Четверг, 24 мая 2018

Знакавыя падзеі 2014: Першая сусветная вайна

2 133

Тэма Першай сусветнай вайны, з часу пачатку якой мінула стагоддзе, – вайны “забытай” і даволі аднабакова раскрытай у работах савецкіх гісторыкаў, чые даследаванні доўгі час заставаліся ледзь не адзінай крыніцай па гісторыі гэтай падзеі, заслугоўвае пільнай увагі вучоных і краязнаўцаў. Таму што перыяд 1914 – 1918 гг. стаў не проста пераломным у сусветнай гісторыі, а адыграў значную ролю ў станаўленні і развіцці народаў (у тым ліку беларускага), рэалізацыя нацыянальных інтарэсаў якіх стала магчымай пры краху вялікіх імперый Новага часу. Для Пружаншчыны тэма вайны асабліва актуальна: Заходняя Беларусь зведала на сабе ўсе цяжкасці разбуральнай эпохі — ад прыфрантавой паласы з ваенным становішчам і бежанствам да тэатра баёў, зоны акупацыі і наступнага сутыкнення інтарэсаў Германіі, Савецкай Расіі, Польшчы, Украіны і Літвы.5

Так  гэта пачыналася

Афіцыйным пачаткам вайны, у якую было ўцягнуты 38 краін свету з насельніцтвам 1,5 млрд. чалавек, лічаць 1 жніўня 1914 г., калі Германія аб’явіла вайну Расіі. Жыхар мястэчка Малеч Пружанскага павета                 С. Апельбаўм так успамінаў аб яе пачатку: “…Праз некалькі дзён пасля аб’яўлення мабілізацыі навакольныя гарнізоны, поўныя рэзервістаў з мясцовага насельніцтва, адбылі да аўстрыйскай мяжы. 

…На фронт адправіліся: 151-ы Пяцігорскі полк з Бярозы, 150-ы Таманскі полк з Кобрына, 38-я артылерыйская брыгада з Брэста (Пружан – Заўв. аўт.)”.

У армію прызвалі некалькі соцень салдат у Пружанах, у першую чаргу яўрэяў. Адначасова быў арганізаваны збор ахвяраванняў на ваенныя патрэбы, якім у павеце кіраваў мясцовы прадва-дзіцель дваранства Б. Паляолаг. Напрыклад, пружанскія яўрэі былі абавязаны штомесяц здаваць па 500 рублёў. Праўда, яны не вельмі спяшаліся ўносіць гэтыя сумы, аб чым сведчыць ліст 15 лютага 1915 г. ад Б. Паляолага да пружанскага равіна М. Гольдберга з патрабаваннем тлумачэння падобных “парушэнняў”.

У гэты ж час у Пружанах (“Міхайлаўскім штабе” на тэрыторыі сучаснай в. Слабудка) на базе 38-й артылерыйскай брыгады і 38-га артылерыйскага парка з мясцовых жыхароў фарміраваліся 75-я артбрыгада і 75-ы артпарк, якія ўвайшлі ў склад 75-й пяхотнай дывізіі. Стварэнне такіх адзінак стала магчымым з 1910 г., калі ў расійскай арміі ўвялі тэрытарыяльную сістэму камплектавання, якая прадугледжвала паступленне навабранцаў і ніжніх чыноў запасу ў часці, размешчаныя каля месцаў іх жыхарства. Перад вайной Генштаб правяраў мабілізацыйныя планы і рэзервы. 38-ю артбрыгаду інспектаваў Б. Шапашнікаў (будучы маршал СССР): “…У лістападзе 1913 г. быў прызначаны членам камісіі па праверцы плана рэзервовай артбрыгады, якая фарміравалася пры 38-й артбрыгадзе. …Мабілізацыя гэтай … брыгады была ў парадку. У жніўні 1914 г. на полі бою частка батарэй умела і добра вяла стральбу. Тады гэта была ўжо 75-я артбрыгада”.1

8 жніўня 1914 г. 38-я брыгада і парк разам з 38-й пяхотнай дывізіяй адправілася на фронт у складзе 19-га армейскага корпуса. Пазней 75-я брыгада “Міхайлаўскага штаба” ўвайшла ў 75-ю пяхотную дывізію 9-й арміі крэпасці Івангарад. У ліпені 1915 г. яна ў скла-дзе 31-га армейскага корпусу 3-й арміі Паўднёва-Заходняга фронту абаранялася на Піншчыне. Ваенны гісторык А. Кярсноўскі пісаў: “75-я пяхотная дывізія генерала Штэгельмана … білася восенню 1914 г. … ля Івангарада. …У наступныя кампаніі яна ў складзе 31-га армейскага корпуса генерала Мішчанкі вяла баі на Палессі”. Камандаваў ёю палкоўнік К. Эгер.

З пачаткам вайны заходнія губерні Расійскай імперыі былі аб’яўлены на ваенным становшчы. З мэтай каардынацыі дзеянняў фронту і тылу сталі ўтвараць ваенныя акругі (ВА). Летам 1914 г. былі ўтвораны Мінская і Кіеўская ВА. Пружанскі павет аказаўся падзеленым: адна яго частка стала тылам армій Паўночна-Заходняга фронту Мінскай ВА, другая – тылавым раёнам 5-й арміі Паўднёва-Заходняга фронту Кіеўскай: размежаванне ішло па чыгунцы Брэст – Мінск.

Вядома, што летам 1914 г. у Пружанах знаходзілася        5 армейскіх транспартаў             (1 батальён), якія забяспечвалі дзеючую армію. У горадзе было вялікае скапленне людзей, цяглавай сілы і маёмасці: кожны армейскі транспарт меў да 160 парных павозак, агульная грузападымальнасць якіх складала 4414 пудоў (73,5 тоны), і мог перавезці сутачны запас прадуктаў на 50 тыс. чалавек, аўса — на 1700 коней.2

Тым не менш, пачатак вайны яшчэ не прынёс у Пружаны кардынальных змен. Мясцовы жыхар Г. Урынскі ў мемуарах “Першая сусветная вайна і нямецкая акупацыя” пісаў: “…Ваенныя дзеянні былі далёка і не закраналі звычайны лад… У верасні немцы наблізіліся да Варшавы, з якой яўрэі эвакуіраваліся ў наш горад. Зімой 1914 – 1915 гг. эканамічная сітуацыя ў Пружанах была добрай. Краўцы і шаўцы атрымлівалі армейскія заказы і добра зараблялі. …Тавары прывозіліся праз чыгуначную станцыю Лінова… Яўрэі – гандляры, … рамеснікі – атрымлівалі немалыя прыбыткі. Сем’і прызваных у армію засталіся без сродкаў, некаторым дапамагалі родныя з Амерыкі. У кастрычніку адчынілі краму для бедных яўрэяў, дзе прадавалі хлеб і крупы па нізкім кошце”.

На ўсход, на ўсход…

Па-сапраўднаму вайна прыйшла на Пружаншчыну летам 1915 г. Вясной нямецкая армія перайшла ў наступленне на Усходнім фронце, і расійскія войскі пачалі адыходзіць. Адступаючы, яны прымянялі тактыку “выпаленай зямлі” – разбуралі камунікацыі, спальвалі населеныя пункты, знішчалі пасевы, перамяшчалі людзей і свойскую жывёлу на ўсход з мэтай перашкодзіць ворагу атрымаць мясцовыя рэсурсы і выкарыстаць іх для сваіх патрэб.

Асабліва пакутлівай старонкай вайны на Беларусі стала бежанства. Зыход перасяленцаў быў стыхійным. Найбольшую іх хвалю выклікалі няўдачы на фронце. Летам 1915 г. Беларусь стала сапраўдным лагерам бежанцаў, вялікая колькасць якіх скапілася на паўднёвым захадзе. Паводле дакументаў, у ліпені на ўчастку Кобрын – Пружаны – Баранавічы іх было да 400 тыс., з 31 ліпеня па 15 жніўня з-пад Кобрына ў глыб імперыі было адпраўлена да 100 тыс. чалавек. Шляхі мігрантаў ішлі таксама праз Пружаны – Слонім – Баранавічы і Беласток – Ваўкавыск – Слонім – Баранавічы і інш.

Вось як апісвае гэты час Урынскі: “…Не чакалася, што нямецка-аўстрыйская армія захопіць нашу зямлю хутка. …Была надзея, што немцы надоўга затрымаюцца каля Брэста. Сотні яўрэяў з Брэста спыніліся ў Пружанах. Многія хацелі адыходзіць з рускімі, баючыся немцаў, аб якіх расказвалі страшэнныя гісторыі. …У жніўні пачалася эвакуацыя ўстаноў. У Пружану прыязджаў гродзенскі генерал-губернатар Шабека і прыназначыў камітэт з 4 чалавек…, каб прадстаўляць насельніцтва перад ваеннымі. …Камітэт збіраў грошы, размяркоўваў тытунь, цукар і хлеб для праходзячых … салдат. …Паднашэнні мелі эфект … і Пружана амаль не пацярпела ад арміі. За … некалькі дзён да прыходу немцаў з’явіліся казакі. Іх камандзір … паведаміў, што мае загад падпаліць горад. Пасля таго, як казакі сталі паліваць дамы газай, член камітэта прынёс ім 500 рублёў, і яны з’ехалі”.3

У гэты час у Пружанах было створана апалчэнне, аднак яно не мела зброі і таму пастаянна звярталася да ваенных для абароны ад марадзёраў і бандытаў. Урынскі пісаў: “…Пік напружанасці ў Пружанах дасягнуў ноччу перад захопам горада немцамі, калі рускія спалілі масты на вул. Пацэвіча (цяперашняя Савецкая) і Дамброўскага  (да 1921 г. яна называлася Аляксандраўскай, цяпер Р.Шырмы — Заўв. аўт.). Гарадскі камітэт, які ведаў аб падпале, загадзя пераехаў у гасцініцу Біранбаўма. Для тушэння пажараў у прыватны сектар выехала пажарная каманда. …У Пружане не было баёў, нямецкія самалёты бамбілі горад, але страт не нанеслі. Праз дзень бамбілі рускія: бомба ўпала на павятовы будынак і падпаліла хлеў”.

У той жа час расійскія крыніцы (“Обзор действий чрезвычайной следственной комиссии», т. 2. Петроград. 1917 г.) сцвярджалі: “17 (30) жніўня 1915 г. каля 12 гадзін дня над Пружанамі з’явіліся два германскія аэрапланы, якія, апісаўшы некалькі кругоў над горадам, пачалі скідваць … на сабраўшыхся каля харчпункта бежанцаў бомбы, вялікая іх колькасць была паранена, каля 30 чалавек загінула, загінулі коні і жывёла”. Апельбаўм называе захаванне горада “Пружанскім цудам”: “Сярод сцертых з зямлі гарадоў Пружана была адзіным, які застаўся некранутым. За выключэннем некалькіх прадпрымальнікаў, якія вывезлі абсталяванне і тавары ў Расію, астатнія працавалі. “Пружанскі цуд” быў блаславеннем для ваколіц. Гараджане забяспечвалі насельніцтва, якое засталося, неабходнымі таварамі…”.

Захоп Пружан апісаў Урынскі: “…31 жніўня патрульныя каманды аўстра-венгерскай арміі ўвайшлі ў горад, рухаючыся на веласіпедах, потым прыбылі немцы. Праз раку перакінулі часовы мост. 1 верасня ў Пружанах з’явіліся венгерскія жандары… 2 верасня аўстрыйцы стварылі новае гарадское кіраванне: мэр, намеснік і 4 чыноўнікі. Гэты муніцыпалітэт існаваў … да мая 1916 г., пакуль немцы не прызначылі грамадзянскую ўладу, якую ўзначальваў нямецкі чыноўнік. У горадзе была створана міліцыя з 20 чалавек (17 яўрэяў, 2 палякі і 1 рускі), якія за службу атрымлівалі плату. …Немцы неаднаразова патрабавалі ад мясцовых жыхароў пастаўкі разнастайных рэчаў, у першую чаргу мэблі, абяцаючы потым ўсё вярнуць, але гэтага не адбылося”.

Немцы кантралявалі горад з кастрычніка 1915 г. Апельбаўм удакладняў: “…Улада ў Пружане і Бярозе складалася з немцаў. Малеч знаходзіўся пад аўстра-венграмі. Каб паехаць у Пружану, патрэбна было плаціць за спецдазвол”. Праблемы з перамяшчэннем чакалі тых, хто хацеў трапіць з Пружан у Лінова, дзе таксама знаходзіліся аўстрыйцы.

Уладзімір дадзіёмаў, Сяргей Рабчук.

На здымках: нямецкія афіцэры каля палацыка 1918 г.; вул. Аляксандраўская каля Сабора;  вул. Замкавая, мост праз Мухавец; вул. Разкі (Мясніцкая).

(Працяг будзе).

Один комментарий

  • Леонид

    Дзякую за артыкул!
    Але вул. Пацэвіча з’явілася толькі 1920-ыя гады, да гэтага вуліца мела назву — Замкавая (тым больш, што фота падпісалі, як трэба)! Навошта даюцца назвы вуліц польскага часу — незразумела!
    Трэба было пазначыць, што губернатар Шабека — гэта другі муж Веры Кляйнміхель, апошняй гаспадыні «Пружанскага палацыка» http://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%A8%D0%B5%D0%B1%D0%B5%D0%BA%D0%BE,_%D0%92%D0%B0%D0%B4%D0%B8%D0%BC_%D0%9D%D0%B8%D0%BA%D0%BE%D0%BB%D0%B0%D0%B5%D0%B2%D0%B8%D1%87

    Чакакем працяг — больш дасканалы!
    Дзякуем!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *