Четверг, 29 октября 2020

В Пружанском районе прошел День охраны труда

1 847

Традыцыйна штогод у раёне праводзіцца Дзень аховы працы, на якім разглядаюцца самыя вострыя пытанні гэтай тэматыкі. У мінулы аўторак мерапрыемства прайшло  на базе трох прадпрыемстваў розных форм уласнасці. У раённым Дні аховы працы прынялі ўдзел намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама В.Я.Сакоўскі і старшыня Пружанскага райвыканкама М.М.Серкоў.

Спачатку ўдзельнікі семінара наведалі галоўную базу Пружанскага лясгаса, дзе з мерамі, якія прымаюцца па прадухіленні няшчасных выпадкаў, гасцей пазнаёміў галоўны інжынер В.В.Карніенка.IMG_3323

IMG_3313

Па словах Віктара Віктаравіча, прадпрыемства штогод выдаткоўвае на ахову працы больш за паўмільярда рублёў. Асноўная частка сродкаў ідзе на набыццё спецадзення, абутку і сродкаў індывідуальнай абароны. Аднак поўнасцю пазбавіцца вытворчага траўматызму  не ўдаецца, таму было вырашана павялічыць увагу да механізацыі працэсаў. Пэўную карысць прыносіць пастаянны кантроль: праверкі  алкатэстарам праводзяцца не толькі на пачатку працоўнага дня, але і на працягу яго.

Каб заахвоціць работнікаў выконваць правілы бяспекі, распрацавана і сістэма стымулявання, дзе прадугледжаны дадатковыя выплаты як брыгадам, так і асобным кіраўнікам структурных падраздзяленняў пры адсутнасці няштатных сітуацый за вызначаны перыяд часу.

Падобныя меры прыносяць дадатковую зладжанасць у вытворчы працэс. У чым удзельнікі мерапрыемства ўпэўніліся, пабываўшы на вытворчай базе лясгаса ў Слабудцы. Пяць гадоў таму тут пачала дзейнічаць пляцоўка прадпрыемства па вырабу шчапы. На пляцоўцы працуе шмат тэхнікі, а значыць, ёсць пэўная рызыка жыццю і здароўю работнікаў базы. Улічваючы гэта, кіраўніцтвам прымяняюцца самыя дасканалыя меры па прадухіленні няшчасных выпадкаў.IMG_3343

Не менш уважліва да гэтага патрабавання працоўнага заканадаўства ставіцца і кіраў-ніцтва СТАА «Адоб-Агра”, якое знаходзіцца на тэрыторыі вёскі Аранчыцы. Аднак асноўным стымулам клопату персаналу аб уласнай бяспецы  тут лічаць дастойную аплату працы: напрыклад, сярэднямесячная зарплата ў першым паўгоддзі бягучага года склала сем мільёнаў рублёў. Хаця гэта не значыць, што яго кіраўнік А.М.Козел не дбае аб стварэнні належных умоў працы на прадпрыемстве.IMG_3331

Канчатковым пунктам наведвання  было выбрана ААТ «Айчына». Гэта адбылося нездарма, бо з пачатку года тут здарыліся тры няшчасныя выпадкі з сямі зарэгістраваных у раёне, адзін з якіх закончыўся гібеллю работніка.IMG_3351 IMG_3358

Шмат намаганняў прыкладаецца ў гаспадарцы, каб забяспечыць ахову працы на належным узроўні.  Аднак не дапамагаюць ні пастаянныя рэйды адпаведнай службы таварыства, ні рэгулярныя заняткі, ні тэсціраванне.

Як зазначыў падчас свайго выступлення на пленарным пасяджэнні дырэктар ААТ У.М.Бандарэнка, адзінае выйсце ён бачыць у сістэме пакаранняў. Напрыклад, пасля гібелі будаўніка, які прыступіў да выканання работ у нецвярозым стане, на наступны дзень некалькі чалавек з гэтай брыгады зноў былі на падпітку. Парадак быў устаноўлены толькі пасля таго, як брыгадзіра звольнілі, а ўсіх работнікаў пазбавілі прэміяльных. Цяпер нікога не сустрэнеш на вышыні без каскі і без страховачнага рамяня.

Вострае пытанне аб мерах па стрыманні росту няшчасных выпадкаў на вытворчасці задаў і намеснік старшыні аблвыканкама В.Я.Сакоўскі. Уявіце, толькі ў мінулым годзе    з-за такіх сітуацый бюджэт краіны страціў 4% да агульнага аб‘ёму валавога прадукта.  З раённага бюджэту на прафілактычныя мерапрыемствы штогод выдаткоўваецца амаль пяць мільярдаў рублёў. Гэтых грошай хапіла б, каб на працягу года выплачваць заработную плату настаўнікам цэлай школы.

Але колькі за мінулы год у раёне было звольнена работнікаў за парушэнне Дырэктывы №1 Прэзідэнта РБ — п‘янства на працоўным месцы? Лічба нязначная. А  ў колькі разоў больш супрацоўнікі ДАІ затрымалі п’яных механізатараў? Нават былі выпадкі паўторных затрыманняў, калі даводзілася канфіскаваць транспартны сродак. Ды толькі гора-работнікі звальняюцца «па ўласным жаданні», перакачоўваюць у іншую арганізацыю, дзе таксама і не думаюць захоўваць працоўную дысцып-ліну.

Не менш клопатаў прыносяць абавязаныя асобы, якія павінны пагашаць дзяржаўныя выдаткі на ўтрыманне дзяцей. Для наймальніка такі «работнік» — адзін галаўны боль: яго трэба што-дня правяраць не толькі на цвярозасць, але нават на прысутнасць на працоўным месцы.

Са сваімі прапановамі па дасягненні пастаўленых мэт выступілі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне В.І.Матвіенка, галоўны дзяржінспектар Бярозаўскай міжраённай інспекцыі працы В.В.Бартасевіч, намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях А.С.Пісьман, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК С.С.Лаўрыновіч.

У выніку  быў складзены пратакол з пазначэннем мер, якія кожны кіраўнік павінен будзе выканаць на сваім прадпрыемстве.

Прыемным момантам мерапрыемства стала ўзнагароджанне пераможцаў раённага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю аховы працы. Дыплом пераможцы сярод арганізацый невытворчай сферы атрымала Пружанская цэнтральная раённай бальніца, сярод прадпрыемстваў з колькасцю да 100 чалавек — ДРБУ-140, а звыш 100 чалавек — ААТ «Пружанскі малочны камбінат».

Алег СІДАРЭНКА,    Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *