Среда, 10 декабря 2025

Вярнуліся ў той дзень, калі з’ядналі сэрцы… Юбіляраў сямейнага жыцця ўшанавалі ў ЗАГСе

1 246

З нагоды Міжнароднага дня сям’і ў аддзеле ЗАГС Пружанскага райвыканкама адбылася значная падзея. Не адна, а дзесяць сямейных пар завіталі сюды, каб пад гукі славутага вясельнага марша Мендэльсона і апладысменты прысутных паставіць свае подпісы ў кнізе юбіляраў — «ружовых», «шкляных», «сярэбраных», «жамчужных», «залатых»… І вярнуцца ў сваіх думках у той дзень, калі зрабілі першы крок у сямейнае жыццё…

Свае шчырыя віншаванні, прыгожыя пажаданні, памятныя і музычныя падарункі адрасавалі віноўнікам урачыстасці загадчыца аддзела ЗАГС Наталля Цібароўская, вядучыя і артысты гарадскога Палаца культуры.

Паміж афіцыйнымі выхадамі пар і выступленнямі артыстаў «маладыя» пад гукі вальса кружыліся ў зале, згадваючы свой першы вясельны танец. Няхай на «нявестах» і «жаніхах» і не было белых сукенак і вясельных касцюмаў, затое на безыменных пальцах ззялі заручальныя пярсцёнкі, якія берагуць усё жыццё. А вочы струменілі асаблівае цяпло…

Ці не самым яркім момантам праграмы былі мінуты, калі юбіляры дзяліліся – з гумарам і сур’ёзна — уласнымі сакрэтамі сямейнага шчасця. А мы перададзім іх вам, чытачы. Раптам каму спатрэбіцца!

Вясельны вальс, на першым плане — Юлія і Андрэй Кавалевічы.

Самыя маладыя, «паркалёвыя» юбіляры — Андрэй і Юлія Кавалевічы – адзначылі 20 лютага адзін год сямейнага жыцця. І як прызналіся, сям’я – гэта класна! Галоўнае – паважаць адзін аднаго і старацца саступаць, каб ніколі каханым не было «цесна» побач.

Вікторыя і Дзяніс Вітт.

Дзяніс і Вікторыя Вітт хутка адзначаць сваё «драўлянае вяселле». Як аказалася, за пяць гадоў сумеснага жыцця прыгожых эпітэтаў, якімі яны адорваюць свае «палавінкі» штодня, толькі пабольшала. І так, спадзяюцца, будзе і далей, разам пераадолеюць усе перашкоды…

Віншаванні прымаюць Вольга і Аляксандр Раманчанкі.

22 ліпеня свой «алавянны», 10-гадовы, юбілей будуць адзначаць Аляксандр і Вольга Раманчанкі. На пытанні вядучай: «Хто першы прызнаўся ў каханні? І хто першым ідзе на прымірэнне?» — адказваюць проста: «Мужчына». Аляксандр сустрэў Вольгу на танцах і адразу зразумеў, што гэта лёс, таму і праявіў рашучасць. А рашэнне памірыцца пасля спрэчак (у кожнай сям‘і такія моманты часам здараюцца) муж і жонка прымаюць амаль адначасова, паколькі не любяць, калі ў сям’ю прыходзіць сум, а за ім і роспач.

Алег і Наталля Дабрадзей.

Не менш рамантычна пра свае адносіны расказвалі Віталій і Святлана Гадуйкі і Алег і Наталля Дабрадзей, якія разам ужо дваццаць і дваццаць пяць гадоў адпаведна. Чыстыя пачуцці, паразуменне і эмацыянальная блізкасць вядуць іх па жыцці. У іх – агульныя мэты і каштоўнасці, а хатняя атмасфера не церпіць крыўды і зайздрасці, паколькі палацы кахання пабудаваны на моцным падмурку даверу і гатоўнасці прабачаць.

Таццяна і Сяргей Бабрукі.

Падобныя якасці шануюцца і ў «жамчужнай» сям’і Сяргея і Таццяны Бабрукоў. Трыццаць гадоў разам яны ідуць па жыцці, разам радаваліся нараджэнню дзяцей, разам іх гадавалі, разам пераадольвалі праблемы, без якіх ніхто не абыходзіцца, і сёння гатовы падказаць маладым, што без цярпення, вытрымкі, прыстойнасці і павагі нават самаму моцнаму каханню выжыць у гэтым свеце вельмі складана.

Ігар і Галіна Мрыхіны.

Усяго – і радаснага, і сумнага – было і ў 35-гадовым сумесным жыцці айца Ігара і Галіны Мрыхіных. Аднак усе цяжкасці «каралавыя» юбіляры пераадолелі разам. Таму што Галіна Сцяпанаўна вельмі разумная жанчына, а Ігар Андрэевіч – адказны і мэтанакіраваны чалавек з рэдкім пачуццём гумару. У апошнім падчас імпрэзы паспелі пераканацца ўсе прысутныя. Сапраўды, як адзначылі вядучыя, з усмешкай жыць лягчэй.

Міхаіл і Яўгенія Васілюкі.

Па падобным прынцыпе жывуць разам і Міхаіл і Яўгенія Васілюкі, якія сорак гадоў таму сказалі адзін аднаму «кахаю» і паабяцалі жыць душа ў душу, заўсёды і ва ўсім дапамагаць, дзяліць пароўну ўсё, што наканаваў лёс, верыць кожнаму слову і давяраць. Згадзіцеся, вельмі дакладны і просты рэцэпт шчаслівага жыцця, застаецца толькі яго строга прытрымлівацца.

Алена і Сяргей Мардані.

Сорак пяць гадоў разам Сяргей і Алена Мардані. «Калі не лічыць маіх шматлікіх камандзіровак, паколькі я былы вайсковец, — кажа Сяргей Уладзіміравіч. — Бытавыя пытанні і клопат пра дзяцей ляглі ў свой час на далікатныя плечы жонкі. Яна вытрымала, і ўсё астатняе жыццё я буду ёй удзячны — за дабро, за цярпенне, за шырыню душы і ўменне дараваць». «У сямейным жыцці ёсць не толькі «салодкія» моманты, – прызналася ўслед за мужам Алена Уладзіміраўна. – Але трэба ўмець пераступаць праз свае амбіцыі і лічыцца з меркаваннем партнёра, улічваць цяжкасці яго працы, тады ўсе спрэчныя моманты і не заўважаюцца. Вось і ўвесь наш сакрэт».

«Залатыя» юбіляры Рыгор і Валянціна Кабанец.

А самыя сталыя, «залатыя», юбіляры – Рыгор і Валянціна Кабанец – шмат не разважалі. Жанчына прысвяціла свайму каханню ўласны верш, якім захапіла публіку, а мужчына проста павёў яе танцаваць… 50-гадоў разам, а гледзячы на іх, здаецца, што іх вясельны вальс гучаў учора. Яны танцуюць, каб не забыць абсалютна ніякіх момантаў з жыцця, каб прагнаць сум і трывогі, каб радаваць дзяцей і сяброў сваім бадзёрым настроем і аптымізмам. Якая, сапраўды, розніца, колькі гадоў прайшло, галоўнае – што і сёння вальсуюць разам… Танец, насуперак усім бедам і нягодам, – вось галоўны «інгрэдыент» іх шчасця.

Танцуйце, сябры, няхай ваша каханне толькі прымнажаецца!

Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік

Яшчэ больш фотаздымкаў тут: https://ok.ru/budni/album/940782936200