
Як памятаеце, менавіта гэтак хацеў спакусіць савецкага піянера касмічны пірат у фільме «Госця з будучыні». У той час займець падобны аўтамабіль лічылася самай вялікай удачай. Асабліва з больш «свежых» выпускаў, напрыклад, ВАЗ-2106. А звязана гэта было з тым, што тады набыць «шасцёрку» было вельмі складана.
Даведка «РБ»: Насамрэч, на аўтазаводзе ў Тальяці, дзе выпускаліся «Жыгулі» ніхто і не збіраўся выпускаць аўтамабіль з індэксам «6». Была прадумана іншая тэхналагічная лінейка: 2101 — базавая мадэль, 2102 — універсальная, 2103 — люкс. А абнаўленнем гэтага спіса ў будучым павінны былі стаць — «4», «5» і «7» адпаведна. Чамусьці пра «шасцёрку» ўвогуле забыліся.
Нарадзіліся «Жыгулі» ВАЗ-2106 з-за кур’ёзнай сітуацыі. «Люксавую» мадэль ВАЗ-2103 было вырашана запусціць на экспарт, а значыць, узнікла патрэбнасць у некаторых дапрацоўках, да якіх ужо прывыклі замежныя вадзіцелі. У прыватнасці, з’явілася рэгуліроўка падгалоўнікаў, палепшыўся дэкор у салоне з аддзелкай прыборнай панелі пад дрэва, змяніўся дызайн фар, стопаў і паваротнікаў.

Абноўлены варыянт атрымаў індэксацыю «21031», але міністэрскае кіраўніцтва патрабавала не дапрацоўваць ранейшую мадэль, а выпусціць новую. І машынабудаўнікі вырашылі схітрыць, прысвоіўшы дапрацоўцы індэкс «2106». Вось толькі экспартная прыналежнасць гэтага аўтамабіля засталася нязменнай, у выніку чаго здабыць яе на савецкім рынку было вельмі складана.
Аднак некаторым усё-такі шанцавала.
Адным з такіх шчасліўчыкаў у свой час стаў наш зямляк Канстанцін Шэльвах.
— Першую «шасцёрку» я займеў у 1987 годзе з дапамогай таты, які працяглы час стаяў у чарзе на пакупку аўтамабіля ў «Ваенгандлі»,— успамінае Канстанцін Уладзіміравіч. — А ездзілі мы па яе ў сталіцу, у магазін у мікрараёне Уручча, адкуль выехалі ўжо «на сваіх колах».
Праслужыла першая «шасцёрка» свайму ўладальніку амаль чвэрць стагоддзя, але потым жыццёвыя абставіны склаліся так, што машыну давялося прадаць. Як расказвае пружанец, набыла яго таксама жыхарка раёна і гэтым аўто жанчына карыстаецца па сённяшні дзень.

Праз пару гадоў зноў спатрэбіўся транспарт для асабістых мэт і Канстанцін Уладзіміравіч вырашыў купіць… «шасцёрку».
— Нават і цяпер гэты аўтамабіль па праву лічыцца бюджэтным варыянтам, але зусім не з-за нізкага кошту машыны, таму што за такія грошы можна знайсці і іншамарку. Справа ў рэгулярнасці і складанасці тэхнічнага абслугоўвання. Праз кожныя 10 тысяч км прабегу мяняецца фільтр масла, падчас паломкі знайсці запчастку (часцей былую ў спажыванні) вельмі проста, больш таго многае я, як механік, магу і сам вырабіць. Адзіны недахоп — значнае спажыванне паліва. Раней, калі быў бензін А-80, гэта ўвогуле не з’яўлялася актуальным. Хаця і зараз можна купляць самы танны бензін.

Вось толькі ў цяперашні час адшукаць «шасцёрку» на аўтамабільным рынку не так лёгка. Сваю машыну Шэльвах знайшоў з дапамогай брата, які даўно жыве ў Піцеры. Менавіта там з’явілася аб’ява аб продажы ВАЗ-2106, які, нягледзячы на ўзрост, меў прабег усяго каля 30 тысяч км. Пружанец адразу выехаў у «паўночную Пальміру», адкуль вярнуўся на сваёй чарговай «шасцёрцы». Дарэчы, усю дарогу аўтамабіль прайшоў бездакорна.
За мінулыя 10 гадоў Канстанцін Уладзіміравіч на сваёй «шасцёрцы» распачаў другую сотню тысяч кіламетраў. І ніколі не здаралася такіх сур’ёзных праблем, каб прастой зацягваўся на тыдзень і больш. Калі і патрэбны быў рамонт, то ўсё выпраўлялася хутка. І вельмі проста.
— Аднойчы ў якасці пасажыра ехаў на «Фольксвагене» і ў дарозе заміргаў датчык. Прычыну паломкі высветлілі толькі на СТА з дапамогай камп’ютара. Аказалася, што са строю выйшаў… менавіта датчык. Сама дыягностыка, кошт устройства і ўстаноўка абышліся амаль у 100 рублёў. За гэтыя грошы я без праблем з’езджу ў Брэст на сваім ВАЗ-2106 і вярнуся.
Больш таго, сваю «шасцёрку» Канстанцін Шэльвах эксплуатуе інтэнсіўна, нават мяшкі з бульбай у ёй перавозіў, забіваючы салон пад самы верх. Без усялякіх праблем, з-за чаго і зараз перакананы, што лепшага аўтамабіля немагчыма адшукаць. Як у тым савецкім анекдоце:
— Напэўна, ваш «Ферары» не такі добры аўтамабіль, бо яго купляюць не так часта, як «Жыгулі».
Алег СІДАРЭНКА. Фота Кацярыны МАСІК