На мінулым тыдні на працягу чатырох дзён на тэрыторыі нашага раёна праходзіла рэспубліканская спартакіяда дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ сярод юнакоў і дзяўчат па веласпорце на шашы. Удзел у спаборніцтвах бралі каля 140 велагоншчыкаў, якія прадстаўлялі 20 каманд з усёй рэспублікі.
Падчас урачыстага адкрыцця спартакіяды да спартсменаў звярнуліся галоўны спецыяліст упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Н.І.Мелех і загадчык сектара спартыўна-выхаваўчай работы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама М.С. Шчыпанаў, галоўны суддзя, суддзя вышэйшай нацыянальнай катэгорыі М.П.Камінскі. Удзел ва ўрачыстасці брала таксама начальнік нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па веласпорце А.М.Шупікава.
У праграме спаборніцтваў — гонка на час, камандная гонка, групавая гонка і гонка крытэрыум. Асноўныя падзеі разгортваліся на аб’язной дарозе ўздоўж Белавежскай пушчы.
Пружанскія спартсмены (трэнеры А.Г.Плеска і Ю.А.Валкавыцкі) выступалі за каманду Брэсцкай СДЮШАР прафсаюзаў, якая па выніках спаборніцтваў стала чацвёртай. Удала выступілі нашы дзяўчаты: Хрысціна Білецкая выйграла гонку крытэрыум, заваявала другое і трэцяе месца ў іншых гонках, а Вольга Кабанчук была другой у каманднай гонцы.
Па выніках спартакіяды перамаглі спартсмены мінскага гарадскога Цэнтра алімпійскага рэзерву, другое месца дасталося велагоншчыкам СДЮШАР-2 «Дынама» (Мінск), і трэцяе — СДЮШАР-1 (Магілёў).
На здымку: пружанскія спартсмены разам з трэнерам Ю.А.Валкавыцкім.
Мікола Архуцік.
Фота Сяргея Талашкевіча.