Раней Пружаны мелі даволі сур’ёзную базу і маглі выставіць моцную каманду. Зараз картынг у нас толькі адраджаецца, але, дзякуючы ініцыятыўнасці кіраўніцтва ДТСААФ і азарту мясцовай дзятвы, даволі паспяхова. Сёлета пружанская каманда адзначылася на чарговых спаборніцтвах па картынгу, заняўшы чацвёртае месца. А ў мінулы чацвер меншыя выхаванцы гуртка абаранялі гонар раёна ў фігурным ваджэнні.
У спаборніцтвах прынялі ўдзел шэсць каманд з раёнаў, дзе яшчэ вядзецца падобная работа. Справа ў тым, што на закуп тэхнікі, інструментаў, паліва і формы патрэбны нямалыя грошы, і без пабочнай падтрымкі аднаму таварыству складана развіваць такі від спорту. А жадаючых займацца ім — хоць адбаўляй. Адметна тое, што пружанская каманда — адзіная, якая выставіла ў саставе і дзяўчынак.
Пачаліся спаборніцтвы з урачыстага пастраення каманд і ўзняцця дзяржаўнага сцяга. З прывітальным словам да ўдзельнікаў, арганізатараў і балельшчыкаў звярнуўся старшыня райвыканкама М.М.Серкоў. Пасля кароткага знаёмства з трасай каманды прыступілі да заездаў.
А ўмовы спаборніцтваў нікому не давалі паслабленняў. Выконваць неабходна было вельмі складаныя фігуры. За кожным паваротам і дзеяннем пілотаў сачыла строгае журы. За пэўную колькасць парушэнняў удзельнікаў увогуле здымалі з гонкі.
Лепшы клас паказалі картынгісты з Пінска, якія працяглы час утрымліваюць лідарскую пазіцыю ў вобласці. Другое месца дасталося камандзе з Драгічына. Бронзавую ўзнагароду і дыплом ІІІ ступені на гэты раз атрымалі пружанцы. У складзе каманды выступалі Уладзіслаў і Сандра Шыш, Анастасія Швед і Аляксей Валанцэвіч.
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).