружанскай аўтастанцыі, развозяць пасажыраў у розныя куточкі раёна і за яго межы, у аўтапарку на сёння 29. Што да абнаўлення, то летась атрымалі толькі адзін аўтобус, таму вельмі спадзяюцца, што новенькі МАЗ — далёка не апошняе папаўненне ў парку ў 2023-м.

Сесці за баранку новай тэхнікі, якая абслугоўвае ў асноўным прыгарадныя маршруты, ужо паспелі некалькі вадзіцеляў. Галоўны інжынер аўтапарка ўпэўнены: з цягам часу гэтая магчымасць будзе ў кожнага з амаль 30 спецыялістаў.

Літаральна за некалькі мінут да адпраўлення застаём за рулём Сяргея Скварчэўскага (на здымку). У аўтапарку ён працуе два з паловай гады. Расказвае, што перайшоў сюды з «Кааптранса»: спадабаліся ўмовы работы. І хоць працаваць даводзіцца далёка не «з васьмі да пяці», мяняць працоўнае месца Сяргей не збіраецца. А пра новы аўтобус кажа:

— Працую на самых розных маршрутах і, адпаведна, на розных аўтобусах, таму параўнаць ёсць з чым. Напрыклад, у новым МАЗе зручнае вадзіцельскае крэсла, няма моцнай вібрацыі па ўсім салоне за кошт рухавіка, а значыць, працаваць зручней. Гэта ўжо трэці мой выезд на ім, пакуль усе — на Аранчыцы, абілечваю пасажыраў самастойна. Гэта, як і кіраванне любой тэхнікай, вялікая адказнасць. Яе ж мы нясём і за бяспеку, і жыцці пасажыраў, — зазначае Сяргей, ужо спяшаючыся адпраўляцца ў рэйс.

Развітваючыся з вадзіцелем, жадаем яму і новаму аўтобусу толькі зялёнага святла святлафора, шчаслівых дарог і многа задаволеных і ўдзячных пасажыраў.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік