На чарговым пасяджэнні райвыканкама, якое вёў старшыня М.М.Серкоў, разгледжаны вынікі выканання прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і бюджэту раёна за першую палавіну сёлетняга года.
У ходзе аналізу сітуацыі ў эканоміцы раёна былі адзначаны як пазітыўныя моманты, так і негатыўныя з’явы, якія перашкаджаюць выйсці на запланаваныя паказчыкі. У прыватнасці, падкрэслена, што з чатырох мэтавых паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на гэты год пакуль выконваюцца толькі два: намінальная сярэднямесячная заработная плата за пяць месяцаў склала 4575,8 тыс. рублёў пры плане 4368,2 тыс., а тэмп росту экспарту тавараў без уліку арганізацый, падначаленых рэспубліканскіам органам кіравання, — 134,5 працэнта (пры плане на паўгоддзе 110,9%). А вось тэмп росту экспарту паслуг і паступленне прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове не дацягваюць да вызначанага ўзроўню.
Добрымі паказчыкамі радуюць працаўнікі сельскай гаспадаркі – валавы рост прадукцыі за паўгоддзе склаў 109,6 працэнта. Атрымана 88,3 тысячы тон малака (амаль на 4 тыс. тон больш, чым планавалася на паўгоддзе), рэалізавана жывёлы і птушкі на забой у жывой вазе –10,15 тыс. тон (пры плане на год 19,5 тыс. тон).
На жаль, іншыя галіны эканомікі раёна працуюць не так паспяхова. Напрыклад, індэкс фізічнага аб’ёму прамысловай вытворчасці , хоць і не на многа, але ўсё ж меншы за запланаваны паказчык, тэмп росту падрадных работ склаў 63,4 працэнта (пры заданні на паўгоддзе 79%), не задавальняюць тэмпы росту інвестыцый. У выніку, як сведчыць статыстыка, за пяць месяцаў года чыстую страту атрымалі 8 арганізацый – іх колькасць у параўнанні з мінулым годам павялічылася на дзве адзінкі. Праўда, як запэўніла райвыканкам большасць кіраўнікоў гэтых арганізацый, па выніках паўгоддзя адмоўная сітуацыя будзе выпраўлена.
Даходы бюджэту Пружанскага раёна за першае паўгоддзе выкананы ў суме 186 млрд 842,5 млн рублёў, у тым ліку ўласныя даходы –117 млрд 501,9 млн рублёў, што складае 50,9 працэнта да ўдакладненага гадавога плана. У параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года ўласныя даходы ўзраслі амаль на чвэрць. Асноўная частка даходаў бюджэту раёна сфарміравана за кошт паступленняў падаходнага падатку — 36,2 працэнта (тэмп росту да першага паўгоддзя 2013г. 126,1%), падатку на дабаўленую вартасць – 24,5 працэнта (124,7%), падатку на прыбытак — 9,9 працэнта (154,7%), іншых падаткаў і збораў ад выручкі – 9,6 працэнта (113%), падатку на нерухомасць – 8,7 працэнта (122,4%), зямельнага падатку – 1,5 працэнта (90%).
За першае паўгоддзе ў раёне ажыццёўлены шэраг мер па дадатковым паступленні бюджэтных даходаў на агульную суму каля 10 мільярдаў рублёў, у тым ліку ад павелічэння ставак зямельнага падатку і падатку на нерухомасць (больш 5 млрд руб.), ад прыватызацыі жылых памяшканняў (больш 2 млрд руб.), а таксама ад продажу аб’ёктаў нерухомасці, зямельных участкаў, арэнды, у выглядзе працэнтаў за карыстанне грашовымі сродкамі раённага бюджэту.
Расходы бюджэту раёна за паўгоддзе прафінансаваны ў суме 195 млрд 520,1 млн рублёў і павялічыліся ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года на амаль 26,7 млрд рублёў.
У прынятым райвыканкамам рашэнні аб выніках выканання бюджэту адзначаецца неабходнасць больш рацыянальнага выкарыстання бюджэтных сродкаў, пошуку рэзерваў іх эканоміі арганізацыямі, якія атрымліваюць субсідыі.