Воскресенье, 21 января 2018

Алтимат фрисби — новое увлечение пружанской молодежи

1 235

На пляжы Пружанскага возера прайшла чарговая гульня ў алтымат з фрысбі сярод моладзі, якая любіць актыўна і з карысцю бавіць вольны час. Мала хто ведае, што ў такім невялікім горадзе праводзіцца нешта падобнае, але тыя, хто ў курсе падзей, не прапусцяць шанц паўдзельнічаць або паназіраць за гульнёй.

Мабыць, варта спачатку расказаць, што такое фрысбі і з чым яго «ядуць».IMG_5754

Фрысбі – гэта лятаючы дыск, які сёння на законных падставах мае поўнае права называцца спартыўным снарадам. Але дыск гэты не просты, а «чароўны». Пры яго палёце ствараецца пад’ёмная сіла, якая дазваляе кідаць дыскі на значныя адлегласці і з вялікай дакладнасцю. Дзякуй законам фізікі!

Перш чым перамясціцца на пляж і паназіраць за ходам гульні, пазнаёмімся з такім паняццем, як «алтымат». Алтымат — гэта камандны некантактны від спорту з лётаючым дыскам, пра які мы вялі размову трохі вышэй. Задача каманд простая – перадаць дыск з дапамогай пасу гульцу сваёй каманды, які знаходзіцца ў зоне саперніка.

Самы першы алтымат мы правялі на стадыёне ў парку, і падраныя джынсы з зялёнымі плямамі ад травы не даюць забыць пра бясцэнны вопыт, набыты ў той дзень.IMG_5590

Сёння ўжо пятая гульня, і з сумам магу адзначыць, што сярод гульцоў у нас вялікая цякучка. Аднак з прыязнасцю мы прымаем усіх «новенькіх» і з асаблівай радасцю «старэнькіх». У сярэднім на кожнай гульні ў нас прысутнічае 14-17 гульцоў, і на каманды мы дзелімся выключна жараб’ёўкай, каб, як кажуць, усё па справядлівасці.

Калі размяшчаю аб’яву аб наступнай гульні ў інтэрнэце, часта чытаю абураныя каментарыі пра тое, што алтымат – вельмі сумная гульня. Але на справе нават футбалісты, аднойчы адклаўшы мяч у бок, каб далучыцца да нас, зараз з нецярпеннем чакаюць кожнай наступнай гульні. Не зманю, калі скажу, што бегаць за дыскам даводзіцца нашмат больш, чым за мячом футбольным або баскетбольным.

Оп! Яшчэ адно ачко. І зусім не маёй камандзе. Ну, нічога, мы яшчэ адыграемся! На самой справе, вялікая роля аддаецца накірунку ветру, сонцу, якое слепіць вочы, і фрысбі-дыску, які ў палёце можа «перадумаць», раптам развярнуцца і паляцець зусім у іншы бок! Гучыць, як апраўданне нашаму паражэнню. Сонца хаваецца за гарызонт, і «лятаючую талерку» ўсё складаней адсочваць позіркам. Час заканчваць, а ачкі не ў нашу карысць. Але для нас перамога не ў заробленых ачках, а ў тым, што мы сёння тут сабраліся ўсе разам і, як звычайна, перамагла дружба.

Я вельмі ўдзячна прафесіяналам у алтымаце з Мінска, якія  зацікавіліся нашымі гульнямі і, каб падтрымаць, даслалі нам у падарунак прафесійны фрысбі- дыск.

А тым, хто не рашаецца адарвацца ад камп‘ютара і правесці хаця б канец лета з карысцю, і тым, хто не ведае, куды падзець сваю энергію, хачу перадаць: калі вам падабаецца насіцца з аднаго канца поля ў другі – гэты спорт для вас. Мы вас чакаем!

Ганна Мязга.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *