З падобнымі пытаннямі з нагоды матэрыяльнай падтрымкі былых членаў сям’і ў юрыдычную кансультацыю часта звяртаюцца людзі. Адказы на самыя распаўсюджаныя з іх дае адвакат Надзея Міхайлаўна Станкевіч.
— Ці магчыма спагнаць аліменты на ўтрыманне дзіцяці з яго біялагічнага бацькі, калі ён не запісаны ў пасведчанні аб нараджэнні дзіцяці?
— Можна, але толькі пасля ўстанаўлення бацькоўства. Пры гэтым аліменты будуць спагнаны з моманту падачы ў суд заявы аб устанаўленні бацькоўства і спагнанні аліментаў.
— Да бацькі прад’яўлены іск аб устанаўленні бацькоўства. Ці можа ён адмовіцца ад правядзення экспертызы, якая гэта пацвярджае?
— Можна, але ў такім выпадку заяўлены іск будзе задаволены.
— Раней маці не спаганяла з бацькі аліменты на ўтрыманне дзіцяці. Ці магчыма іх спагнаць за мінулы час?
— Як правіла, не. Але ёсць выключэнні, устаноўленыя арт. 109 Кодекса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, і толькі за перыяд не большы, чым тры папярэднія гады.
— Мужчына аспрэчыў сваё бацькоўства. Ці можа ён спагнаць выплачаныя раней аліменты?
— Выплачаныя сумы аліментных плацяжоў не могуць быць выпатрабаваны зваротна, за выключэннем рэдкіх выпадкаў, устаноўленых законам.
— Ці можа жанчына, якая знаходзіцца ў адпачынку па догляду дзіцяці да 3-х гадоў, спагнаць з мужа сродкі на сваё ўтрыманне?
— Так, калі муж валодае неабходнымі для гэтага сродкамі.
— Ці магчыма выплачваць аліменты ў добраахвотным парадку?
— Магчыма, як шляхам пералічэнняў з указаннем прызначэння плацяжу, так і шляхам утрымання з заработнай платы, пенсіі, стыпендыі.
— Ці можна быць вызваленым ад выплаты аліментаў?
— Толькі па рашэнні суда, і толькі пры наяўнасці ўважлівых прычын.
— Былы муж звыш трох гадоў знаходзіцца ў вышуку ў сувязі з нявыплатай аліментаў. Ці будзе ён іх выплачваць за гэты перыяд?
— Так, тэрмін даўнасці ў сувязі з яго вышукам не прымяняецца. Раю паспрабаваць прызнаць яго без вестак адсутным, на падставе чаго можна атрымаць на дзіця пенсію па страце кармільца.
— Ці магчыма запатрабаваць ад былой жонкі справаздачу аб тым, куды пайшлі атрыманыя ёю на ўтрыманне сына аліменты?
— Не. Суды, як правіла, адмаўляюць у задавальненні такіх іскаў.
— Ці прадугледжана адказнасць за нясвоечасовую выплату аліментаў?
— Так, паводле артыкулаў 1111 Кодекса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, у тым ліку і ў выглядзе няўстойкі, спагнання страт.
— Ці можна ў судзе адмовіцца ад спагнання аліментаў на ўтрыманне дзіцяці?
— Не, суд такую адмову не прыме.
— Сын з’яўляецца студэнтам платнай дзённай формы навучання, дасягнуў свайго паўналецця. Ці магчыма жонцы спагнаць з былога мужа дадатковыя выдаткі за яго навучанне?
— Судовая практыка не адносіць факт платнага навучання як падставу прыцягнення да ўдзелу бацькі ў дадатковых выдатках.
— Мужчына прызнаны інвалідам другой групы. Ці можа быць зменены памер аліментаў, спаганяемых з яго па рашэнні суда?
— Па рашэнні суда аліменты могуць быць паменшаны ці, пры наяўнасці выключных абставін, такі чалавек наогул можа быць вызвалены ад іх выплаты.
— Інвалід другой групы нядаўна дасягнуў паўналецця. Ці можа ён спагнаць з бацькоў аліменты?
— Можа, калі суд прызнае яго маючым патрэбу ў дапамозе. Памер аліментаў будзе вызначацца з улікам яго і бацькоў матэрыяльнага і сямейнага становішча.
— Ці можа пенсіянер спагнаць аліменты на сваё ўтрыманне з паўналетніх дзяцей?
— Так, калі ён будзе прызнаны маючым патрэбу ў дапамозе, паколькі ўтрыманне непрацаздольных бацькоў з’яўляецца абавязкам іх паўналетніх працаздольных дзяцей.
— Былы муж ухіляецца ад абавязкаў па ўтрыманні дзяцей. Ці абавязаны будуць яны ў будучым утрымліваць бацьку ў выпадку яго непрацаздольнасці?
— У такім выпадку дзеці могуць быць вызвалены ад гэтага абавязку.
Падрыхтавала Галіна КАЛЯДА.