Пятница, 30 октября 2020

Фестиваль «Криница — грибов столица» удивил грибным изобилием, разнообразием блюд и размахом

3 670

Грыбны фестываль «Крыніца — грыбоў сталіца» наладзілі ў мінулую суботу  ў Шарашоўскім пассавеце.

Замест эпіграфа

  —Дзядзька, вы каля пушчы жывяце. Ці грыбы ёсць? Кажуць, у лесе вельмі суха.

  —Хай тыя маслякі не трындзяць! Вільгаці для іх хапае!

Мухамор і бабка ЁжкаIMG_5626

Не вельмі люблю масавыя мерапрыемствы і дастаткова скептычна стаўлюся да многіх з іх: за словамі “народнае гулянне” часцяком хаваецца звычайнае запіванне-заяданне канцэрта на свежым паветры. Вось і на рэкламу грыбнога фестывалю ў Крыніцы плячыма паціснула. Па-першае: што за спаборніцтвы грыбнікоў? Адправяцца такія каманды ў незнаёмы лес – у пушчу! – іх жа саміх потым шукаць трэба. Па-другое, конкурс грыбных страў, якія журы яшчэ і каштаваць павінна. Ды тут могуць нават смажаныя мухаморы прапанаваць: маўляў, па рэцэпце ад самой бабкі Ёжкі. Па-трэцяе, вы тую Крыніцу бачылі?IMG_5373

Але арганізатары фестывалю меркаванні падобных на мяне скептыкаў праігнаравалі. І правільна зрабілі. Атрымалася сапраўднае свята аматараў і прафесіяналаў “ціхага палявання” не толькі для крынічан…

Хаця Мухамор і бабка Ёжка таксама на ім прысутнічалі: у вясёлай пастаноўцы “У гасцях у крыніцкага пана Багновіка”, якую на радасць дзецям і дарослым падрыхтавалі работнікі гарадскога  Палаца культуры.

О, дайце, дайце мне…IMG_5393

Па грыбное шчасце – менавіта так называўся конкурс грыбнікоў – каманды сельсаветаў адправіліся ў свае “родныя” лясы. Хто напярэдадні вечарам (“З ліхтарыкам па пушчы хадзілі”, — смяяліся роўбіцкія дзяўчаты), хто на золку, але поўныя кошыкі грыбоў прывезлі адусюль. Не адно сэрца сціснулася ад белай зайздрасці пры выглядзе гэтага багацця: сціпла-элегантныя  баравічкі (а навошта пахваляцца, калі ведаеш, што самы лепшы?), франтаватыя чырвонагаловікі, гламурныя маслякі, дзёрзкія рыжыкі, наіўныя апенькі… У чарзе на ўзважванне яўна выдзяляліся кошыкі Вялікасельскага сельсавета, іх было ажно шэсць, і не маленькіх. Гаспадары кошыкаў не хавалі ўсмешак і расказвалі ўсім жадаючым пра свае запаветныя месцы: яны цвёрда ведалі, што мясцовыя назвы пералескаў і ўрочышчаў старонні чалавек ні на адной карце не знойдзе. “Валавая” вага грыбоў склала 89 кілаграмаў, і вялікасельцы сапраўды аказаліся ў лідарах – яны сабралі амаль 26 кілаграмаў. Другімі ў гэтым конкурсе аказаліся грыбнікі з Шарашоўскага пасвыканкама, трэцімі – Мокраўскага сельвыканкама. Дарэчы, самыя буйныя белыя грыбчыкі важылі 340 грамаў (Мокрае), 320 (Шарашова) і 300 грамаў (В.Сяло).IMG_5401

Кожны грыбок паспрабуй на зубок!

Калі б члены журы сапраўды з‘елі хаця б па лыжачцы кожнай са страў з грыбоў, страў з грыбамі і страў, падобных на грыбы, што расставілі канкурсанткі на сталах, то… Уласна кажучы, а што было б? Хіба ж беларусы не славяцца сваім уменнем гасцей пачаставаць? Хіба прывыкаць нам да мноства смакоццяў на святочным стале? Цяжка, зразумела, перажыць такое свята жывата. Але каму зараз лёгка?IMG_5407

Тым не менш, хай прабачаць тыя гаспадыні грыбных палянак, да чыіх апетытных салатаў, пірагоў і піражкоў, катлет, смажанак, слаёнак, тортаў рот не дайшоў! Шэф-повар элітнага рэстарана, які па сучаснай модзе на недаедлівых размазвае па талерцы вакол шампіньёна з лісцікам салаты складаны соус, страціў бы прытомнасць.

Ацэньвалі стравы не толькі на смак, але і на пах, па афармленні, нават па назвах…  IMG_5421

Каля паштэта  “Грыбны пянёк”, які прадставілі работнікі Белалясоцкага дзетсада №15, нават паспрачаліся: выпечаныя з цеста на ім дробныя апенькі ці пластыкавыя? Аказалася – сапраўдныя! Мокраўскі кошык з цеста з пячэннем-баравічкамі, шчарчоўскія слойкі “Грыбочкі ў мяшочку”, вялікасельская качка, фаршыраваная грыбамі (“Цэлую раніцу стралялі”, — жартуюць жанчыны), крыніцкая каша ў гарбузе, зеляневіцкая кулябяка, рудніцкая змейка на торце… Яшчэ былі і кошыкі з бульбы, і лапцікі, начыненыя грыбамі, і “Галубцова-мухаморная фіеста”, і чабурэкі, і хатка з бліноў. А гаспадыні ўсё частавалі: “Гэта шампіньёны пад сырам… а вось грыбочкі белыя… а торціка не пакаштавалі… бярыце заліўное… а блінчыкі…  а з сабой… квас грыбны, як бабуля рабіла, і зразы з грыбамі…”.IMG_5433

Калі з грыбнікамі было ўсё проста, то тут пад‘еўшым членам журы давялося добра падумаць і нават паспрачацца. У выніку пераможцам конкурсу “Усе смакі лесу ў Крыніцкіх далікатэсах” названы Ліноўскі сельвыканкам, на другім месцы аказаўся Шарашоўскі пасвыканкам, на трэцім – Ружанскі пасвыканкам. У намінацыі сярод аматарскіх аб‘яднанняў і асобных удзельнікаў (“Самая лепшая страва з грыбоў”) першай стала жыхарка Пружан Людміла Уладзіміраўна Нагорная, другое месца дасталося аматарскаму аб‘яднанню “Сябры прыроды” Рудніцкага СДК.

“Толькі тут і разумееш, як цудоўна ты жывеш”IMG_5509

Нешта занадта я захапілася   апісаннем страў  і ледзь не забыла сказаць, што максімум фантазіі і ўмення праявілі і работнікі ўстаноў культуры раёна ў афармленні выстаў творчых работ (конкурс “Прыгажосць лесу”). Тут перамаглі Роўбіцкі СДК (першае месца) і Вялікасельскі СДК (другое).  Пераможцай фотаконкурсу “Грыбнымі сцежкамі” стала Наталля Уладзіміраўна Ціхан з Пружан, другое месца – у Шаняўскога сельскага клуба.IMG_5594

Але і гэта былі яшчэ не ўсе конкурсы. Масу эмоцый выклікалі спаборніцтвы лесарубаў.  Хлопцы змагаліся ў гэтым нялёгкім майстэрстве, не шкадуючы сіл, толькі трэскі з-пад сякер ляцелі. Ацэньваліся не толькі моц і спрыт, але і дакладнасць рубкі. У выніку першым тут стаў работнік Ружанскага лясніцтва Уладзімір Ула-дзіміравіч Сямак, другім —  Андрэй Мікалаевіч Бабіцкі з Міхалінскага лясніцтва, трэцім — Аляксандр Уладзі-міравіч Сахарэвіч  з Мокраўскага.IMG_5643

І, зразумела, увесь гэты час на сцэне ішоў цудоўны канцэрт. Для крынічан і гасцей вёскі спявалі і танцавалі  лепшыя аматарскія калектывы і салісты раёна. Пры гэтым — па тэме. Не ведала нават, што столькі песень існуе пра лес і грыбы. Каму песень не хапіла — той сам сачыніў. Напрыклад, мастацкі кіраўнік гурта “Надзея” Сланімцоўскага СК Вольга Грышкевіч спецыяльна да фестывалю напісала песню “Ой, Крыніца”. “Толькі тут і разумееш, як цудоўна ты жывеш!” — шчыра спявалі сланімцоўскія жанчыны. А крыніцкія старажылы пацвярджалі: «Сапраўды, цудоўна, мясціны ў нас такія, што дагэтуль, як здароўе дазваляе, то кошык у рукі — і па грыбы». І прызнаваліся шчыра: «Першы раз такое бачым. Дай Божа, каб не апошні. Некалі, яшчэ пры калгасе за сталовай у лесе ў нас паляна была, там наладжвалі святы, і мы выступалі, але даўно ўжо таго няма…».

А хто справу замуціў?IMG_5707

Старшыня Шарашоўскага пасвыканкама Дзмітрый Чайкоўскі, здаецца, паспяваў у гэты дзень усюды. Ды так яму і трэба: наладзілі на сваёй тэрыторыі свята, дык круціцеся.

—Дзмітрый Уладзіміравіч, Вы лічыце свята ўдалым?

— Лічу, што першы блін — не камяком. Спадзяемся, што грыбны фестываль (а такога, напэўна, і ў рэспубліцы няма) стане традыцыйным. Тым больш, што падобная вялікая падрыхтоўчая работа ўжо не спатрэбіцца: прыгожыя альтанкі, дабротныя лаўкі з пушчанскага дубу, сцэна так і застануцца, забіраць іх не будзем. Тым больш, што да свята і  Крыніца значна памяняла аблічча: бачыце, фасады дамоў пафарбавалі, добры плот зрабілі. Гэта шчыраваў “Камунальнік”. Работнікі ДЭУ-25 кустоўе павысякалі. Магчыма, іншыя фестывалі, конкурсы раённага маштабу захочуць тут праводзіць. У нас жа не горад: паветра якое, водар лясны! Зразумела, у праграму фестывалю нешта можна будзе дабаўляць, не рабіць па шаблоне. Напрыклад, унесці ў яго камерцыйную складаемую: продаж грыбоў. Рэкламу шырэй разгарнуць.IMG_5793

Старасту вёскі Крыніца Наталлю Валюшка называюць галоўным ініцыятарам падзеі. Але Наталля Іванаўна пярэчыць: маўляў, ідэя не нарадзілася б, каб не падштурхнуў да яе старшыня райвыканкама Міхаіл Мікалаевіч Серкоў. Яму дзякаваць трэба. А наогул просіць пералічыць усе арганізацыі, якія гэтыя тры месяцы стваралі «матэрыяльную базу» свята.

— Вялікае дзякуй вам, шаноўныя дырэктар  філіяла РСТ «Колас» І.М.Старко, дырэктар КУВП «Камунальнік» А.Ф.Шопік і начальнік Шарашоўскага ўчастка А.С.Сіплівы, дырэктар РКБА А.Ф. Гвоздзік, дырэктар Нацыянальнага парка «Белавежская пушча» А.В.Буры, ляснічыя Сухопальскага і  Ясеньскага лясніцтваў А.М. Дубінка і С.П.Слабада, начальнік ДЭУ-25 У.Ф.Пунько, дырэктар аўтапарка №11 А.П.Вакульчык, дырэктар ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» С.А. Бруй!

Ды наогул, без дружных сумесных намаганняў усіх старшынь і работнікаў пассельвыканкамаў раёна, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, культработнікаў нічога не адбылося б.

P.S. Здавалася, што пасля суботняга фестывалю пра грыбы шмат дзён і чуць ужо не захочацца. Засынала – і перад вачыма стаялі поўныя кошыкі, стракацелі рознакаляровыя грыбныя капялюшыкі, у вушах гучала развясёлая песня пра “рыжики-маслята”. Не, грыбоў у гэтым сезоне аказалася яўна зашмат.

…У нядзелю раніцай я, пацепваючыся ад халадку, стаяла на рыжыкавай палянцы. Два дзятлы перастукваліся адным ім вядомай азбукай, роў аленя даносіўся здалёк. А вакол дыхала, шапатала галінамі дрэў пушча. І, далібог, справа была зусім не ў рыжыках, а ў гэтым велічным лесе, які даў месца каля сябе чалавеку, да-зволіў карміцца і цешыцца сваімі дарамі.

Няўжо амерыканцы сапраўды адмовіліся ад збору «дзікіх» грыбоў і ядуць толькі штучна вырашчаныя? Спачуваю…

Ірына Сядова, фота аўтара.

4 комментариев

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *