Сёлета Беларуская праваслаўная царква адзначае 1030-годдзе прыходу праваслаўя на нашу зямлю. У азнаменаванне гэтай падзеі вернікі і атрымалі магчымасць дакрануцца да вялікіх праваслаўных святыняў — Жыровіцкай іконы Божай Маці і Гадэнаўскага крыжа.
Спачатку іх сустракалі ў раённым аддзеле ўнутраных спраў. Для правядзення ўрачыстасці на пляцу выстраіўся ўвесь асабовы састаў міліцыі. Намеснік начальніка райаддзела ўнутраных спраў Юрый Неміровіч патлумачыў, што паміж Беларускай праваслаўнай царквой і Міністэрствам унутраных спраў нашай краіны заўсёды існавалі цесныя сувязі. Абодва ведамствы падтрымліваюць адно аднаго, яны рознымі метадамі, але з адзінай мэтай вядуць нялёгкую барацьбу з людскімі заганамі.
Яшчэ 26 жніўня Гадэнаўскі крыж быў дастаўлены ўдзельнікамі расійскага аўтамабільнага хрэснага хода «Святая Русь» у Мінскі Свята-Духаў кафедральны сабор, куды з хрэсным ходам была дастаўлена і Жыровіцкая ікона Божай Маці. А з верасня абедзве духоўныя рэліквіі здзяйсняюць своеасаблівае сумеснае паломніцтва па абласных і прымежных раённых цэнтрах Беларусі. Пружаны сталі першым горадам Брэсцкай епархіі, куды яны прыбылі з Гродзеншчыны.
Але, як аказалася, шлях у Беларусь шануемай святыні Яраслаўскага краю быў нашмат больш складаным. Намеснік кіраўніка хрэснага ходу Сергій Суслаў расказаў, што вандроўка пачалася яшчэ ў 2017 годзе з пачатковай і канчатковай кропкай ва Уладзівастоку. Цудатворны крыж пабываў ва ўсіх гарадах-мільённіках Расіі, шэрагу іншых краін (у прыватнасці, ва Украіне, дзяржавах Балтыі). І ўсюды вернікі з замілаваннем сустракалі святыню, маліліся каля яе за мір і спакой на зямлі. Некалькі гадоў працягваўся хрэсны ход, а цяпер, калі гарачыя кропкі падыходзяць усё бліжэй да межаў спрадвечна праваслаўных земляў, «Святая Русь» зноў адправілася ў шлях. На гэты раз ён праходзіць і праз Беларусь. Хрэсны ход мяркуецца завяршыць у 2023 годзе, калі старажытны крыж адзначыць сваё 600-годдзе.
Малебен адслужыў протаіерэй Ігар Мрыхін, а Сергій Суслаў падарыў райаддзелу міліцыі ікону Казанскай Божай Маці.
Наступнай пасля РАУС кропкай прыпынку святынь стаў Свята-Аляксандра-Неўскі сабор, дзе пакланіцца ім змаглі ўсе жадаючыя. А адсюль ужо вечарам яны рушылі на Камянеччыну, у г. Высокае, адтуль — у Брэст, дзе будуць ажно да вечара панядзелка. Увогуле на тэрыторыі нашай вобласці святыні будуць знаходзіцца да 6 кастрычніка, а пасля іх сустрэнуць у Тураўскай епархіі.
Жыровіцкая ікона Божай Маці пружанскім вернікам добра знаёма: не памылюся, калі скажу, што кожны хоць аднойчы пабываў у Жыровіцкім Свята-Успенскім манастыры, каб наблізіцца да святыні, наталіцца каля яе Божай ласкай і літасцю. Нагадаю, што яна была знойдзена хлопчыкамі-пастухамі ў 1470 годзе. На гэтым месцы быў пабудаваны храм, а ўжо вакол яго ўтварылася і само паселішча. Цудатворную ікону, каранаваную ў 1730 годзе, ушаноўваюць не толькі праваслаўныя, але і католікі, і ўніяты. Паломніцтвы да абраза не перарываліся нават у часы антырэлігійных ганенняў, а цуды апісаны ў шматлікіх кнігах.
Дзіўна, але гісторыя старажытнага крыжа з Расіі ў многім пераклікаецца з гісторыяй беларускай іконы.
Паданне сведчыць, што ў 1423 годзе пастухі, якія пасвілі жывёлу на глухім балоце непадалёк ад Растова Вялікага, убачылі цудоўнае ззянне. Са слупа святла з‘явілася Распяцце, а побач выява свяціцеля Мікалая Цудатворца. Голас нябесны загадаў пабудаваць для святыні храм. Так і вырашана было зрабіць. Але будаўнікі засумняваліся: ці не выбраць іншае месца, і пачалі ўзводзіць падмурак убаку ад балота, на сухім месцы. Нараніцу ж ён аказаўся перанесеным на месца цудоўнага з‘яўлення крыжа, а пасярод балоцістай нізіны з‘явіўся ўзгорак. Тут храм і быў дабудаваны. Ён стаў месцам пакланення і прымаў шматлікіх паломнікаў многія стагоддзі. Пасля рэвалюцыі, як і многія іншыя, быў зачынены, але святыню выратавалі ад знішчэння, схавалі ў прыходскай царкве сяла Гадэнава Яраслаўскай вобласці. Адсюль, дарэчы, і з‘явілася сённяшняя назва крыжа, які ў старажытныя часы называлі Ісусавым.
У 1997 годзе царква стала падворкам жаночага Пераслаў-Залескага Мікольскага манастыра. Зноў людзі пацягнуліся да святыні, якая была адрэстаўравана. Між іншым, пружанскія вернікі таксама здзяйснялі да яго паломніцтвы. Аповеды пра шматлікія цуды, вылячэнне ад хвароб запісваюцца ў спецыяльную кнігу. Гадэнаўскі крыж зараз ушаноўваюць нароўні з Матронай Маскоўскай і Серафімам Сароўскім. Копіі цудатворнага Распяцця ўстанаўліваюцца ў розных рэгіёнах, а адна ў 2015-2016 гадах нават злятала ў космас, знаходзілася на борце МКС. На Пружаншчыне ж пабывала копія з г. Уфа.
У цяперашнім хрэсным ходзе па Беларусі дзве святыні аб‘ядналіся. Не дзеля таго, каб памножыць сваю славу, а як сімвал кансалідацыі нашых народаў, нашай веры, нашай духоўнай моцы.
Ірына СЯДОВА. Фота аўтара.