Среда, 30 сентября 2020

Благоустройство Пружан с точки зрения главного архитектора района

2 152

IMG_4286Мы ўжо прывыклі да таго, што Пружаны – горад прыгожы і зручны для пражывання. І рэдка калі ўспамінаем, што такім ён быў не заўсёды. І мала калі задумваемся, хто зрабіў свой унёсак у змяненне яго аблічча. Аднак над гэтым працуюць і цяпер. Першыя, каго датычыць такая работа, гэта – архітэктары.

З нагоды Сусветнага дня архітэктуры (ён адзначаўся 1 ліпеня) мы сустрэліся з галоўным архітэктарам раёна А.Г.Глушко.

 

— Аляксандр Генадзьевіч, на пасадзе Вас зацвердзілі ўсяго некалькі месяцаў таму. Як чалавек новы, падзяліцеся сваім уражаннем: што задавальняе і што б хацелася змяніць у планах забудовы Пружан?

— У нашым горадзе пабудавана дастаткова аб’ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння, таму акцэнт цяпер робіцца на жыллё. А разам з тым паўстае слушнае пытанне: як утрымаць парадак? На жаль, для гэтага не заўсёды хапае рабочых рук. Таму важна не толькі своечасова ўмець прыбраць тым, хто абавязаны гэта рабіць па сваёй службе, але і не смеціць самім жыхарам.

Разам з тым хацеў бы заклікаць грамадзян больш адказна адносіцца да будаўніцтва і рэканструкцыі ўласнага жылля і нагадаць, што рабіць гэта без адпаведнага дазволу і толькі па ўласным жаданні недапушчальна. Асабліва гэта датычыць шматкватэрнага жылля, самавольная рэканструкцыя якога наогул небяспечна. У рэшце рэшт такі кватэраздымшчык сутыкнецца з праблемамі: яго прымусяць зрабіць усё як было і, магчыма, нават заплаціць штраф. Да ўсяго без тэхнічнага пашпарта ён не здолее аформіць ні адну юрыдычную здзелку са сваім жыллём. Таму, каб пазбегнуць непрыемнасцей з самавольнай будоўляй, рэкамендую пачынаць усё з заявы з просьбай на будаўніцтва ці рэканструкцыю ў раённы ці сельскі выканаўчы камітэты. Можна звяртацца непасрэдна ў аддзел архітэктуры і будаў-ніцтва райвыканкама. Галоўныя спецыялісты, сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы – Вольга Мікалаеўна Еўтух і Галіна Сцяпанаўна Мрыхіна заўсёды дапамогуць і дадуць неабходную параду.

— Некалі праек-ціроўшчыкаў горада папракалі ў ня-правільнай стратэгіі забудовы, якая вялася ў раёнах так званага “царскага сяла” і “плябанцаўскага саду”, а не ў накірунку чыгункі…

— Калі паглядзець цяпер, дык тая статэгія была не такой і дрэннай. Ёсць логіка ў тым, што прамысловыя прадпрыемствы паступова выносяцца ў  накірунку да в.Лінова, а значыць, бліжэй да чыгункі, а будаўніцтва жылля вядзецца ў паўночнай і паўночна-заходняй частках горада. Дарэчы, зазначу, што ў перыяд да 2030 года вёскі Малыя і Вялікія Якавічы, Плябанцы і Сланімцы (з нагоды чаго людзі часта задаюць пытанні), не будуць уключаны ў межы горада.

— Аднак, як бачым, узнікаюць дадатковыя праблемы: мікрараён “Паўночны” разрастаецца ў бок малочнатаварных комплексаў, і людзі, якія там пражываюць, ужо наракаюць на пах, які даносіцца з боку МТК… 

— Санітарна-ахоўныя зоны, якія павінны быць як след створаны вакол такіх комплексаў, знімуць праблему.

— Аляксандр Генадзьевіч, зараз раённыя ўлады ўдзяляюць пільную ўвагу добраўпарадкаванню горада. Што ў бліжэйшых планах?

— Ужо сёлета плануецца завяршыць добраўпарадкаванне сквера па вуліцы 8 Сакавіка з абсталяваннем там дзіцячай пляцоўкі. У будучым змяненні чакаюць і гарадскі парк. З нагоды таго, як захаваць у ім існуючую інфраструктуру і стварыць нешта новае, правядзем апытанне гараджан. Добраўпарадкаванне будзе весціся з улікам і іх пажаданняў. Аднак ужо цяпер вядома: дзіцячыя атракцыёны там павінны быць.

Інтэрв’ю ўзяла Галіна Каляда.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *