Суббота, 26 мая 2018

О достижениях и проблемах в сфере культуры в предпраздничном интервью рассказал Константин Понимаш

1 112

Калі ўсе адпачываюць, яны працуюць: іх прызванне — дарыць радасць і добры настрой. Яны — не проста творчыя, але і рознабакова развітыя асобы, паколькі гэтага ад іх патрабуе прафесія. Пра такіх людзей у наро-дзе кажуць: і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц. Гаварыць пра лю-дзей, прафесійнае крэда якіх звязана з культурай, можна доўга. І ў гэтым мы пераканаліся, калі сустрэліся з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама К.І.Панімашам.IMG_4029

— Канстанцін Іванавіч, так павялося, што вынікі сваёй работы падагульняюць не толькі напрыканцы года, але і напярэдадні прафесійных святаў. Чаго калектыву пад Вашым кіраўніцтвам удалося дасягнуць за год?

— Бягучы год для нас вельмі адказны, паколькі ў нашым раёне ён абвешчаны Годам культуры, адпаведна ад нас чакаецца і больш высокі ўзровень работы. Як мы спраўляемся з гэтай задачай, меркаваць, вядома, людзям. А год адметны і даволі насычаны ў плане  культурна-масавых мерапрыемстваў. Гэта і грыбны фестываль у Крыніцы, і раённыя дажынкі ў Ружанах, і традыцыйная «Ружанская брама» — ды ўсё і не пералічыш…

Акрамя таго, варта сказаць і пра шэраг калектываў, якія прымалі ўдзел у розных фестывалях і конкурсах. Гэтая работа не заўсёды навідавоку ў жыхароў Пружаншчыны. Напрыклад, народны хор «Вербніца» стаў адзіным калектывам з Беларусі, які прыняў удзел у фестывалі ў Растоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Удзельнікі эстраднай студыі «Меладзін» паказалі высокія вынікі на конкурсах у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Мінску, Магілёўскай вобласці. Нашы самадзейныя артысты прымалі ўдзел у мерапрыемствах у Польшчы, а танцавальны калектыў пры школе мастацтваў прывёз галоўны прыз з конкурсу ў Балгарыі.

— Сапраўды, год насычаны прыемнымі навінамі…

— Увогуле, калі ў сферы культуры няма прыемных навін, дык і працаваць нецікава. У нас прыемныя падзеі і іншага кшталту. Думаецца, год радасны для калектыву Калядзіцкага ДК, дзе ідзе рамонт, які мяркуецца завяршыць у наступным годзе. Будуць працягвацца рэстаўрацыйныя работы ў Ружанскім палацавым комплесе Сапегаў.

Забягаючы наперад, адзначу, што ў наступным годзе, калі грамадскасць будзе адзначаць юбілейную дату з дня нараджэння Міхала Баброўскага, на магіле знакамітага земляка ў Шарашове плануецца ўстанавіць памятны знак. Акрамя таго, мы даслалі ў Міністэрства абароны РФ хадайніцтва з просьбай аб спонсарскай дапамозе па рэстаўрацыі капліцы каля Паддубна.

Варта прызнаць, ніяк не можам правесці фестываль «Рэха пушчы», удзел у якім жадаюць прыняць госці з Польшчы: сёлета на яго, на жаль, не хапіла фінансавых сродкаў.

— Напэўна, ніводную галіну сёння не абыходзіць аптымізацыя. Канстанцін Іванавіч, ці закрануў гэты працэс культуру?

— Мы — не выключэнне. З 2008 года ў раёне былі зачынены 18 устаноў культуры. Сёлета, напрыклад, Бакунскі і Сланімцоўскі сельскія клубы перапрафіліраваны ў клубы-бібліятэкі. У дадзеным выпадку я лічу гэта заканамерным працэсам, бо, на жаль, у гэтых населеных пунктах амаль адсутнічае моладзь.

— Значыць, рана ці позна такі лёс чакае ўсе ўстановы, у якіх нізкі ўзровень эканамічнай здольнасці?

— Ва ўсякім разе ў нашым раёне так не будзе: нават калі ўстанова нерэнтабельная, але там ёсць творчы подых, мы будзем падтрымліваць яе. Увогуле, культура — не тая галіна, на якой можна пабудаваць эканоміку. На яе падтрыманне заўсёды будуць выдзяляцца сродкі з бюджэту, а прыбытку яна не прынясе ніколі, паколькі гэта не матэрыяльная, а духоўная складаемая дзяржавы.

Таму яшчэ раз падкрэслю: мы не ставім задачу скараціць усе нерэнтабельныя клубы — існаванне прыпыняць тыя, дзе няма матэрыяльна-тэхнічнай базы і адсутнічае аўдыторыя. Так, у наступныя два гады спыняць дзейнасць сельскія бібліятэкі-клубы ў Малочках, Смалянах, Поланску і Кавалях.

— А што будзе прапанавана ўзамен? Няхай сабе ў гэтых вёсках малая аўдыторыя, але ж яна ёсць!

— Мы плануем стварыць у такіх населеных пунктах дамы сацыяльных паслуг. Што яны будуць уяўляць? Установу, дзе перыядычна, згодна з графікам, будуць аказвацца як культурныя паслугі, так і іншыя, напрыклад, цырульныя. Дарэчы, падобнага тыпу паслугі ўжо добра сябе зарэкамендавалі на сяле. Папулярнасцю, напрыклад, карыстаюцца перасоўныя бібліятэкі, якія наведваюцца ў тыя населеныя пункты, дзе няма стацыянарных. Сёння іх паслугамі карыстаюцца больш 400 чалавек.

— Канстанцін Іванавіч, ці прыносяць такія меры галіне культуры тую эканамічную стабільнасць, якой хацелася б дасягнуць?

— Эканамічнае становішча сапраўды палепшылася. Тым не менш зарплаты ў работнікаў культуры па-ранейшаму застаюцца самымі нізкімі: за дзевяць месяцаў бягучага года сярэдняя заработная плата склала 3177 тысяч рублёў, што ў прынцыпе больш, чым было запланавана. Але хіба гэта нармальна, калі праца высокаэрудзіраваных людзей так нізка аплочваецца?

Акрамя таго, не сакрэт, што перад установамі кожнай галіны ставяцца задачы па выкананні эканамічных паказчыкаў. Так, за бягучы год Пружанскаму аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі неабходна зарабіць 1,730 мільярда рублёў. Для такой галіны, як наша, гэта сума немалая, але няма сумненняў, што мы выканаем даведзены план, паколькі ўжо зарабілі больш 1,3 мільярда рублёў. Дарэчы, на Брэстчыне па выніках фінансавай дзейнасці мы саступаем толькі Кобрынскаму раёну.

— А давайце хоць трошкі зазірнем у наступны год…

— Планаў шмат. Напрыклад, абмяркоўваем, як захаваць культурную спадчыну, у тым ліку нематэрыяльную. Гэта і фальклорны калектыў з Аранчыц «Бабіна лета» (не кожны раён можа пахваліцца такім калектывам). Нягледзячы на тое, што самая маладая ўдзельніца з 1946 года нараджэння, а самая старэйшая — 1933-га, яны ездзяць на ўсе канцэрты і мерапрыемствы, куды іх запрашаюць. Хацелася б аднавіць дзейнасць калектыву мастацкай самадзейнасці, які некалі існаваў пры Смаляніцкім сельскім клубе пад назвай «Смаляначка».

Дакладна вядома, што асаблівая ўвага будзе звернута на дзве ўстановы культуры — Аранчыцкі Дом фальклору і Дом рамёстваў у Пружанах. На маю думку, гэтыя дзве ўстановы маюць найбольшы патэнцыял для таго, каб зацікавіць турыстаў. Таму будзем вывучаць накірункі мастацкай дзейнасці і дапамагаць фінансава, каб яны маглі пашырыць накірункі работы і разнастаіць яе.

Не ўсё выканана з таго, што планавалі на бягучы год. У прыватнасці, ставілі перад сабой задачу павялічыць колькасць калектываў са званнем народны. На сённяшні дзень іх у раёне 23 (што, дарэчы, таксама нямала), а да канца года будзе 24. Не варта думаць, што дасягнуць гэтага ганаровага звання так ужо і лёгка: гэта карпатлівая праца, якая вядзецца гадамі.

— І з якім настроем работнікі культуры сустракаюць сваё прафесійнае свята?

— Безумоўна, з добрым. Нават шэраг мерапрыемстваў і падзей прымеркавалі да яго. Напрыклад, заклалі алею ў гонар Года культуры, на святочным мерапрыемстве ўзнагародзілі лепшых работнікаў галіны. А напярэдадні нашых калег ушаноўвалі ў Брэсце.

Карыстаючыся выпадкам, хочацца падзякаваць свайму калектыву і адрасаваць калегам самыя лепшыя пажаданні: моцнага здароўя, добрага настрою, шчырай працы, поспехаў. Няхай у вашых сэрцах заўсёды гучыць песня, якая дапамагае выжыць і пераадолець жыццёвыя цяжкасці.

Марына Вакульская.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *