Четверг, 18 апреля 2024

Ветеран Великой Отечественной войны Виктор Слобода: «Цените мир, уважаемые»

1 388

На сённяшні дзень В.П.Слабада — адзіны ветэран вайны ў вёсцы Ясень. Пазнаёміцца з ім давялося дзякуючы лісту, які Віктар Пятровіч даслаў у рэдакцыю. У ім ён расказаў пра сваё апаленае вайной юнацтва, але за скупымі радкамі чыталася штосьці большае, што вымусіла з’ездзіць у пушчанскую вёсачку, каб пазнаёміцца з пенсіянерам. Інтуіцыя не падвяла: ён аказаўся цікавым субяседнікам, сентыментальным суразмоўцам і проста ўмудроным жыццёвым вопытам чалавекам…Ветеран_IMG_6115

«Мая малая радзіма —  вёска Андрыянаўка, там прайшло маё дзяцінства, — расказвае Віктар Пятровіч.

— У школу пачынаў хадзіць за польскім часам.

З дзіцячых гадоў асабліва запомніўся пачатак другой сусветнай вайны. Першага верасня пасля канікулаў сабраліся ісці ў школу, як раніцай нізка над вёскай праляцеў самалёт з фашысцкай свастыкай — пачалася вайна. Вучобу, зразумела, прыйшлося адкласці.

Вясковым мужчынам аб’явілі аб мабілізацыі ў польскую армію. Двое з тых прызыўнікоў не вярнуліся дамоў: адзін загінуў, другі трапіў у палон. А праз тыдзень-другі ў вёсцы стаялі ўжо савецкія войскі. Жыццё пайшло на іншы лад: замест польскай мовы ўсе павінны былі гаварыць па-руску, польскіх асаднікаў (былых легіянераў польскага войска), якія жылі пераважна на хутарах, хутка выжылі. Але ўсё б нічога — да ўсяго можна прызвычаіцца, каб не Вялікая Айчынная вайна.

Як сёння памятаю, 22 чэрвеня 1941 года я быў у начным, пасвіў коней. Гарэў касцёр, нам, падлеткам, хацелася весяліцца. А пад раніцу ўбачылі самалёт, які паляцеў у накірунку Пружан. Неўзабаве пачуліся гукі выбухаў, як пазней даведаўся ад старэйшай сястры, гэта быў варожы налёт на Куплінскі аэрадром. Нягледзячы на немалую адлегласць, нават у нашай Андрыянаўцы бачылі зарава ў накірунку Брэста — бамбілі горад над Бугам. З дарослых з намі быў Якаў Разанка, які і растлумачыў: «Вайна гэта, хлопцы. Гора цяпер хопіць на кожнага…» У 1945-м Разанка загінуў пад Варшавай.

На маю падлеткавую долю сапраўды выпала нямала нягод. Прыкладна праз год, у няпоўных пятнаццаць мяне вывезлі на прымусовыя работы ў Германію. У баўэра я даглядаў коней, даіў кароў, выконваў іншую сельскагаспадарчую работу. Біць — не біў, але карміў гаспадар нас слаба, дзякуй Богу, з голаду не памёр.

А ў сакавіку 1945-га нас вызвалілі чырвонаармейцы, і я адразу ж быў прызваны на службу. Пасля адпаведнай праверкі адправілі ў запасны полк, дзе крыху абучылі стральбе, а на пяты дзень накіравалі ў роту. Ваяваць давялося зусім мала: вечарам першага ж майго баявога дня падчас вулічных баёў за вызваленне Кёнігсберга мяне раніла. У санбаце асколак не заўважылі, параўнальна нядаўна толькі высветлілася, што ён ёсць — паміж першым і другім рэбрамі. Перамогу сустрэў у запасным палку.

Затым удзельнічаў у прачосванні лясоў на тэрыторыі Польшчы, быў старшым тэлефаністам. У родную Андрыянаўку вярнуўся толькі вясной 1951 года, інвалідам ІІ групы. Але лепш так, чым як старэйшы брат Васіль, які наогул не вярнуўся дамоў: незадоўга да пачатку Вялікай Айчыннай яго забралі на зборы пад Пінск, служыў у сапёрных войсках.

Дарэчы, бацькі ўжо згубілі надзею і на маё вяртанне: бацька вельмі набожны быў — нават запіску ў царкве падаваў за ўпакой…»

Падчас акупацыі Андрыянаўку немцы перайменавалі ў Аннапаль, што нарабіла блытаніны ў архіўных дакументах. Таму В.П.Слабада так і не знайшоў праўды, што быў вязнем. Нялёгкае жыццё на чужыне пацвярджаюць толькі гэтыя ўспаміны.

У мірны час Віктар Пятровіч пачынаў жыццё быццам з новага ліста: працаўладкаваўся ў Ясеньскае лясніцва, дзе і шчыраваў да выхаду на заслужаны адпачынак. Перш чым стаць лесніком, будучы бацькам трох дзяцей, заканчваў школу ў Шарашове, куды кожны вечар ездзіў пасля працоўнага дня на веласіпедзе, затым завочна атрымліваў дыплом у Маленскім лясным тэхнікуме, што ва Украіне. І было б несправяд-ліва не адзначыць, што ўсё ўдавалася і дзякуючы яго вернай спадарожніцы жыцця Валянціне Фамінічне, якая заўсёды падтрымлівала мужа. Маючы за плячыма толькі школьную адукацыю, яна і сёння, на схіле гадоў, вылучаецца кемлівасцю, мудрасцю, разважлівасцю.

— Ды я ўсяго сем класаў закончыла, — адказвае пажылая жанчына на наша меркаванне аб яе высокай адукаванасці, — умовы жыцця не дазвалялі развівацца. Лёгкага хлеба не ведала: моцнай загартоўкай стаў ранні адыход з жыцця мамы, якая дала наказ пажыць і за яе. Магчыма, яна з таго свету і спрыяе, што адлік майго веку ўжо на дзявяты дзясятак пайшоў. Каб штосьці нажыць, даводзілася шмат і нялёгка працаваць: разам і зямлю абраблялі, і сена касілі. Да работы дзяцей прывучылі: праца яшчэ нікога не аканфузіла.

Сёння, на схіле гадоў, пенсіянеры лічаць сябе як ніколі багатымі: гавораць, што даражэй за двух сыноў, дачкі, пяці ўнукаў і трох праўнукаў у іх жыцці нічога няма.

— Крый Бог, каб нашыя дзеці і ўнукі пазбавіліся штадзённых радасцяў, — дадае Віктар Пятровіч. — Маё пакаленне спаўна расплацілася, каб нашчадкі жылі пад мірным небам. Шануйце мір, паважаныя!

Марына Вакульская.

Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *