Суббота, 24 октября 2020

Какие вопросы может решить профсоюз?

1 276

Прафсаюзная арганізацыя работнікаў аграпрамысловага комплексу самая буйная ў нашым раёне. Аб ролі і месцы яе ў сучасным жыцці гутарка карэспандэнта са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу С.С.Лаўрыновічам.IMG_2287

— Станіслаў Сямёнавіч, што на сённяшні дзень уяўляе ваша раённая прафсаюзная арганізацыя?

— Наш галіновы прафсаюз налічвае 23 пярвічныя арганізацыі з колькасцю 5,3 тысячы чалавек. Членамі прафсаюза з’яўляюцца 96% працуючых у аграпрамысловым комплексе раёна. Самая буйная арганізацыя ў ААТ «Жураўлінае», дзе налічваецца звыш 700 членаў прафсаюза. У ААТ «Ружаны-Агра» і ААТ «Айчына» прафсаюзная арганізацыя аб’ядноўвае звыш 600 работнікаў у кожнай.

— Якія ж асноўныя задачы вырашае гэта грамадскае  аб’яднанне?

— Асноўная задача прафсаюза — гэта рэгуляванне сацыяльна-працоўных адносін праз сістэму калектыўных дагавароў. Яны ахопліваюць усе пытанні жыццядзейнасці працоўнага калектыву з дадатковымі льготамі і гарантыямі. На кантролі прафсаюзаў знаходзяцца пытанні стварэння адпаведных умоў працы, жыллёва-бытавыя гарантыі работнікаў. Адзін з важнейшых накірункаў работы — ахова працы і захаванне тэхнікі бяспекі на рабочых месцах, арганізацыя гарачага харчавання. Не можа не турбаваць прафсаюзных актывістаў памер і своечасовасць выплаты заработнай платы.

— Станіслаў Сямёнавіч, на жаль, яшчэ здараюцца выпадкі траўматызму сельскіх працаўнікоў на рабочых месцах. У чым тут бачыцца асноўная прычына?

— У мінулым годзе на аб’ектах аграпрамысловага комплексу зафіксавана                  9 выпадкаў траўматызму, прычым адзін з іх з цяжкім зыходам. Сёлета на вытворчасці пацярпелі чатыры чалавекі, адзін з іх ад атрыманых траўм памёр. Асноўная прычына няшчасных выпадкаў — гэта ігнараванне мер тэхнікі бяспекі, а часам і п’янства на рабочых месцах.

— Заработная плата ў работнікаў аграпрамысловага комплексу не самая высокая. Што робіцца ў гэтым накірунку?

— Заработная плата ў першую чаргу залежыць ад стану эканомікі гаспадарак. Самая высокая яна ў ААТ «Жураўлінае» і ААТ «Айчына». Пакуль нізкі ўзровень заработнай платы ў ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс», «Роўбіцкае», «Пружанскае». Згодна з калектыўным дагаворам, заработная плата павінна выплачвацца два разы ў месяц. У нас яшчэ здараюцца выпадкі, што ў асобных арганізацыях зарплата выплачваецца з яўным спазненнем.

— На вёсцы вялікая роля належыць асабістым падсобным гаспадаркам грамадзян. Якая дапамога аказваецца ім з боку сельгаспрадпрыемстваў?

— Усе гэтыя пытанні знайшлі сваё адлюстраванне ў калектыўных дагаворах. Так, ветэранам пасадка і апрацоўка сотак абыходзіцца бясплатна, а членам працоўнага калектыву — па льготных цэнах. А ўвогуле, у кожнай арганізацыі існуюць свае расцэнкі за выкананыя работы. Напрыклад, у ААТ «Агра-Калядзічы» ўвесь комплекс работ за сотку абыходзіцца ў 24 тысячы рублёў, калі ў гаспадарцы працуе адзін чалавек. Калі ж у гаспадарцы працуе два чалавекі, то гэта сума складае 20 тысяч рублёў. У ААТ «Мурава» гэтыя расцэнкі складаюць адпаведна 15800 і 10500 рублёў. А вось у ААТ «Ружаны-Агра» кошт апрацоўкі сотак самы высокі: 60400 і 53700 рублёў адпаведна.

— Адно з балючых пытанняў — замацаванне кадраў на сяле. Якія гарантыі існуюць для маладых?

— У калектыўных дагаворах ёсць спецыяльныя раздзелы, дзе гэтыя пытанні прапісаны. Маладым спецыялістам, якія прыбылі па размеркаванні на працу, прадугледжана выплата матэрыяльнай дапамогі, таксама яны могуць карыстацца ільготным банкаўскім крэдытам. Маладыя спецыялісты ў першую чаргу забяспечваюцца жыллём. У асобных гаспадарках практыкуецца засяленне двух спецыялістаў у дом прыся-дзібнага тыпу.

Згодна з Указам Прэзідэнта №353 ад 12.08.2013 года, першыя два гады работы маладым спецыялістам робіцца даплата ў памеры дзвюх тарыфных ставак першага разраду. У наступныя тры гады гэта даплата складае тры тарыфныя стаўкі першага разраду.

Таксама, згодна з калектыўным дагаворам, маладыя людзі атрымліваюць матэрыяльную дапамогу пры прызыве на вайсковую службу, уступленні ў шлюб, нараджэнні дзіцяці.

Будуецца для маладых і жыллё. Дастаткова сказаць, што толькі з 2005 года ў нашым раёне на вёсцы пабудавана каля 800 домікаў. Летась іх было ўведзена ў эксплуатацыю 32. У першым квартале бягучага года пабудаваны тры домікі прысядзібнага тыпу.

Гутарыў Мікола Архуцік.             

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *