Суббота, 31 октября 2020

Первая мировая война: Чем удивила Пружанщина немцев?

2 104

Вядома, што захопленыя ў 1915 г. кайзераўскай Германіяй заходнебеларускія землі найперш выкарыстоўваліся акупацыйнымі ўладамі як крыніца бяс-платнай сыравіны і таннай рабочай сілы, падвяргаліся рабаванню і эксплуатацыі. Аднак паралельна з гэтымі гвалтоўнымі працэсамі адбываліся падзеі, якія ў свядомасці ніяк не ўпісваюцца ў паняцці “вайна” і “акупацыя”. Гэта тычыцца дзейнасці вучоных, якія сталі даследаваць былыя ўскраіны Ра-сійскай імперыі. Да работы іх падштурхоўвалі розныя прычыны: ваенна-стратэгічная неабходнасць, гаспадарчыя інтарэсы дзяржавы ці звычайная цікаўнасць. Трэба адзначыць, што большасць даследчыкаў, аб якіх пойдзе размова, з’яўляліся ваеннаслужачымі нямецкай арміі, якія сумяшчалі службу з навуковай дзейнасцю.

Калодзеж на гандлёвай плошчы 1915-1918 гг.
Калодзеж на гандлёвай плошчы 1915-1918 гг.

Чорная кераміка

З даўніх часоў своеасаблівым сімвалам Пружан з’яўляецца чорназадымленая кераміка, якая ў вялікай колькасці выраблялася мясцовымі майстрамі і прадавалася на гандлёвай плошчы. Зразумела, што “чорныя пасудзіны” не засталіся па-за ўвагай немцаў і аўстрыйцаў, для якіх продаж тавараў пружанскімі рамеснікамі стаў ледзь не любімым сюжэтам для фотаздымкаў у перыяд Першай сусветнай вайны. Адно з такіх фота зацікавіла прафесара Эрліха, які ў 1916 г. прысвяціў чорнай кераміцы артыкул у нямецкім выданні.

Пружанскія ганчары. Фота першай чвэрці ХХ стагоддзя.
Пружанскія ганчары. Фота першай чвэрці ХХ стагоддзя.

Вучоны расказваў, што, праводзячы археалогічныя раскопкі каля г.Эльбінг  (Прусія), ён выявіў мноства керамічных пасудзін і іх рэшткаў XIІІ – XV cтагоддзяў. Эрліх адзначыў, што старажытныя формы і прыёмы пры стварэнні ганчарных вырабаў працягваюць панаваць у шэрагу мясцовасцей і маюць падабенства да сярэднявечных прускіх узораў. Эрліх пісаў: “…У Прускім музеі я бачыў польскія гаршчкі, якія мелі выгляд сярэднявечных. Яны чорныя, без ручак, у форме выпуклай міскі, са злёгку выцягнутымі шыйкамі і выступаючымі ўперад загнутымі дзюбікамі. Гаршчкі мелі графітавае аздабленне, якое ўяўляла сабой розныя штрыхоўкі. Мінулым летам на польскай мяжы ў якасці камандзіра роты ландштурма я часта правяраў пагранічныя каравулы ў розных гарадах і вёсках. Там я паўсюдна знаходзіў такія ж самыя гаршчкі, якія выкарыстоўваліся для захавання малака і іншых гаспадарчых патрэб. Святар з Рыдзева паведаміў мне, што такія гаршчкі вырабляюць у Граеве, але я не здолеў іх адшукаць. Дзякуючы дапамозе пастара Кюснера з Эльблонга, які доўгі час знахо-дзіўся ў Польшчы як ваенны святар, я атрымаў фота-здымак плошчы ў Пружанах, дзе гандлявалі самым разнастайным чорным посудам. Графічнае яго аздабленне ўяўляла сабой вертыкальныя лініі. …Нават сёння гарызантальныя і хвалістыя лініі з’яўляюцца тыповым упрыгажэннем звычайных польскіх гаршчкоў. Такая аздоба часткова прадрапана, часткова нанесена … фарбай на … пасу-дзіну”.

Г. Эшарых. 1916 г.
Г. Эшарых. 1916 г.

Гандлёвыя рады

Плошча ў Пружанах, дзе прадавалася чорная кераміка, якая так зацікавіла прафесара Эрліха, знаходзілася каля гандлёвых радоў, так званых Белых лавак. Іх таксама не абышлі ўвагай ні фатографы, ні навукоўцы. Так, у Цэнтральнай газеце галоўнага будаўнічага ўпраўлення (№ 65 ад 9 жніўня 1919 г.), якая была выпушчана ў Берліне Міністэрствам грамадскай працы, быў апублікаваны артыкул архітэктара з г.Франкфурт-на-Одэры                  Г. Шульцэ пад назвай “Гандлёвыя рады на рынкавай плошчы ў Пружанах”. Разам з апісаннем Белых лавак у ім утрымліваліся іншыя цікавыя звесткі аб горадзе. Прапануем вытрымкі з гэтага дакумента:

“Правінцыйны гарадок Пружаны, назва якога наўрад ці знаёма чытачу, хіба што таму, каго  туды магла закінуць вайна, размешчаны недалёка ад чыгункі Брэст – Баранавічы – Мінск. У 1904 г. ён налічваў 9230 жыхароў, з якіх 66% — яўрэі, 6,3% — палякі. Горад уяўляе сабой свабодную, у асноўным вясковую забудову: звычайныя… драўляныя зрубы, накрытыя саломай ці гонтамі.  …Вакол невялікага палаца размешчаны аднапавярховыя драўляныя дамы з гонтавым дахам, якія добра пабудаваны і дагледжаны і на першы погляд падаюцца жытлом заможных гараджан.  …Горад мае 3 царквы, гандлёвыя рады на рынкавай плошчы…

Вуліца каля гандлёвай плошчы. 1916-1918 гг.
Вуліца каля гандлёвай плошчы. 1916-1918 гг.

Рынкавая плошча знаходзіцца на перакрыжаванні самых ажыўленых вуліц. Гандлёвыя рады размешчаны такім чынам, што паміж імі і царквой знаходзіцца незакранутая скразным рухам плошча, на якую сяляне заязджаюць са сваімі вазамі, ставяць іх у рад, пояць і кормяць коней. …Будынак, які, па словах кіраўніка горада, быў узведзены каля 50 год назад на месцы старых драўляных крам, уяўляе сабой злучаныя ў адзін аб’ём 44 асобныя секцыі, акружаныя крытымі галерэямі, дзе пакупнікі могуць хавацца ў час непагадзі, а на кірмашах  гандляваць. Пры сваёй даўжыні ў 77 м, будынак не з’яўляецца перашкодай для руху, паколькі  мае пасярэдзіне скразны праход шырынёй 2,8 м, пажараўстойлівыя сцены… Другарадны падзел узніклых такім чынам дзвюх частак будынка ўтвараецца дзвюма іншымі сценамі. Яны, як і вонкавыя, а таксама доўгія ўнутраныя … маюць таўшчыню 70 см. …Падзяляльныя сцены паміж крамамі ўяляюць сабой атынкаванае дрэва.

План. А. Стаянка для вазоў; а. гандлёвыя рады; b. бальніца; с. крытыя лаўкі; d. адкрытыя прылаўкі. Чарцёж Г. Шульцэ. 1915 – 1918 гг.
План. А. Стаянка для вазоў; а. гандлёвыя рады; b. бальніца; с. крытыя лаўкі; d. адкрытыя прылаўкі. Чарцёж Г. Шульцэ. 1915 – 1918 гг.

…Будоўля вялася мясцовымі гандлярамі без удзелу гарадскіх улад, якія … перадалі ў поўнае распараджэнне прыватнікаў зямлю. Кожны гандляр з’яўляецца  ўласнікам крамы, таму аб рамонце даху ці ліквідацыі наступстваў пажару павінен клапаціцца сам. …Крамы і ўвесь гандаль у Пружанах  знаходзяцца ў руках яўрэяў. Пры продажы ў мірны час за 1 краму (2,95 х 4,9 м) плацілі каля 1500 марак. Яе размяшчэнне на ўсходнім баку, дзе знаходзілася стаянка для вазоў і было асноўнае скапленне пакупнікоў, лічылася больш выгадным.

Паколькі будынак  не мае жылых памяшканняў, а з’яўляецца  маленькім дзелавым цэнтрам, патрабуецца гарантыя ад узлому. Уваход у кожную краму мае масіўныя драўляныя дзверы,  абшытыя бляхай, і не мае праёмаў для шклення. Для таго, каб у час працы ў краму пранікала святло, дзверы пастаянна адчынены, нават у халады. Вечарамі асвятленне забяспечваюць газавыя звіслыя лямпы (электрычнасць прыйшла ў горад з нямецкімі войскамі). З-за таго, што ацяпленне ў крамах адсутнічае, зімой гандляры працуюць у футры і грэюцца каля самавараў. На ноч, у суботу і пры вулічных беспарадках дзверы   замыкаюцца.

Пад крамамі знаходзіцца склеп, куды вядзе люк. Склеп служыць  для захавання прадуктаў, што хутка псуюцца, шэраг сем’яў выкарыстоўвае яго ў якасці хатняга. Адтуліна (25 х 30 см) з кратамі забяспечвае абмежаваны доступ паветра і святла.

…Гандлёвыя рады, знаходзяцца на некалькі прыступак вышэй за вуліцу, маюць асаблівую выразнасць за кошт галерэі, якая акружае ўвесь будынак, і шырокіх франтонаў на фасадзе і тарцы. Скразны праход завершаны плоскімі франтонамі, якія прыгожа падзяляюць на дзве часткі доўгія бакі некалькі манатоннага будынка. Рады пабудаваны з абпаленай цэглы, патынкаваны і пабелены. Кладка, як звычайна бывае на рускай будоўлі, даволі грубая. Дах накрыты жалезам, пафарбаваным у зялёны колер, і выглядае груба… Столь абшыта дрэвам…

…Будынак мае  цікавае вырашэнне. Найпрыгажэй ён выглядае ў сонечнае надвор’е ў час кірмашу, калі праз вялікія асляпляльна белыя аркады прабіраецца стракаты натоўп. Зімой сяляне ў высокіх футравых шапках і … кажухах, летам у самаробных лапцях і грубых палатняных кашулях з каляровымі вышыўкамі, разам з імі характэрныя яўрэйскія тыпажы з патрыяршымі бародамі і вострымі паглядамі, і паўсюдна вясковыя дзяўчаты і кабеты ў расквечаных хустках і яркіх спадніцах.

Наколькі істотна змяніўся гарадскі гандаль за апошнія паўстагоддзя,  паказваюць будынкі, якія знаходзяцца на поўнач і ўсход ад царквы. З паўночнага боку існуе гандлёвая вуліца, адзін бок якой утвораны падвоеным радам пастаўленых тарцом адзін да аднаго драўляных хатак, якія адчыняюцца на поўдзень і поўнач дзвярыма на шарнірах. Гэтыя дзверы з ўнутранага боку абабіты бляхай і замацоўваюцца ў адчыненым стане кручкамі, адкрываючы прылавак. Насупраць гэтых хат стаяць крытыя маленькія гандлёвыя прылаўкі з шуфлядамі для касы і шафачкамі ўнізе для тавараў… Бляшаны дах выступае настолькі, што з’яўляецца заслонам ад дажджу для тавараў, прадаўцоў і пакупнікоў. З боку суседзяў дахі шчыльна прылягаюць адзін да аднаго, утвараючы суцэльны выступ з двух бакоў гандлёвага раду. Як і ў крамах гандлёвых радоў,  абаронай ад узлому служаць цяжкія засаўкі ніжніх частак прылаўка і дзвярэй.

У галерэі гандлёвых радоў. Фота Г. Шульцэ. 1915 – 1918 гг.
У галерэі гандлёвых радоў. Фота Г. Шульцэ. 1915 – 1918 гг.

Абодва віды гандлёвых пабудоў састарэлі і выглядаюць як перажытак нямецкага сярэднявечча, з якога яўрэі  многае захавалі да сённяшняга дня. …У нас існуюць падобныя лаўкі, напрыклад, на хоравым баку царквы Св. Гангольфа ў Трыры і інш.

…Гандлёвыя месцы ёсць на ўсход ад царквы, дзе адзін бок вуліцы складаецца з крамных хат. Тут прысутнічаюць такія ж самыя рысы: адсутнасць вокнаў, аканіцы, якія апускаюцца ў якасці прылаўкаў, жалезная абіўка і выступаючы дах. Над усім гэтым узвышаецца даўні калодзеж (шахта і дах з дрэва), які стаіць пасярод вуліцы і даступны для карыстання любому праходзячаму…”

Белавежская пушча

Калі вывучэнне чорнай керамікі і гандлёвых радоў насіла пазнавальна-дапытлівы інтарэс, то даследаванні ў Белавежскай пушчы найперш мелі стратэгічна-гаспадарчы накірунак. Нягледзячы на інтэнсіўныя нарыхтоўкі дрэва і масавы адстрэл жывёл, немцы разлічвалі, што ў выпадку ўдалага завяршэння вайны гэты каштоўны лес застанецца за Германіяй. Дзеля арганізацыі забеспячэння патрэб нямецкай арміі ў пушчы восенню 1915 г. было створана Ваенна-лясное ўпраўленне на чале з нямецкім лесаводам доктарам Георгам Эшарыхам (вядомы даследчык трапічных лясоў ва Усходняй Афрыцы). Разам з арганізацыяй справы па нарыхтоўцы лесу пачалося і яго даследаванне. Эшарых запрасіў ў пушчу для правядзення рознабаковых даследаванняў шматлікіх вучоных і прадстаўнікоў музеяў Германіі. У цэнтры ўвагі знаходзіўся зубр. Сабраныя рэшткі і шкілеты загінуўшых жывёл папоўнілі заалагічныя калекцыі зямлі Баварыя, Каралеўскі Берлінскі музей прыродазнаўства, Каралеўскі Дрэздэнскі заолага-антраполага-этнаграфічны музей, Шнекенбергскі Каралеўскі музей у Франкфурце-на-Майне, Штутгарцкую Каралеўскую прыродазнаўчую калекцыю і Велікагерцагскі натуральна-гістарычны музей ў Карлсруэ. У лістападзе 1915 г. у Белавежскую пушчу прыязджаў вядомы прыродаахоўны дзеяч Германіі, тайны саветнік Г.Конвенц з прадстаўнікамі дзяржаўнай службы па ахове прыродных помнікаў у Прусіі. Мэтай яго візіту было стварэнне ў пушчы “Парку дзікай прыроды”, якога ў Еўропе не было.

У час акупацыі ў пушчы бывалі многія нямецкія вучоныя, чые даследаванні былі пакладзены ў аснову  апублікаваных Ваенна-лясным упраўленнем у Берліне ў 1917 – 1919 гг. 5 кніжак пад агульнай назвай “Белавежская пушча пад нямецкім кіраваннем”, дзе былі падрабязна апісаны раслінны і жывёльны свет, лесанасаджэнні ў Белавежскай пушчы. Аднак навуковая праца, пад час якой былі зроблены высновы аб унікальнасці ляснога масіву, яго флоры і фаўны, неабходнасці яго захавання, ішлі паралельна з вынішчэннем і эксплуатацыяй яго багаццяў, якія былі жыццёва неабходны для ваюючай германскай арміі.

Навуковыя даследаванні, якія праводзіліся на Пружаншчыне ў 1915-1918 гг., уяўляюць сабой цікавую і неасветленую старонку гісторыі Першай сусветнай вайны. Яны з’яўляюцца важнай крыніцай для стварэння рознапланавай карціны жыцця нашага рэгіёна ў адзін з самых складаных і нявывучаных перыядаў яе гісторыі.

Да друку матэрыял  падрыхтавалі

Уладзімір Дадзіёмаў,

Сяргей Рабчук,

Наталля Пракаповіч.

Фота з фондаў музея-сядзібы “Пружанскі палацык” і асабістых архіваў аўтараў.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *