Вторник, 20 октября 2020

60 гадоў у згодзе і любві пражылі Васюковічы з вёскі Сілічы

1 143

Добрых гаспадароў відаць здалёк: па чысціні і парадку на сядзібе. Таму доўга не давялося шукаць дом Васіля Данілавіча і Ніны Антонаўны Васюковічаў у вёсцы Сілічы. Нагода для сустрэчы была значнай: пара адзначае 60-годдзе сумеснага жыцця.

Гэтых людзей у вёсцы  ведаюць і паважаюць усе: за працавітасць і ўменне па-людску жыць сярод людзей. А жыццё давялося пражыць нялёгкае. На іх долю выпала ваеннае ліхалецце, калі вёскі Сілічы і Руднікі, адкуль родам, былі амаль поўнасцю спалены. Падчас Вялікай Айчыннай вайны згарэлі і іх бацькоўскія хаты. Успаміны пра тое, як давялося выжываць ад холаду і голаду ў зямлянцы, дзіцячая памяць захавала назаўсёды…

IMG_0835

 

А пасля была нястомная праца. Пасля вайны васямнаццацігадовы хлопец Васіль апынуўся ў шахце ў Варашылаўградскай вобласці. Ніна Антонаўна заўсёды працавала ў сельскай гаспадарцы.

— У калгасе, — усміхаецца яна, — з калыскі працую. Была паляводам, пасля даяркай. Ужо ў той час па чатыры тысячы кілаграмаў малака ад каровы надойвала…

Пазнаёміліся будучыя муж і жонка ў клубе, калі вярнуўся Васіль Данілавіч у родную вёску. І доўга не вагаліся. Так з’явілася новая сям’я. Пачалі будавацца. А неўзабаве нарадзіліся трое дачок – Лена, Валя, Люба. На той час маці гаспадара памерла. Бацька быў стары. І, каб дабудаваць хату і дачок даглядзець, паспець зрабіць усе справы па гаспадарцы, давялося спачатку Васілю Данілавічу ўладкавацца на работу вартаўніком.

— Ні дэкрэтных адпач

ынкаў тады не было, ні дзіцячага садка, — успамінаюць муж і жонка. – Дамо па кавалачку хлеба з цукрам дзецям, зачынім у хаце, а самі – у лес па дровы. Сэрца ад трывогі за іх сціскалася. Аднак інакш не магчыма было. Дапамогі чакаць не было адкуль.

За нястомную працу ў калгасе, а тады, як успамінае Ніна Антонаўна, даіць кароў даводзілася тройчы на дзень (на першую дойку ўставалі пасярод ночы), жанчына была адзначана шматлікімі ўзнагародамі. Акрамя  медалёў, яна была ўзнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”.IMG_0809

На пытанне: “Як удалося пражыць такое жыццё дастойна?” — Васюковічы адказваюць:

— Мы ў згодзе жылі: даравалі і падтрымлівалі адзін аднаго. Ніколі ні з кім не сварыліся і ў вочы да людзей, як кажуць, не лезлі. Дзякуем Богу за добрых суседзяў і людзей, якія жылі і працавалі побач. Ну, а зараз толькі радуемся свайму багаццю – тром дачкам, пяці ўнукам, шасці праўнукам. Добры пакінулі пасля сябе след.IMG_0806

Галіна Каляда, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *