
Па краіне распачала сваё шэсце традыцыйная акцыя «Наш жывёлавод», якой далі жыццё рэспубліканскі камітэт прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і якая будзе працягвацца ў Брэсцкай вобласці да канца сакавіка бягучага года.
Яе галоўная мэта — павышэнне прэстыжу працы ў аграрным сектары, дзе жывёлагадоўля мае самае што ні на ёсць важнае значэнне, у тым ліку і для харчовай бяспекі нашай незалежнай краіны, росту экспартнага патэнцыялу. А ўсім вядома, што наша Брэстчына ў дадзенай галіне не першы год пацвярджае лідзіруючыя пазіцыі, а гэта, у першую чаргу, заслуга людзей, якія ўносяць велізарны асабісты ўклад у агульны рэзультат.
Дык чаму ж тады Пружаншчына не павінна прыняць удзел у такой прыемнай місіі — ушанаванні шчырых і сумленных працаўнікоў малочнатаварных комплексаў і фермаў?! А наш жа раён з года ў год уносіць значны ўклад у папаўненне малочных рэк краіны ў цэлым. Ды ніхто і не думаў пакідаць без увагі тых людзей, якія, можна сказаць, жывуць на працы, стараюцца рабіць усё толькі якасна, з душой і ласкай. Таму ў чарговы раз наперад!
На мінулым тыдні, у пятніцу, акцыя стартавала ў ААТ «Ружаны-Агра», куды разам са старшынёй раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Вольгай Зубковай з задавальненнем накіраваліся і карэспандэнты «раёнкі», бо заўсёды прыемна паціснуць мазолістую руку вясковага працаўніка і ўвачавідкі пабачыць сапраўднага сціплага беларуса, які і з’яўляецца неацэннай каштоўнасцю суверэннай нашай Радзімы.
Пастараліся, моцна пастараліся, па словах спецыяліста па ідэалагічнай рабоце Наталлі Юрэні, на МТК «Бярэзніца». Кармленне кароў арганізавана належным чынам, усё робіцца па тэхналогіі, адным словам, рагулі тут — не проста сродак прыбытку, а жывыя істоты, якія любяць ласку і цёплае слова. Адсюль і плюсы ў надоях малака. Дадамо, што і на тэрыторыі, і ў вытворчых памяшканнях чысціня, як быццам знаходзішся на ўзорным малочнатаварным комплексе. За гэта дзякавала працаўнікам Вольга Васільеўна, жадала моцнага здароўя, каб на працу як на свята, з усмешкай, хаця, вядома, не заўсёды пры такім рытме работы хочацца весяліцца. Але што парадзіш, калі абралі для сябе такі працоўны шлях, цяжкі, але пачэсны, які не кожнаму пад сілу. Памятныя падарункі ўручаны дванаццаці жывёлаводам, каб помнілі, што ў сінявокай краіне ніхто і нішто не забыты.
І такая акцыя ў любым выпадку павінна мець працяг. Як расказала старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі сельгаставарыства Таццяна Аўдзейчык, людзям вельмі прыемна, што пра іх помняць, ушаноўваюць іх працу. Калі, напрыклад, на вышэйназваным МТК даведаліся, што прыедуць госці, было многа хвалявання і радасці: вось і мы заслужылі павагі, значыць, нездарма стараліся, укладвалі немалыя сілы ў справу развіцця жывёлагадоўлі як гаспадаркі, так і краіны ў цэлым.
У гэтым жыцці нічога проста так не даецца. Усюды трэба працаваць, прыкладаць намаганні, каб займець павагу навакольных. Пружаншчыне ў гэтым плане пашанцавала: тут шчыруюць людзі, якія ведаюць цану кожнай рабочай мінуце, стараюцца ўсё выконваць толькі на выдатна. Пацвярджэннем гэтаму можа служыць тая ж сельская гаспадарка. Няхай жа ва ўсім вам шчасціць, дарагія сельскія працаўнікі!
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік