Воскресенье, 23 сентября 2018

Какой климат у метеоролога дома?

1 092

У шэрагу карысных грамадству навук асаблівае месца займае метэаралогія — навука пра атмасферу Зямлі, фізічныя працэсы і з’явы, якія ў ёй адбываюцца і ствараюць надвор’е і клімат. А ці ведаеце вы, што самастойнай навукай метэаралогія стала ажно ў 18 стагоддзі? У яе важнасці яшчэ ў дзяцінстве пераканалася Марыя Мікалаеўна Несцяровіч. І абрала прафесію метэаролага на ўсё жыццё.

Кажуць, што часта выбар шляху залежыць ад збегу жыццёвых абставін,— успамінае Марыя Мікалаеўна той момант, калі рашылася на будучую прафесію.— Для мяне ж тым штуршком стаў прыклад родных людзей: і маці, і цётка былі метэаролагамі. Таму практычна ўсё дзяцінства я правяла на гэтай станцыі.

— І дзе ж набывалі такую рэдкую спецыяльнасць?

Па спецыяльнасці «тэхнік-аграметэаролаг» я навучалася ў Пружанскім саўгасе-тэхнікуме. А потым набывала вопыт тут, на метэастанцыі, пад кіраўніцтвам сваіх калег. Сёння моладзі больш прапануецца спецыялізаваных навучальных устаноў. Гэта і адпаведны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, і розных ВНУ Расійскай Федэрацыі, з якой у нашай краіны заключаны адпаведныя пагадненні.

— Марыя Мікалаеўна, Вы адпрацавалі на Пружанскай метэастанцыі больш за чвэрць стагоддзя. Ці не здараліся моманты, калі пашкадавалі аб выбраным шляху?

Ведаеце, мая душа нібыта складаецца з дзвюх палавінак. Адна — прысвечана і думае толькі пра сям’ю, а другая — любімай рабоце. Так, хапае тут складанасцей. Хацелася б працаваць з больш сучасным абсталяваннем, каб плацілі лепш. Але гэта дробязі, пра якія забываешся, калі прыступаеш да сваіх абавязкаў. Я, як тэхнік-аграметэаролаг, сачу за ростам раслін на землях доследнай гаспадаркі, іх акліматызацыяй. Гэтыя дадзеныя мы накіроўваем у абласны цэнтр, адкуль яны паступаюць у сталіцу, дзе і праводзяць канчатковыя вылічэнні.

Мне вядома, што Ваш працоўны дзень — гэта паўсутак на рабочым месцы. З такім напружаным графікам работы, напэўна, не застаецца часу і на сям’ю?

Мне вельмі пашанцавала з мужам Дзмітрыем, які практычна ва ўсім дапамагае. І гэта самае галоўнае, бо ў нашай сям’і выхоўваюцца чацвёра дзяцей.

Дык Вы яшчэ і шматдзетная маці!

Як я кажу, гераізму шматдзетным маці дабаўляюць падрастаючыя дзеці: чым яны старэйшыя, тым больш нерваў патрабуюць. Хаця лічу, што ў гэтым маё шчасце, бо Бог падарыў мне вельмі добрых дзяцей. Старэйшая дачка ўжо сама зарабляе грошы, працуе ў адной з гаспадарак Івацэвіцкага раёна. Хутка за ёй пойдзе і старэйшы сын, які спіць і бачыць сябе машыністам лакаматыва. У нас вельмі дружная сям’я, таму і асаблівага цяжару побыту я не адчуваю. Вось толькі вольны час даводзіцца бавіць звычайна на кухні. Але гэта ў радасць, мне нават цяжка ўявіць, што павырастаюць нашы птушаняты і застанемся у хаце ўдвох з мужам.

А адзначаеце якія-небудзь святы таксама разам?

— Найбольш за астатнія нас заўсёды аб’ядноўвае Вялікдзень, бо гэта не толькі прыемнае, але і душэўнае свята. Разам з усімі дзецьмі абавязкова прымаем удзел ва ўсяночнай службе ў царкве. А дома разам рыхтуемся да святкавання.

Марыя Мікалаеўна, зараз выпускнікі сярэдніх школ таксама, як Вы некалі, стаяць перад выбарам жыццёвага шляху. Ці можаце Вы парэкамендаваць, каму варта ісці ў метэаролагі?

Галоўнае ў нашай прафесіі, магчыма, як і ў астатніх, — укладваць у працу ўсю душу. Так, тут неабходны добрыя веды па матэматыцы, фізіцы і іншых дакладных навуках. Але патрэбны і добрасумленныя адносіны да працы, бо нават адна дзесятая пасля коскі ў лічбах вырашае многае. Таксама трэба мець развітую інтуіцыю. Хаця ёсць і мінусы. Мы, напэўна, развучваемся любавацца прыроднымі з’явамі. Людзі глядзяць у неба на прыгожыя аблокі або на дрэвы ў серабрыстай шэрані з замілаваннем. А метэаролаг адразу гэтыя прыгожыя з’явы пераводзіць на лічбавую мову і праводзіць вылічэнні, каб сказаць, што будзе далей з надвор’ем.

Шчыра віншуем Вас і Вашых калег з надыхо-дзячым прафесійным святам. Зычым заўсёды добрага надвор’я ў хатніх і прафесійных справах. Адным радком Галоўнае ў рабоце — укладваць у яе сваю душу. Галоўнае ў сям’і — узаемаразуменне. Галоўнае ў чалавеку — згода з навакольнымі. Галоўны прынцып у жыцці — захоўваць святыя запаведзі. Галоўная справа для жанчыны — стаць добрай маці.

Гутарыў Алег СІДАРЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *