Дату нараджэння Святланы Мікалаеўны Станкевіч — першага кастрычніка — можна лічыць у некаторай ступені лёсавызначальнай: усяго пару дзён аддзяляе яе (а іншы год даты ўвогуле супадаюць) ад дня, калі сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі адукацыйнай галіны. Дырэктар Хараўской СШ пагаджаецца з такой заўвагай, але падкрэслівае:
— Знакавай усё ж лічу сваю сустрэчу з настаўніцай пачатковых класаў Ядвігай Феліксаўнай Барадоўскай, якая пакінула пра сябе светлую памяць многім пружанцам. Магчыма, каб не гэты, не пабаюся такіх гучных слоў, педагог ад Бога, і прафесія ў мяне была бы іншай.
Першая настаўніца настолькі захапіла дзяўчынку, што да канца школьнай вучобы ў яе нават не з’явілася ваганняў, куды паступаць. Закончыўшы Пінскае педвучылішча, маладая настаўніца пачатковых класаў пачала педагагічны шлях у Шарашоўскай школе. Пазней атрымала вышэйшую адукацыю ў Брэсцкім педуніверсітэце імя А.С. Пушкіна, працавала ў Стараволі, а два гады таму ўзначаліла калектыў Хараўской СШ.
Сёння, маючы багаты працоўны вопыт за плячыма, Святлана Станкевіч прызнаецца:
— Нягледзячы ні на што, ні на кропельку не расчаравалася ў абранай справе. Нямала маіх сябровак прызнаюцца, што пры першай жа магчымасці памянялі б род дзейнасці, але ў мяне такой думкі ніколі і не закрадвалася.
З асаблівай цеплынёй настаўніца гаворыць не толькі аб сваіх вучнях, але і пра педакалектыў: усе — дружныя, добразычлівыя людзі, на якіх можна разлічваць у складанай сітуацыі, творчыя асобы.
Святлана Мікалаеўна спадзяецца, што таксама, як і яна, не расчаруецца ў прафесіі настаўніка і яе малодшая дачка, якая вучыцца ў Лінгвагуманітарным каледжы пры МДГУ.
Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.