Вторник, 27 октября 2020

В Пружанах прошел конкурс на лучшую многодетную семью

1 769

Атмасфера дабрыні і адкрытасці, падобнай на тую, што адчуваецца ў моцнай і дружнай сям’і, лунала ў той дзень у Палацы культуры. І не выпадкова: на конкурсе шматдзетных сем’яў за тытул лепшай змагаліся ажно шэсць сем’яў.IMG_2792

Тое, што сям’я – самае  галоўнае ў жыцці кожнага чалавека, даказвалі шматдзетныя сем’і Дзмітрыя і Наталлі Мяшэчкаў, Сяргея і Алены Малыха, Мікалая і Вольгі Пятрашкаў, Рамана і Марыі Касінскіх, Сяргея і Наталлі Дзягеляў, Вадзіма і Марыны Чарапенькаў. Арганізатары мерапрыемства – работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на чале з дырэктарам Н.Г.Педчанка дэталёва прадумалі ўсе конкурсы, каб канкурсанты не толькі падзяліліся сакрэтамі свайго шчасця, але і прадэманстравалі гумар, творчасць.IMG_2779

Кожнае прадстаўленне было цікавым і яркім. Аднак, што б ні расказвалі канкурсанты: як адпачываюць, працуюць, наводзяць парадак ў доме і двары, — адчувалася галоўнае – любоў, з якой усё гэта робяць. І для ўсіх сем’яў, якія ўдзельнічалі ў конкурсе, гэта не проста словы…IMG_2753

Талентам, якімі багатыя  шматдзетныя сем’і, думаецца, маглі б пазайздросціць нават культработнікі. І свае творчыя здольнасці канкурсанты пачалі дэманстраваць яшчэ падчас знаёмства, калі на суд журы і гледачоў прапанавалі свае візітоўкі. Дзмітрый Мяшэчка, напрыклад, нягледзячы на тое, што займаецца такой сур’ёзнай справай, як аказанне людзям медыцынскай дапамогі (ён фельчар брыгады “Хуткай дапамогі”),  захапляецца рэпам. У сваім музычным прысвячэнні любай жонцы і тром дачкам – Лізавеце, Анастасіі і Ганне, ён выказаў галоўную думку: “Я без вас — толькі частка невялікая сябе…”. Сям’я Малыхаў у вершаванай форме расказвала пра свой “цуд” – двух сыноў і двух дачок. Сакрэтамі свайго шчасця, складаючая якога — тры сыны, дэманструючы фотаздымкі, дзяліліся жыхары Ружан Мікалай і Вольга Пятрашкі. Пра тое, што галоўнае на свеце – дзеці, з дапамогай відэароліка  пераконвалі прадпрымальнік Раман Касінскі і яго жонка Марыя, медсястра. “Мы – Дзягелі, а гэта значыць, што справімся з любой задачай!” – рыфмавалі  Наталля і Сяргей разам са сваімі трыма дзецьмі, расказваючы пра дружбу ў сям’і. А вось Вадзім і Марына Чарапенькі з Кабылаўкі не толькі расказалі, але і засяродзілі ўвагу на сваіх “кветачках” – Валерыі, Аляксандры, Ксеніі…IMG_2762

Яркім упрыгожаннем свята стаў конкурс “Нашы таленты”. І аднолькава ўразілі не толькі дзеці, якія спявалі, танцавалі, ігралі на баяне і цымбалах, але і дарослыя. Гледзячы на сапраўдныя творы мастацтва – вышыванкі, карціны з бісеру, цацкі з пенапласту, вырабы з пластыкавых бутэлек і нават макаронаў, прысутныя не пераставалі здзіўляцца, як хапае на ўсё гэта часу ў шматдзетных мамаў і татаў. Для некаторых з іх, як, напрыклад, для сям’і Дзягеляў, любімыя захапленні прыносяць яшчэ і прыбытак. Тата – майстар па вырабах з каванага металу, мама – і мадэльер, і швачка ў адной асобе. Дарэчы, на конкурсе нават прадставіла свой “Дом мадэляў”, галоўнай мадэллю ў якім выступіў, бясспрэчна, гадавалы Уладзіслаў. Канкурсанты адзін перад адным уражвалі сваімі здольнасцямі, творчасцю, працавітасцю, прыгожымі адносінамі ў сям’і. Станавілася хораша на душы ад думкі, што такія людзі сваім прыкладам праслаўляюць не толькі наш раён, але і краіну ў цэлым. Нездарма ж  падчас невялікай размінкі, калі патрэбна было прадоўжыць прымаўку з нагоды дома без гаспадыні, здзіўлена прагучала: “А як гэта? Такога не павінна быць!”.IMG_2766

У якім бы конкурсе ні ўдзельнічала кожная сям’я, было зразумела: гэта з’яднаная каманда! І не важна, трэба было адгадаць песню ці прыгатаваць свой любімы кулінарны шэдэўр. Пра апошні конкурс хацелася б сказаць асобна. Тыя проста “царскія” тарты і караваі, запечаныя куры, закускі з грыбамі і разнастайнымі далікатэсамі, якія спяклі і прыгатавалі знарок да конкурсу яго ўдзельнікі, былі вартыя выставы. І нельга не пагадзіцца са старшынёй райвыканкама, які пашкадаваў, што такое хараство можа бачыць толькі журы. Дарэчы, прысутнасць на конкурсе М.М.Серкова толькі падкрэсліла значнасць мерапрыемства. Міхаіл Мікалаевіч выказаў сваё захапленне сем’ямі-ўдзельніцамі конкурсу і пажадаў, каб такі конкурс праходзіў больш масава.IMG_2767

— У нас ёсць нямала сем’яў, якімі можна ганарыцца. І будзе здорава, калі гэты гонар адчуе больш і больш людзей. Лепшыя сямейныя традыцыі патрэбна папулярызаваць, — адзначыў ён. IMG_2771

Аднак конкурс завяршыўся, вынікі падведзены. Па колькасці набраных ачкоў журы вызначыла пераможцаў – сем’і Малыхаў, Дзягеляў і Пятрашкаў. Ад райвыканкама ім былі ўручаны грашовыя прэміі. І не залежна ад занятых месцаў усім сем’ям падарункі падрыхтавалі прафкамы арганізацый, у якіх працуюць удзельнікі конкурсу, і тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Дапамаглі правесці мерапрыемства і спонсары – кіраў-нікі прадпрыемства “ЮНІМІЛК” і раённай арганізацыі Фонду міру, уладальнікі магазінаў “100 мелочей”, “Мечта хозяйки”, “Уют”. Упрыгожылі конкурс сваімі выступленнямі ўдзельнікі эстраднай студыі ГДК Арцём Мацкевіч, Валя Іванцова, Лера Пудоўкіна, Наталля Трус, Ірына Кулініч і вядучыя Анастасія Ціхановіч і Антон Чэга.IMG_2769

Думаецца, што гэтае цудоўнае свята ўсім прысутным запомніцца надоўга. Яно яскрава паказала, як трэба любіць і берагчы сваю сям’ю, каб зразумець,   што такое шчасце.

Галіна Каляда. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *