Среда, 11 декабря 2019

«Ружанская брама»: вяртанне роду Сапегаў

3 964

Нагадаем, упершыню гэтае мерапрыемства было арганізавана чатыры гады таму, калі ў адным з флігеляў Ружанскага палацавага комплексу завяршыліся рэстаўрацыйныя работы і там адкрыўся музей. Меркавалася, што дзякуючы святу ўдасца папулярызаваць гісторыка-культурную спадчыну, пакінутую ў невялікіх Ружанах знакамітым магнацкім родам Сапегаў.IMG_4238

Здаецца,  арганізатарам гэтага ўдалося дасягнуць: з цягам часу адкрыўся пасля рэстаўрацыйных работ і другі флігель, эксклюзіўнымі экспанатамі папаўняюцца музейныя фонды, штогод павялічваецца колькасць турыстаў, пабываўшых тут на экскурсіі. У тым ліку і дзякуючы «Ружанскай браме»,  якая праводзіцца ў палацавым комплексе і падштурхоўвае інтарэс да яго, рэстаўрацыйныя работы ў палацы працягваюцца і сёння.  Як паведаміў дырэктар музея Р.С.Кніга, у бягучым годзе на гэтыя мэты выдзяляецца 1,3 мільярда рублёў па праграме «Замкі Беларусі» і яшчэ 1,5 мільярда рублёў з рэспубліканскага бюджэту — на аднаўленне ўсходняга корпуса. Частка гэтых сродкаў ужо выдаткавана: на дадзены момант ужо адноўлена агароджа паміж усходнім флігелем і корпусам. У будынку пасля заканчэння работ размесцяцца тэатр, гасцініца і рэстаран.IMG_3011

Той, хто не быў у Ружанах з моманту правядзення апошняй «Ружанскай брамы», змог заўважыць, што матэрыяльным здабыткам сёлетняга свята сталі больш дзясятка новых драўляных скульптур, якія ўпрыгожылі цэнтральную вуліцу пасёлка Савецкую. Тут устанавілі выявы прадстаўнікоў роду Сапегаў, якіх напярэдадні — падчас двухтыднёвага пленэру манументальнай скульптуры — стварылі разьбяры па дрэве.IMG_3137

Варта прадставіць герояў і іх аўтараў. Магдалена Агнешка з роду Любамірскіх — адзіная дама ў гэтай кампаніі — выйшла з пад сякеры і бензапілы Сяргея Рымара з Зэльвы. Аўтарству Уладзіміра Чыквіна з Кобрына належыць выява Сямёна Сапегі, Сяргей Козел з Баранавіч стварыў Багдана Сапегу, Анатоль Татарчук з Мастоў — Яна Станіслава Сапегу. Мікалай Скляр з Гродна ўзяўся бадай за самы знакаміты гістарычны персанаж — Льва Сапегу. Выяву Паўла Яна і Францішка Сапегаў зрабіў брастаўчанін Віктар Згірскі, Мікалай Худзяеў з Зэльвенскага раёна стварыў Казіміра Яна Сапегу, Анатоль Туркоў з Камянца — Еўстафія Каятана Сапегу, Мікалай Сапкоў з Мастоў — Івана Сапегу. Сярод разьбяроў былі і дзве жанчыны — Надзея Салейка са Слоніма, якая выразала фігуру Казіміра Леана Сапегі, і Ірына Кушнярук з Камянюкаў, аўтар драўлянай фігуры Аляксандра Міхаіла Сапегі. Адметна, што сёлета ў пленэры прыняў удзел і мясцовы жыхар, народны майстар Беларусі Ю.С.Малышэўскі: яго аўтарству належыць генеалагічнае дрэва Сапегаў, устаноўленае каля сажалкі.  Да слова, Юрый Станіслававіч, якому падуладны розныя віды мастацтва, прызнаўся, што менавіта манументальнай скульптурай амаль не займаўся, але абяцаў, што да наступнага пленэру абавязкова дасканала асвоіць гэтае майстэрства.IMG_3911

З ушанавання  разьбяроў, якія стварылі гэтыя, не пабаюся гучных слоў, шэдэўры мастацтва, і пачалася першая частка свята, якая прайшла на цэнтральнай плошчы пасёлка. Майстры атрымалі падзячныя лісты ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.IMG_3115

Што радасна для ружанцаў, дык гэта тое, што кіраўнік раёна М.М.Серкоў, які асабіста падзякаваў людзям з залатымі рукамі, адзначыў, што ў пленэру абавязкова будзе працяг. Так што праз некаторы час Ружаны могуць стаць сапраўдным музеем драўляных скульптур пад адкрытым небам. Дзелячыся планамі на гэты конт, Міхаіл Мікалаевіч зазначыў, што тэматыка пленэраў не павінна абмяжоўвацца толькі магнацкім родам Сапегаў: наступныя будуць звязаны з  іншымі гістарычнымі персанажамі,  з міфалогіяй. І ўжо ў наступным годзе хутчэй за ўсё каля сажалкі пачнецца стварэнне пантэону язычніцкіх багоў. «Вельмі верагодна, што героем адной з першых кампазіцый стане Зюзя — старажытнабеларускі бог зімы. У такім разе ёсць падстава спадзявацца, што фальклорны персанаж з Пастаўшчыны Зюзя Паазерскі прыме ўдзел у «Ружанскай браме». IMG_3145

Дарэчы, абрадую жыхароў пасёлка: інтэнсіўнае добраўпарадкаванне Ружан працягнецца — у сувязі з правядзеннем тут раённых дажынак сёлета будуць адрамантаваны пешаходныя дарожкі і платы.

Праўда, што тычыцца развіцця пасёлка, пакуль улады не будуюць вясёлкавых планаў: эканамічнае развіццё ідзе вельмі складана, інвестары сюды не спяшаюцца, таму лічыцца больш мэтазгодным рабіць галоўны акцэнт на турызм. IMG_3083

На свяце «Мая Ружанская зямліца» ўшаноўвалі не толькі разьбяроў. Шэраг узнагарод атрымалі і перадавікі сельскагаспадарчай галіны, работнікі медыцыны, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, прадстаўнікі мясцовай улады, шчырыя працаўнікі і проста аддадзеныя сэрцам сваёй малой радзіме карэнныя жыхары пасёлка.

Тым часам абмяркоўвалі вынікі сваёй працы навукоўцы, якія працавалі над электронным рэсурсам «Віртуальная рэканструкцыя спадчыны Юзафа Крашэўскага». Работа над міжнародным выдавецкім праектам, які праходзіў пры фінансавай падтрымцы ЮНЕСКА, ажыццяўлялася на працягу двух гадоў.IMG_3927

Без перабольшвання, яе вынік сёлета стаў інтэлектуальнай складаемай свята. Усе, хто меў дачыненне да праекта, — а гэта супрацоўнікі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М.Горкага, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Музея Ю.І. Крашэўскага ў Раманаве і Гарадской публічнай Бяла-Падляскай бібліятэкі (Польшча), Ровенскай абласной універсальнай навуковай бібліятэкі (Украіна) — не ўтойвалі свайго задавальнення: як прызналіся самі, калі  пачыналі работу над стварэннем гэтага электроннага рэсурса, нават не ўяўлялі, што закранаюць такую глыбу, якую, як высветлілася ў працэсе, можна вывучаць бясконца. Таму  з упэўненасцю гаварылася, што гэты рэсурс дасць штуршок для новых перакладаў. Праўда, набыць дыск не ўдалося: гэта можна зрабіць толькі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.IMG_4227

Што я адзначыла для сябе? Як даведалася з прэзентацыі, выданне складаецца з двух дыскаў, кожны з якіх мае чатырохмоўны інтэрфейс (беларускі, польскі, украінскі і рускі). Асноўная частка тэкстаў (а на дысках, дарэчы, змяшчаюцца і пацверджанні таго, што Юзаф Крашэўскі — гэта не толькі пісьменнік, але яшчэ і мастак, кампазітар, этнограф, літаратурны крытык) даецца на мове арыгінала рукапісу ці выдання.

Асабліва звярнула ўвагу на словы госці з Украіны, намесніка дырэктара Ровенскай абласной бібліятэкі Аляксандры Пронскай: «Дзякуючы гэтаму праекту, я адкрыла для сябе асобу Крашэўскага па-новаму. Хаця і вывучала яго творчасць у школе». Пакуль, на жаль, нават на Пружаншчыне, адкуль карані Ю.І.Крашэўскага, толькі абмежаванае кола цікаўных знаёмы з яго жыццём і дзейнасцю. І гэта не можа не засмучаць.IMG_3072

Пакуль у цэнтры пасёлка ішла святочная праграма, у палацавым комплексе рыхтаваліся да пераняцця эстафеты. Мяне ўразіла выстава-продаж вырабаў майстроў народнай творчасці, якія з‘ехаліся не толькі з Брэстчыны, але і з-за яе межаў: фантазіі і ўменням гэтых людзей — ганчароў, мастакоў, рамеснікаў — іншы раз проста дзіву даешся. IMG_3172

Каму сёлета было весела, дык гэта дзятве, да паслуг якой быў шэраг розных атракцыёнаў, а таксама гульнявая праграма ад лепшых культарганізатараў вобласці. Дарэчы, на гэты раз атракцыёны значна пацяснілі рады выязнога гандлю. Што, дарэчы, нядрэнна: тыя госці свята, чые мэты не супадалі (адны імкнуліся атрымаць асалоду ад культурнай праграмы, другія аддавалі перавагу баўленню часу за столікамі), не перашкаджалі адзін аднаму.IMG_4291

А людзей «Ружанская брама» сабрала, як звычайна, нямала, нягледзячы на тое, што нябесная канцылярыя сёлета падвяла. Толькі на экскурсіях у музеі «Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў» пабывалі каля двух тысяч чалавек. Праўда, найбольшы наплыў людзей назіраўся бліжэй да вечару, калі пачаліся выступленні творчых калектываў. Сёлета без перабольшвання гледачы змаглі атрымаць эстэтычную асалоду — «ізюмінкай» сёлетняй культурнай праграмы стаў фрагмент спектакля А.Дударава «Чорная пані Нясвіжа» ў выкананні акцёраў Палескага драмтэатра.DSC00070

Ну, а самым чакаемым канцэртам было выступленне беларускага рок-гурта «J:MORC». Традыцыйным завяршэннем мерапрыемства стаў цудоўны феерверк.DSC09951

У цэлым свята атрымалася. І тым не менш. Штораз, наведваючы такія масштабныя культурныя мерапрыемствы, стараюся для сябе вызначыць: чым жа яны вылучаюцца з ліку падобных?DSC00089

«Ружанская брама» праводзіцца чацвёрты год. Мясцовыя жыхары не ўтойваюць свайго задавальнення тым, што свята атрымала статус штогадовага: акрамя таго, што дзякуючы яму мястэчка прыкметна добраўпарадкоўваецца, расквітае, для ружанцаў гэта быццам нейкая аддушына, усепасялковая нагода для радасці — яшчэ з першага правядзення свята тут збіраюцца тысячы людзей — як ураджэнцаў гарадскога пасёлка, так і проста цікаўных.DSC09994

Сёлета сустрэла знаёмую жанчыну, якая мае вопыт арганізацыі падобных мерапрыемстваў, дык яна вельмі трапна заўважыла: «Безумоўна, цудоўна, што ў пасёлку праводзяць пленэры разьбяроў па дрэве, што сюды з’язджаюцца артысты, майстры народнай творчасці, праяўляюць цікаўнасць турысты. І ўсё-такі чагосьці не хапае…»DSC00133

А не хапае, на мой погляд, канцэпцыі. Ёсць розныя святы: напрыклад, фанфар, вёскі ці пасёлка, духавой ці джазавай музыкі. «Ружанская брама» — гэта свята чаго? Я не прапусціла яшчэ ніводнай «брамы», але на гэтае пытанне пакуль ніяк не магу знайсці адказ.

На здымках: карэспандэнты імкнуліся адлюстраваць кожны момант «Ружанскай брамы», але, на жаль, нельга ахапіць неабсяжнае.

Фота Сяргея Талашкевіча, Марыны Вакульскай, Ірыны Сядовай.

3 комментариев

  • Роман

    Спасибо организаторам за праздник!!!
    Радует, что в Ружанах это мероприятие стало традицией и народу приезжает все больше и больше. Видно, что организаторы стараются внести что-то новое, разнообразить программу и сделать ее насыщеннее. Приятно видеть, что и реконструкция замка хоть и медленно, но движется.
    Только вот лазерное шоу было совсем уж никакое и танцы с диодными огоньками как-то не зрелищно. Зато живая музыка звучит здорово и фейерверк был бесподобен. В целом же хотелось бы увидеть в следующий раз нечто принципиально новое и необычное. Еще раз спасибо и успехов!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • За концерт группы «Джеймс Морс» особое спасибо! 🙂 Жаль, что он так внезапно закончился :(.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • Зьміцер

    Добры дзень, рэдакцыя!

    Сёння спрабаваў пералічыць на дабрачынны рахунак для аднаўлення капліцы святога Казіміра ў Ружанах грошы ў адным з аддзяленняў Беларусбанку ў Мінску. Каксір мне адказаў, што пры спробе пералічыць выдае памылку «Залічэнне на гэты рахунак забароненае».

    Ці можаце распавесці ў чым прычына і як можна пералічыць грошы мінчанам?

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *