Вторник, 23 января 2018

Ветерану Великой Отечественной войны, участнику Курской битвы Ивану Алекумову — 90!

1 664

6 жніўня 90-гадовы юбілей адсвяткаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны, удзельнік Курскай бітвы, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны, медалямі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”,  Іван Міхайлавіч Алякумаў.IMG_7597

Іван Міхайлавіч нарадзіўся ў Варонежскай вобласці, у Беларусі апынуўся  пасля вайны. Тут ён ажаніўся, разам з жонкай Ліяй Мікалаеўнай выгадавалі дзвюх дачок, 30 гадоў бездакорна адпрацаваў у сістэме ваеннага гандлю, а пасля выхаду на пенсію (у 70!) займае розныя пасады ў раённым савеце ветэранаў. Напрыклад, зараз Іван Міхайлавіч адказвае за маральна-патрыятычнае выхаванне моладзі.

Жыццё Івана Міхайлавіча — актыўнае і насычанае, але так сталася, што галоўным успамінам так і засталася вайна. Менавіта пра гэтыя страшныя дні ён расказвае сённяшнім школьнікам, галоўная мэта такіх шчырых размоў – каб памяталі, каб не паўтарылі.

З гэтай жа мэтай ветэран прымаў самы актыўны ўдзел у стварэнні кнігі “Успомнім усіх пайменна”, якая прысвечана ўсім воінам Пружанскага раёна. У раздзеле, які расказвае аб  удзельніках Курскай бітвы, Іван Міхайлавіч так расказвае пра свой першы бой:

— Наш  толькі што сфарміраваны 108-ы асобны армейскі батальён супрацьтанкавых  ружжаў 60-ай арміі займаў абарону ў другім эшалоне на ўзлеску ля Варонежа. Вайна вайной, а абед па раскладзе… Але раптоўна ў небе з’яўляецца “рама” — нямецкі-самалёт разведчык.  І адразу ж, мабыць, пад яго карэкціроўку пачынаецца жудасны артабстрэл…  вакол ляцелі асколкі. Здавалася, што зямля стала на дыбы. З’явілася думка: “Напэўна, абед не спатрэбіцца”.IMG_7611

Так успрыняў вайну 18-гадовы юнак. Ужо праз многа гадоў Іван Міхайлавіч пачне ціка-віцца і гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны, аналізаваць. Неаднойчы яго ўспаміны з’явяцца і на старонках раённай газеты. І толькі некалькі гадоў назад ён дакладна даведаецца з архіваў Савецкай Арміі, што па дадзеных на 9 мая 1945 года з непасрэдных удзельнікаў баявых дзеянняў 1924 і 1923 гадоў нараджэння ў жывых засталося толькі  3% (тры чалавекі са ста)…

Сярод ваенных успамінаў важнае месца займае і цяжкае раненне падчас аднаго з баёў у лістападзе 1943 года. Пасля яго Іван Алякумаў ачуняў толькі ў шпіталі, дзе быў вымушаны лячыцца ажно чатыры месяцы.  У мінулым годзе, падчас паездкі па мясцінах баявой славы, у тым ліку і ў Курск, дзе адбылася сустрэча з воінамі-сябрамі, успамін пра раненне выліўся ў вершаваныя радкі: «Ударила пуля и грудь просквозила, я ранен навылет в жестоком бою…»IMG_7681

На жаль, да гэтай сустрэчы не дажыў аднавясковец і баявы таварыш Іван Ешчанка, з якім  Іван Алякумаў перапісваўся многа гадоў, а цяпер працягвае абменьвацца навінамі і кнігамі з яго дачкой.

Адусюль ішлі да Івана Міхайлавіча віншаванні: у дзень нараджэння ён атрымаў Ганаровую грамату Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, Грамату райвыканкама, Падзячнае пісьмо ад раённага савета ветэранаў, паштоўкі ад школьнікаў і пажаданні ад былых калег па працы. Да гэтых  добрых слоў далучаецца і калектыў рэдакцыі.

На здымках: І.М.Алякумаў у дзень свайго 90-годдзя; ветэрана віншуе намеснік старшыні райвыканкама М.П.Кудравец; з калектывам раённага савета ветэранаў і былымі калегамі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *