Четверг, 16 января 2025

Даведаліся, што зроблена для бяспекі дарожнага руху ў 2021-м і якія планы на гэты год

959

Напрыканцы мінулага года адбылося традыцыйнае выніковае пасяджэнне раённай камісіі па бяспецы дарожнага руху, якую ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Гук. Пры параўнанні планаў на 2021 год і выкананага Сяргей Міхайлавіч зазначыў, што ўдалося зрабіць практычна ўсё задуманае. А па некаторых пазіцыях і звыш таго.

— Напрыклад, пакуль некаторыя гараджане не ўсвядомілі карысць ад уладкаванага кальцаразвязкі на скрыжаванні вуліц Леніна і 8 Сакавіка (фота ўверсе), — падкрэсліў старшыня камісіі. — Здаецца, з аднаго боку на тым участку зараз не назіраецца такі насычаны аўтамабільны паток, які неабходна размежаваць. Аднак у бліжэйшай перспектыве, пасля ўзвядзення ўсіх запланаваных шматпавярховых дамоў новага мікрараёна і з’яўлення прыватнай забудовы побач, колькасць аўтамабіляў, якія будуць праязджаць па тым участку, істотна павялічыцца.

Таму раённыя ўлады вырашылі пытанне, як кажуць, «навыраст», рупліва выкарыстоўваючы выдзеленыя абласныя сродкі на будаўніцтва інжынерных сетак шматпавярховага квартала. І ў будучым гэта дазволіць пазбегнуць магчымага транспартнага калапсу і знізіць аварыйную пагрозу.

Падобнае рашэнне актуальна яшчэ і тым, што за апошнія гады назіраюцца негатыўныя змены ў якасці падрыхтоўкі вадзіцеляў, а таксама ў культуры паводзін іншых удзельнікаў руху. Пра гэта сведчыць пагаршэнне сітуацыі з бяспекай дарожнага руху. Летась адзначана павелічэнне колькасці дарожна-транспартных здарэнняў (+2), колькасці загінулых (+4), а таксама «п’яных» аварый (+1). Ва ўсіх выпадках вінаваты чалавечы фактар — «заснуў за рулём», «ляжаў на дарозе» і г.д.

У дакладах кіраўнікоў дарожных арганізацый, камунальнай службы і работнікаў Дзяржаўтаінспекцыі адзначаецца, што ўсе запланаваныя мерапрыемствы, накіраваныя на падтрыманне бяспекі дарожнага руху, выкананы. Хаця ёсць некаторыя пытанні, асабліва гатоўнасці да работы ў зімовых умовах. Як паказалі снежныя выпрабаванні напачатку 2021 года, не ўсе могуць аператыўна справіцца з моцнымі завеямі. Напрыклад, ДРБУ-140 не мае цяжкай тэхнікі для расчысткі складаных сумётаў. Па гэтай прычыне расчыстка дарог вядзецца часткамі, марнуецца шмат часу, што выклікае парушэнні ў графіку руху грамадскага транспарту, аўталавак і г.д. Як зазначыў намеснік старшыні райвыканкама, гэтае пытанне неабходна неадкладна вырашаць, каб падрыхтавацца да магчымых праблем належным чынам.

Камунальнай службе было дадзена даручэнне прадумаць механізацыю працэсу пасыпкі гарадскіх вуліц падчас галалёдзіцы. Справа ў тым, што штат дворнікаў не дазваляе аператыўна забяспечваць бяспеку руху па коўзкіх тратуарах, неабходна выкарыстоўваць тэхніку.

Яшчэ адну праблему агучылі інспектары ДАІ. Гэта ўстаноўка святлодыёднага асвятлення каля ўваходаў на школьную тэрыторыю. У сельскай мясцовасці шэраг устаноў не выканалі даручэнне. Членамі камісіі было прынята рашэнне пракантраляваць працэс. Работы павінны быць выкананы напачатку бягучага года.

Што было выканана?


Большасць змен у дарожнай сетцы і наяўнасць зручнасцей для пешаходаў гараджане і госці Пружан бачылі самі. Сярод іх, напрыклад, варта назваць уладкаванне тратуараў каля магазіна «Гарачы хлеб», разметку на Кобрынскай, стаянку на вул.Свабоды, «кішэні»для высадкі пасажыраў на Р. Шырмы і іншыя.

Хаця зноў трэба адзначыць нізкую культуру паводзін удзельнікаў дарожнага руху. Гэта відавочна па тым беспарадку, што зараз рэгулярна назіраецца на стаянцы па вул.Вашкевіча. Зразумела, што ўсім хочацца пад’ехаць максімальна блізка да ўваходу на тэрыторыю бальніцы. Але ж трэба разумець, што ў шчыльнай гарадской забудове ёсць нямала аб’ектыўных перашкод для гэтага. Вось толькі на іх мала хто звяртае ўвагу. Напрыклад, стаянка зроблена такім чынам, каб паркавацца можна было паралельна праезнай частцы. А вадзіцелі пакідаюць аўто перпендыкулярна, перагароджваючы машынамі дарогу, якая і без гэтага нешырокая. Пешаходы ідуць праз праезную частку там, дзе ім зручна, а не там, дзе бяспечна. Больш за тое, некаторыя ігнаруюць забарону паркоўкі на ўездзе ў двор па вул.Вашкевіча, чым ствараюць нязручнасці жыхарам навакольных дамоў. Гэту сітуацыю сёлета будуць вырашаць адпаведныя службы, першым крокам павінна стаць укладка перашкод ля пафарбаванага жоўтым колерам бардзюра.

Падобныя сітуацыі можна назіраць і на іншых вуліцах. Да прыкладу, на стаянцы па вул.Чырвонаармейскай (фота ўверсе), дзе бацькі спыняюцца для высадкі дзяцей у садок №3. Многія паркуюцца так, што сцвярджаць пра веданне вадзіцелямі ПДР наогул складана. Яшчэ больш засмучае «карцінка», якую можна назіраць на часовых стаянках для высадкі вучняў гімназіі, якія аблюбавалі… таксісты. Але спыняцца там можна толькі для высадкі-пасадкі пасажыраў, больш працяглы прыпынак пагражае штрафам. Таму дарожных інспектараў запрасілі ўзмацніць кантроль за вышэйзгаданымі ўчасткамі.

Планы на 2022 год


Пры складанні спіса мерапрыемстваў, якія будуць выкананы сёлета, члены камісіі кіраваліся не толькі неабходнасцю стварэння бяспечных умоў дарожнага руху, але і зваротамі грамадзян. Як толькі стане спрыяльным надвор’е, на дарогах раёна пачнуцца адпаведныя работы. Гэта, напрыклад, заўважаць жыхары аг.Лінова, дзе каля дзіцячага садка мяркуецца добраўпарадкаваць месца для высадкі дзяцей. А таксама жыхары аг.Шані, якія звярнуліся з просьбай абмежаваць хуткасць руху транспарту па вул.Садовай. Слушнай палічылі прапанову ўкладкі штучнай няроўнасці пры выездзе з гэтай вуліцы на трасу Р-85, а таксама ўстаноўкі дарожных знакаў абмежавання хуткасці—«40». Але не па ўсіх зваротах рашэнні былі станоўчымі. Напрыклад, складанай застаецца сітуацыя з паркоўкамі ў дварах шматпавярховай забудовы, асабліва там, дзе дамы ўзводзіліся ў мінулым стагоддзі. Нярэдка жыльцы ўступаюць у канфліктныя сітуацыі з вадзіцелямі. Гэта стала прычынай звароту жыхароў дома па адрасе вул.Кастрычніцкая, 54, якія прапануюць дазволіць стаянку толькі мясцовым вадзіцелям. У заканадаўстве няма падобных прэцэдэнтаў, пытанне неабходна вырашаць іншым чынам. Як і на ўчастку каля магазіна, дзіцячага садка ў раёне ПМС. Па ім раней рухалася нямала аўтамабіляў, дзякуючы больш кароткаму маршруту, што стварала пагрозу пешаходам, асабліва дзецям, якія ішлі ў садок. Там былі ўстаноўлены тумбы, якія нярэдка вадзіцелі перасоўваюць, вызваляючы дарогу. Увогуле некаторыя звяртаюцца з просьбай прыбраць абмежаванні. Аднак работнікам камунальных службаў дадзена даручэнне: прыняць меры па замацаванні перашкод.

На шэрагу гарадскіх вуліц з’явяцца дадатковыя меры перасцярогі. Летась сур’ёзная аварыя адбылася на скрыжаванні вуліц Г.-Каляды і Прамысловай, у выніку якой пацярпеў… дом. Там будзе ўладкаваны «адбойнік» і ўстаноўлены знак «Т-падобнае скрыжаванне». Такім жа чынам будзе ўхілена небяспека на скрыжаванні вул. Ракасоўскага і Будаўнічай, дзе з кароткім прамежкам часу адбыліся тры аварыі. Вадзіцелі будуць абавязаны адпаведна рэагаваць на знакі «Стоп» і «Саступі дарогу».

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік