Суббота, 31 октября 2020

У Стойлах прайшло свята ў гонар адзінага жыхара

1 584

Спяшаючыся на свята «Я родам са Стойлаў», я, як, напэўна, і большасць людзей, якія з’яўляліся  ўсяго толькі староннімі назіральнікамі рэалізацыі праекта «Вясковы рэнесанс», задавалася пытаннем: няўжо выміраючыя вёскі сапраўды могуць набыць другое жыццё? Прызнаюся шчыра, яшчэ паўгода таму, калі ў глухіх на сённяшні дзень Стойлах, дзе застаўся ўсяго толькі адзін жыхар (няхай сабе і народны майстар з самабытным талентам), пачынаўся міжнародны праект, я адзназначна сказала б «не». У прынцыпе, як, напэўна, большасць людзей. Але пасля ўбачанага 24 мая каюся: моцна памылялася, калі думала, што ў дажываючых свой век вёсак няма будучага. Чаму? Пра ўсё па парадку…24май2014_0306

Варта адзначыць, што  назву праекту — «Вясковы рэнесанс» — далі вельмі трапную: дзякуючы яму Стойлы сапраўды быццам адрадзіліся. Пра гэта сведчаць і павышаная цікаўнасць да Стойлаў, і адметныя падзеі, што адбываліся тут у апошнія некалькі месяцаў, і тая вялікая колькасць людзей, якія прыехалі на свята «Я родам са Стойлаў». Большасць — выхадцы вёскі, у якіх тут засталіся радавыя гнёзды.24май2014_0295

Пра тое, з чаго ўсё пачалося, расказала кіраўнік прадстаўніцтва ў Беларусі нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў Галіна Верамейчык:

— «Вясковы рэнесанс» — частка буйнога праекта «Жывая гісторыя майго краю», з назвы якога бачна, што размова ідзе пра мясцовыя культуру і гісторыю. Галоўнай мэтай для нас было захаванне лакальнай культуры ў сельскіх мясцовасцях. Да слова, для ўдзелу ў конкурсе было даслана амаль 80 заявак фактычна з усіх рэгіёнаў краіны, а адабралі ўсяго 12.24май2014_0351

Пашанцавала і Стойлам. Як прызналася суразмоўца, выбіраючы праекты, улічвалі шэраг крытэрыяў, найперш аддаючы перавагу цікавым ідэям. Менавіта ідэя «Вясковага рэнесансу» і падкупіла: з аднаго боку — аўтэнтычная культура дадзенай мясцовасці, з другога — Мікалай Тарасюк як яе прадстаўнік, унікальная з’ява гэтай культуры і проста цікавая асоба не толькі для Берасцейшчыны, але і для краіны ўвогуле. Акрамя таго, экспанаты яго драўлянай энцыклапедыі сялянскага жыцця не вечныя, таму пытанне захавання вынікаў карпатлівай шматгадовай працы мастака набыло асаблівую актуальнасць.

Трэба аддаць належнае і аўтару праекта Ларысе Быцко, якая стала яго рухавіком: загадчыца аддзела традыцыйнай культуры абласнога грамадскага культурнага цэнтра не проста папрацавала над заяўкай — яна ўклала ў яе душу.24май2014_0395

— Калі чыталі заяўку,— прызнаецца Галіна Верамейчык, — мы, яшчэ не пабываўшы ў Стойлах, ужо ўяўлялі сабе і Мікалая Тарасюка, і яго драўляны народ. Увогуле, фактычна ўся гісторыя вёскі Стойлы была прадстаўлена так, што застацца раўнадушным было вельмі складана.

Акрамя таго, не апошнюю ролю адыграла ўвесь час непакоячае пытанне: што можна рабіць з вёскамі, якія знікаюць, ці варта ўвогуле ўкладваць сродкі ў такія тэрыторыі? Прадстаўніцтва вырашыла на канкрэтным прыкладзе даказаць, што пакуль людзі памятаюць пра вёску, пра яе жыхароў, пра тое, што там адбывалася, чым жылі мясцовыя людзі і што засталося пасля іх, такія вёскі цалкам не знікнуць. Такім чынам падобныя «Вясковаму рэнесансу» праекты даюць шанц знікаючым вёскам аднавіцца ці хаця б захавацца ў памяці людской. У дадзеным выпадку хутчэй за ўсё патрэбна гаварыць пра нейкія нематэрыяльныя вынікі, якія, нягледзячы на сваю неадчувальнасць, не губляюць каштоўнасці. Што тычыцца ацэнкі праекта  самімі фундатарамі, яны высока ацанілі ўсю выкананую работу, заўважыўшы, што галоўная адзнака — людская: трэба, каб яны былі задаволены, праяўлялі сваю зацікаўленасць, а не па-абывацельску назіралі за тым, што адбываецца.24май2014_0421

На мой погляд, зрабіць з людзей не назіральнікаў, а ўдзельнікаў праекту ўдалося: некаторыя дапамагалі збіраць этнаграфічныя звесткі, іншыя з задавальненнем самі выступалі ў якасці крыніцы гэтых звестак. І галоўнай рухаючай сілай, натхняльнікам стаў апошні жыхар вёскі Мікалай Тарасюк. Ураджэнцы Стойлаў усе без выключэння адзначалі: каб не яго «Успаміны Бацькаўшчыны», гэтага свята не было б наогул.

Фігуркі людзей Тарасюк пачаў выразаць з малых гадоў. Але экспанатамі музея  яны сталі толькі тады, калі перасталі ўмяшчацца ў хаце, і самабытны разьбяр прыняў рашэнне будаваць для іх асобнае «жыллё». Сёння ў музеі больш за паўтысячы драўляных жыхароў, яшчэ некалькі соцень знаходзяцца ў экспазіцыях шэрагу ўстаноў краіны. Пра драўляны люд Тарасюка ведаюць не толькі ў Беларусі і краінах былога Савецкага Саюза, але і за мяжой. Без перабольшвання, аналагаў яго работам няма ў свеце.24май2014_0462

Разьбяр-самародак, дарэчы, за перыяд рэалізацыі праекта таксама зрабіў свой матэрыяльны ўклад — паставіў непадалёку ад хаты паклонны крыж, выразаны ва ўласцівай яму манеры. З яго асвячэння і  пачалася афіцыйная частка свята. Затым такі ж самы хрысціянскі абрад ажыццявілі і з вялікім шасцімятровым крыжам, устаноўленым на ўездзе ў вёску на перакрыжаванні дарог са Шчарбоў і Брадоў, які напачатку мая зрабілі майстры-разьбяры Уладзімір Чыквін і Вячаслаў Дароцька.24май2014_0470

А найбольшую інтрыгу выклікала гісторыка-этнаграфічная карта Стойлаў — адзін з галоўнейшых матэрыяльных набыткаў праекта. На ёй вёска адлюстравана такой, якой яна была ў мінулым стагоддзі. Блакітным колерам пазначаны хаты, якіх сёння ўжо няма, карычневым — тыя, што стаяць і цяпер, куды калі-нікалі  прыязджаюць нашчадкі былых гаспадароў. «Ізюмінка» яшчэ і ў тым, што  хаты падпісаны «вулічнымі»  мянушкамі на мясцовым дыялекце. Што тычыцца прозвішчаў, то ў асноўным тут жылі Грыгарчукі, але былі і Ганчарукі, Ганчукі, Тарасюкі, Баханковічы, Несцерукі, Ніжнікі, Цыбулі… На адваротным баку — старыя фотаздымкі з сямейных архіваў. Нашчадкі тых карэнных стойлаўцаў доўга з цікаўнасцю разглядалі фота, з радасцю знаходзілі на іх родзічаў.

Але найбольш прыемна было назіраць за эмоцыямі людзей, якія прыехалі на свята і сустрэлі тут сваіх знаёмых, з якімі не бачыліся дзясятак гадоў, а то і больш. Па выразах твараў некаторых людзей, здавалася, што землякі знаёміліся быццам ізноў. Вядома, дзяліліся навінамі, успаміналі былое…24май2014_0535

Адны са старэйшых выхадцаў вёскі брат і сястра Сцяпан і  Вольга Грыгарчукі з нейкай асаблівай настальгіяй  расказвалі на камеру пра гады сваёй маладосці:

— Сяло вялікае было. Людзі тут добра жылі: умелі і працаваць шчыра, і адпачываць ад душы.

У іх памяці адклаліся ўспаміны пра гады ваеннага ліхалецця, пра перыяд стварэння калгасаў, калі ў бацькі, які адмовіўся ўступаць у калгас, забралі зямлю, як доўгімі зімовымі вечарамі дзяўчаты пралі, як ладзіліся вячоркі з танцамі і яшчэ многа-многа чаго. Самы сумны з успамінаў — як Стойлы пачалі пусцець: людзей стала меншаць у 80-я гады мінулага стагоддзя — маладыя ў горадзе заставаліся, а старыя пакрысе сталі паміраць.

— Хто ж мог падумаць, што ў гэтай вёсцы не будзе каму жыць? — уздыхаюць сёння людзі старэйшага ўзросту.

Нямала сямейных гісторый Стойлаў ужо ведае і Ларыса Быцко, якую тут цяпер лічаць сваёй. Да слова, Тарасюк натхняе яе на новыя пачынанні вось ужо каля 20 гадоў. Жанчына з мужам, які па роду прафесійнай дзейнасці хаця і далёкі ад галіны культуры, але з непадробным задавальненнем дапамагае жонцы ў яе культурных пачынаннях, нават хату прыкупілі ў гэтай вёсачцы.24май2014_0579

— Праект абавязкова павінен даць свой вынік, — шчыра спадзяецца Ларыса Мікалаеўна. — Цяпер турысты тут будуць яшчэ больш частымі гасцямі, а, магчыма, праз нейкі час Стойлы стануць увогуле турыстычным комплексам. А цікаўнасць да музея і вёскі пацвердзіла запатрабаванасць свята. Зразумела, Стойлы не атрымалі бы такую папулярнасць без Тарасюка, але і Тарасюк — гэта прадукт вёскі: сёння ён, напэўна, не быў бы тым, кім ёсць, каб не нарадзіўся ў гэтым пушчанскім краі.

У аўтара і каардынатара праекта Ларысы Быцко вялікая колькасць планаў на будучыню, але, каб не сурочыць, яна не стала імі дзя-ліцца.

Згадзіцеся, незвычайна: вёскі быццам бы і няма,  а яе свята сабрала дзве сотні  людзей. Асабіста я магу гэта растлумачыць толькі тым, што апошнім часам нам становіцца ўсё больш уласціва  вяртацца да сваіх гістарычных каранёў.

Цікава, што фальклорныя гурты самі прасіліся прыехаць у Стойлы, каб прыняць удзел у этнаграфічным канцэрце. Затое гандаль праігнараваў мерапрыемства: кажуць, што пазапланавая аўталаўка, якая прыехала пасля, — адказ райспажыўтаварыства на аператыўную заўвагу старшыні райвыканкама. Шчыра кажучы, мне незразумела: замест таго, каб скарыстацца магчымасцю зарабіць на выязным гандлі (а мяркуючы па цэнніках на стравы ў гандлёвых палатках падчас падобных мерапрыемстваў, прыбытак ёсць), лепш затым скардзіцца на фінансавае становішча. І няхай хтосьці са мной не згодзіцца, абгрунтоўваючы тым, што выязны гандаль — падстава ператварыць свята ў папойку,  скажу так: кожны знаходзіць тое, што шукае. Хто жадае — нап‘ецца  нават пры адсутнасці спіртнога на прылаўках, але ці ж гэта падстава адмовіць людзям, якія прыехалі здалёк і цэлы дзень бавілі час у вёсцы, у магчымасці нават проста папіць-паесці?24май2014_0780

Але, здаецца, нішто не змагло азмрочыць свята, стаўшае своеасаблівым крокам Стойлаў у іншую эпоху. Здаецца, адзіны жыхар вёскі М.В.Тарасюк таксама быў задаволены, раз-пораз пускаючы сентыментальную слязу: у гэты дзень яго малая радзіма быццам ізноў ажыла, а побач былі дзеці-ўнукі, землякі, людзі, неабыякавыя да яго творчасці і проста цікаўныя. І нават часовы нядуг, з-за якога дзеду выклікалі «хуткую», не паўплываў на яго бадзёры настрой. Дарэчы, майстар не застаўся ў даўгу перад гасцямі і правёў уласнае ўзнагаро-джанне, падрыхтаваўшы дзясятак падзяк усім, хто меў дачыненне да арганізацыі гэтага свята. За павагу да Бацькаўшчыны, падтрымку смелых крэатыўных ініцыятыў, стварэнне спрыяльных умоў для рэалізацыі праекта «Вясковы рэнесанс» і дапамогу ў арганізацыі свята падзякі атрымалі начальнік ад-дзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Канстанцін Панімаш, работнікі аддзела Люцына Хільковіч і Алена Сушыцкая, Аляксандр і Ларыса Быцко, аўтэнтычныя калектывы —  фальклорны гурт «Жэмэрва» (Польшча), дзіцячы калектыў «Дараносіца» (в.Хмелева), сталічныя фальклорныя гурты «Мярэжа» і «Рада» і іншыя, людзі, якія дапамагалі ў арганізацыі свята і падрыхтоўцы праекта.

Неафіцыйнае святкаванне працягвалася да позняй ночы: быццам некалі на вячорках, старэйшыя людзі дзяліліся ўспамінамі, маладзейшыя весяліліся.  Амаль у кожнай хаце ў гэты вечар свяціліся вокны…24май2014_0645   контур

І ўсё ж. Ці ёсць у Стойлаў  будучае? Ці сапраўды чакае вёску з адзіным жыхаром рэнесанс? На сённяшні дзень адказ на гэтыя пытанні, безумоўна, станоўчы. Дзякуючы праекту, дзякуючы неабыякавым да лёсу вёскі людзям, якіх цяпер набярэцца некалькі дзясяткаў… Тым больш, што мясцовыя ўлады паабяцалі, што падобныя  святы тут стануць штогадовымі. Галоўнае — каб у душы не было пустэчы, тады і памяць пра продкаў будзе жыць, і вёска ніколі не знікне з карты Беларусі.

Марына Вакульская. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *