Аўтаклуб райаддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі працуе ўжо шмат гадоў. Як расказвае яго загадчыца С.С.Карповіч, удзельнікі набылі багаты вопыт арганізацыі разнастайных мерапрыемстваў для жыхароў аддаленых і маланаселеных вёсак. Ёсць чым падзяліцца з калегамі, але варта і самім нечаму павучыцца. Сакрэтамі нестацыянарнага абслугоўвання сельскага насельніцтва дзяліліся на абласным семінары-практыкуме, які правялі на мінулым тыдні на базе нашага раёна.
Па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама К.І.Панімаша, усе ўдзельнікі семінара — загадчыкі аўтаклубаў вобласці — спадзяваліся на такой сустрэчы знайсці не толькі неабходныя адказы на ўзнікаючыя падчас іх работы пытанні, але і новыя падыходы ў культурным сэрвісе. І трэба адзначыць, многае ўдалося зрабіць.
У першай частцы праграмы ўдзельнікі сустрэчы абмеркавалі арганізацыйныя нюансы. Напрыклад, ці варта ў раёнах пашыраць колькасць аўтаклубаў з улікам попыту на іх паслугі сярод вяскоўцаў? Як падкрэсліла загадчыца пружанскага аўтаклуба С.С.Карповіч у сваёй прэзентацыі, на працягу года артысты (а большасць з іх — самадзейныя, якія працуюць не ў сферы культуры), практычна не маюць выхадных. Па суботах і нядзелях яны калясяць па вёсках Пружаншчыны і ўсюды іх сустракаюць «поўныя залы», шчырыя апладысменты ўдзячных гледачоў. Відавочна, што такі культурны сэрвіс запатрабаваны.
Такую ж выснову зрабіла і вядучы метадыст абласнога грамадска-культурнага цэнтра В.М.Курэша падчас правядзення аналізу работы аўтаклубаў Брэстчыны.
Немалаважным момантам работы з’яўляецца прыцягненне фундатарскай дапамогі для ўкаранення новых форм арганізацыі культурнага адпачынку. Абмяркоўвалася, ці могуць аўтаклубы адыгрываць ролю інфармацыйнага носьбіта. Увага надавалася і належнаму афармленню дакументацыі.
ТЭАРЭТЫЧНЫЯ высновы пружанскія артысты пацвярджалі на практыцы. У рамках семінара-практыкума яны наладзілі ў вёсцы Шчарбы свята з нагоды Дня пажылых людзей. У гэтым населеным пункце даўно няма свайго клуба: на сённяшні дзень тут пражывае толькі 16 чалавек, 13 з якіх даўно пераступілі пенсіённы парог. З дапамогай уладальнікаў мясцовай аграсядзібы сям’і Жэдзікаў былі сабраны ўсе жадаючыя паглядзець канцэрт «Свята мудрасці і любові». Гучалі не толькі спевы, але і ўшанаванні сямейных саюзаў вяскоўцаў, самых састарэлых мясцовых жыхароў, тых, хто аддаў шмат гадоў добрасумленнай працы.
Для гасцей-удзельнікаў семінара такая праграма таксама стала адкрыццём, многія занатоўвалі карысны для сябе вопыт. Напрыканцы сустрэчы была выказана прапанова рабіць падобныя практыкумы як мага часцей, сустракацца і ў іншых рэгіёнах вобласці.
Алег СІДАРЭНКА,
Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)