Вторник, 21 января 2025

Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларускай ССР, Ганаровы грамадзянін Пружанскага раёна Яўген Кудзінаў: «Толькі разам мы — сапраўдная сіла»

422

Яўген Іванавіч Кудзінаў, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларускай ССР, Ганаровы грамадзянін Пружанскага раёна:

— Я з «усходнікаў», з Магілёўшчыны. І ўлічваючы, што на момант падзеі 17 верасня 1939 года мне ішоў толькі 10-ы год, перадаць магу толькі першыя ўражанні дарослых людзей, якія былі тады побач. Бацькі, настаўнікі, знаёмыя — усе ўспрынялі далучэнне Заходняй Беларусі, як эпахальную падзею. Гэта было свята і для дзяржавы, і для асобна ўзятага чалавека. Радасць была неапісальная. «Нарэшце нашы браты вярнуліся!» — са слязамі на вачах паведамілі нам настаўнікі. У тыя дні, памятаю, у сілу значнасці падзеі былі адменены заняткі, паўсюдна праходзілі ўрачыстыя мітынгі.

Вядома, з часам стала відавочным, што аб’яднанне беларускіх зямель, як і любы гістарычны працэс, было спалучана з шэрагам цяжкасцей. Не ўсё праходзіла гладка, не ўсім было добра, але, паверце, і не так дрэнна, як часам любяць казаць апаненты і крытыкі «вераснёўскага» паходу Чырвонай арміі.

Беларуская зямля, што на захадзе, што на ўсходзе, пакрыху развівалася. Паўсюдна людзі вельмі цяжка працавалі. Хоць на нашай Магілёўшчыне да таго часу ўжо поўным ходам ішла калектывізацыя, тэхнікі не было практычна ніякай, больш за 80% сельскагаспадарчых работ праводзілася ўручную. Жыта прыбіралі жаткай, потым уручную малацілі і збожжа атрымлівалі ў выглядзе зарплаты за палачкі-працадні. Падобная сітуацыя была і тут, на захадзе.

У 1948 годзе, пасля заканчэння Магілёўскага педагагічнага вучылішча, у мяне з’явілася магчымасць на свае вочы ацаніць «Заходні край». Я быў накіраваны працаваць у Шарашоўскі раён Брэсцкай вобласці. Калгасы тут толькі пачыналі стварацца. Станаўленне калектыўнай гаспадаркі ішло павольна, людзі асцярожнічалі. Першымі, што зразумела, уступалі ў калгас самыя бедныя сялянскія сем’і, потым за імі пацягнуліся і тыя, хто быў заможней. Што цікава, пры выхадзе на калгасную працу кожны селянін стараўся ўзяць з калгаснай канюшні менавіта свайго каня. Жывёла слухалася гаспадара, а той плаціў ёй добрым стаўленнем. Жанчыны і дзеці дапамагалі абворваць бульбу, баранавалі, жалі, граблі сена. Машына-палутарка была за шчасце. Працавалі цяжка, але жыццё наладжвалася…

Яшчэ доўгі час у калгасах не было сваёй тэхнікі, яны абслугоўваліся так званымі машынна-трактарнымі станцыямі (МТС), з якімі былі наладжаны бартарныя адносіны: МТС давала машыны, а калгас ёй — грошы, прадукты, збожжа і г.д…

Людзі тут хацелі і ўмелі працаваць. Працаўнікі, адным словам. Праўда, што яшчэ мяне вельмі здзівіла, дык гэта адсутнасць у «заходнікаў» такога паняцця, як лазня, дакладней, яно было, але пад лазняй мелася на ўвазе некалькі іншая, чым на ўсходзе, з’ява. Памятаю, як гаспадыня, у якой я першы час жыў, сказала, што ў суботу ў нас будзе лазня. «А дзе яна?» — пытаюся ў жанчыны, азіраючыся па баках. «Ды вось», — адказвае і паказвае на вялікія драўляныя ночвы і два вядры з гарачай і халоднай вадой… Ужо пазней, калі быў старшынёй калгаса, мы пабудавалі ў сваёй гаспадарцы сапраўдную лазню з парылкай …

У цэлым, па сваім вопыце скажу, што стаўленне мясцовых да нас, «усходнікаў», было вельмі добрым. Можа, адбіваўся той факт, што я быў настаўнікам, да людзей з такой прафесіяй паўсюль ставіліся з вялікай павагай. Не ведаю, але ў той жа Хвалаўскай школе мяне добра прыняў калектыў, дзе большасці настаўнікаў было далёка за 50 гадоў, усе яны прайшлі польскую школу і педвучылішча, але мелі зносіны са мной на роўных. Ва ўсім дапамагалі.
Пабыўшы два гады ў Хвалаве, я пайшоў у войска. Але праз тры гады па просьбе мясцовага раённага аддзела адукацыі, вярнуўся на Пружаншчыну, якая з таго часу і стала для мяне другой радзімай.

Неўзабаве я ўступіў у партыю і стаў сакратаром партыйнай арганізацыі калгаса «Рассвет». Быў нават запрошаны на працу ў Брэсцкі абкам партыі, дзе пашчасціла сустрэць вельмі добрых людзей — граматных і прыстойных грамадскіх лідараў, для якіх інтарэсы людзей былі вышэй за ўласныя.

Але ў Брэсце я не затрымаўся: мяне клікалі «калгасныя» справы… 36 гадоў свайго жыцця я аддаў калгасу «Рассвет». Як кіраўнік стараўся своечасова заахвоціць працаўнікоў гаспадаркі і любым спосабам палепшыць іх дабрабыт. Мы аднымі з першых наладзілі высокарэнтабельную вытворчасць і пачалі выплачваць штомесячную заработную плату. Прыбытак укладвалі ў новую тэхніку, будаўніцтва жылля і стварэнне спрыяльных сацыяльных умоў для жыцця вяскоўцаў. Дом культуры, прафілакторый са сваім стаматалагічным кабінетам, кафэ-рэстаран, басейн — усё працавала на карысць калгасніка.

Мы імкнуліся заахвочваць людзей дарагімі пуцёўкамі на адпачынак і ў санаторыі, пазачарговым правам на куплю дэфіцытнага тавару. Той факт, што першы асабісты аўтамабіль у радавога працаўніка ў раёне з’явіўся менавіта ў нашым калгасе, пагадзіцеся, кажа пра многае. Адмысловымі стыпендыямі мы падтрымлівалі адораных дзяцей і моладзь. Можа, таму пасля вучобы яны прыходзілі да нас працаваць — і кадравае пытанне ніколі не стаяла ў нас так востра, як у іншых. Людзі працавалі ў нас з душой, таму што адчувалі сябе людзьмі, а гэта галоўнае.

Акрамя таго, мы стараліся падтрымліваць добрыя працоўныя адносіны і з заходнімі суседзямі. Да нас па абмене вопытам не раз прыязджалі балгары, немцы, палякі, якія захапляліся шырынёй і дастатковай дагледжанасцю нашых палёў. Ужо тады мы стараліся выкарыстаць з карысцю кожны гектар. Не заўсёды, праўда, атрымлівалася своечасова ліквідаваць хібы, але калгаснікі стараліся. Невыпадкова наша гаспадарка і работнікі паасобку неаднаразова адзначаліся медалямі на Усесаюзнай выставе дасягненняў народнай гаспадаркі.

Я пакінуў калгас толькі ў 2001 годзе, сышоў па стане здароўя. Але засталося мноства маіх вучняў, дванаццаць з якіх сталі ўзорнымі кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў.

Усе гэтыя гады сачу за развіццём ААТ «Агра-Калядзічы», як, уласна кажучы, і ўсяго Пружанскага раёна ў цэлым. Радуюся поспехам і дасягненням і перажываю, калі ў людзей, якія сталі для мяне роднымі, здараюцца цяжкасці. А каб перамагчы іх, трэба быць згуртаванымі: у сям’і, калектыве, краіне. Толькі разам мы – сіла!