Суббота, 31 октября 2020

Пять ярких мгновений лета, или Впечатления от посещения Европы (завершение)

1 490

Парыж

На начлег мы спыніліся ў прыгарадзе Парыжа і адразу звярнулі ўвагу на мноства французаў з чорнай скурай твару. “Гэта афра-французскі раён, таму вечарам на вуліцы лепш не гуляць”, — адразу папярэдзіла суправаджаючая турфірмы. Але і ў будынку нам было нядрэнна: чыстыя і ўтульныя нумары, бясплатны WiFi – адметнасць кожнага гатэля, дзе даводзілася спыняцца на начлег.SAMSUNG DIGITAL CAMERA

Горад, пра які напісана столькі вершаў і песень, здзівіў сваёй кантрастнасцю. На вуліцах ля велічных збудаванняў, скрозь нагадваючых багатыя палацы, можна было назіраць самыя дарагія ў свеце аўтамабілі і… бамжоў, якія спалі прама на тратуары. Такой была раніца. З усходам сонца, быццам пазалотай на купалах, Парыж заззяў сваім непаўторным хараством. Нават старонкі не хопіць, каб пералічыць усе славутасці гэтага горада-помніка прыгажосці і гісторыі. Знаходжанне толькі ў саборы Парыжскай Маці Божай выклікала эйфарыю пачуццяў, якія не магчыма перадаць словамі. А яшчэ можна было палюбавацца Луўрам, плошчай Згоды, Елісейскімі палямі, трыумфальнай аркай, мастом Аляксандра ІІІ… Мы наведалі гранд-оперу, фабрыку парфумаў, Монмартр, падняліся на Эйфелеву вежу. Дарэчы, адтуль Парыж — як на далоні. І як я разумею цяпер аўтара радкоў: “Убачыць Парыж і памерці”.SAMSUNG DIGITAL CAMERA

Аднак, вядома ж, паміраць ніхто не збіраецца. Таму мы не толькі захапляліся ўбачаным, але і параўноўвалі. Найбольш уразіла адчуванне сваёй паўнацэннасці шматлікіх інвалідаў-калясачнікаў. Іх шмат, і яны паўсюдна, найперш таму, што створаны для іх зручнасці ўсе неабходныя ўмовы. Нароўні з фізічна здаровымі людзьмі яны могуць не толькі самастойна наведваць магазіны, кафэ і музеі, але і гэтак жа заязджаць у грамадскі транспарт і нават… атрымліваць задавальненне ад атракцыёнаў. Была проста ўражана, калі дзеля наведвання Дома з прывідамі ў Дыснейлэндзе для пажылой жанчыны-інваліда падалі спецыяльна прадугледжаны ліфт. Захапляе і заахвочванне моладзі мастацтвам. Напрыклад, уваход маладым людзям да 18 гадоў у Луўр наогул бясплатны. І гэта пры тым, як падлічылі спецыялісты, што патрабуецца звыш чатырох гадоў без перапынкаў на сон і ежу, каб удзяліць хоць паўхвілінкі кожнаму з прадстаўленых там сусветных шэдэўраў… Атрымліваецца, калі цікавіць высокае мастацтва, хадзі да паўналецця там хоць штодня, і не важна, адкуль ты прыехаў і якой нацыянальнасці.DSC_0158

Прыемна здзівіла выхаванасць і цярплівасць французаў, і не толькі да акружаючых людзей, але… і сабак. З сабакам на павадку можна заходзіць, відаць, ва ўсе грамадскія месцы. Разам з чатырохлапым сябрам даводзілася бачыць людзей і ў магазіне, і нават… у музеі. І ніхто не крычаў, каб прыбралі сабаку ці злаваўся, што ён без намордніка. Тыповую рэакцыю для нас там палічылі б дзікунствам. Так, як, дарэчы, нам здавалася проста неверагоднай наяўнасць разетак звонку магазінаў для падзарадкі тэлефонаў прахожымі і адсутнасць паліцыі на гарадскіх вуліцах. Па Еўропе  мы праехалі звыш чатырох тысяч кіламетраў, пабывалі ў трох сталіцах, а паліцэйскі патруль давялося бачыць толькі аднойчы.

Чэшскі Крумлаў

Прызнацца, да паездкі пра гэты невялікі горад у Чэхіі нават не даводзілася чуць. Цяпер ён запомніцца нам назаўсёды, і найперш – сваёй аўтэнтычнасцю. Менавіта па сваёй некранутасці і непаўторнасці гэты горад займае другое месца ў свеце пасля Венецыі. За сваю гісторыю яму пашчасціла не бачыць войнаў і разрухі. Вось чаму так уражвае замак, які быў высечаны ў скале яшчэ ў ХІІІ стагоддзі. Унікальныя пабудовы таго часу з элементамі тагачаснай фрэскі не толькі цудоўна захаваліся, але і прадаўжаюць служыць чэхам да нашых дзён. У замкавым комплексе, які з’яўляецца часткай Чэшскага Крумлава, жывуць і працуюць гараджане. Акрамя разнастайных музеяў, старажытных касцёлаў, там знаходзяцца і шматлікія крамы, дзе можна купіць і адметную чэшскую выпечку з сырам з блакітнай цвіллю, і шкляныя, ювелірныя вырабы. Чэхія даўно славіцца дабычай тых жа гранатаў.SAM_0341

Пра пакупкі за мяжой варта сказаць асобна. Сваімі цэнамі яны таксама ўражвалі ў залежнасці ад месца продажу. Так, напрыклад, хот-дог (дарэчы, як заўважалі дзеці, не такі смачны і не такі вялікі, як у нас) у Дыснейлэндзе каштаваў каля сямі з паловай еўра. А фірменныя кеды на спецыяльным распродажы да школы ў Берліне крыху не дацягвалі да чатырох еўрапейскіх рублёў. Спачатку “кусалася” цана – у адзін еўра – на наведванне, прабачце,  амаль усіх туалетаў на тэрыторыі Еўрасаюза. А затым гэтак жа ўражваў камфорт, які даводзілася там назіраць: і туалетная папера, і аднаразовыя ручнікі розных відаў, музыка, гарачая вада, якая ўключалася па ўзмаху рукі, чысціня і прыгажосць… Лепш дорага, чым наогул нічога. І як тут не ўзгадаеш тэлефанаванне “дзяжурнаму карэспандэнту” пружанкі, якая на просьбу госці нашага горада паказаць грамадскі туалет у Пружанах, вымушана была весці тую да сябе дамоў…

Галіна Каляда, фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *