Вторник, 20 октября 2020

Почему Пружаны остались без футбола?

1 824

Футбол у свеце лічыцца самым папулярным гульнявым відам спорту. І гэта нельга аспрэчваць. У такіх футбольных краінах, як Бразілія, Аргенціна, Германія, Англія, Іспанія, Італія, гэта — сапраўднае шоу. На матчах чэмпіянату тут збіраецца па некалькі дзясяткаў тысяч балельшчыкаў.

Зразумела, нам далёка да футбольных дзяржаў.   І тым не менш, гульні чэмпіянату вобласці з удзелам ФК «Пружаны» збіралі на стадыёне нямала людзей, неабыякавых да футбола.

І раптам як гром сярод яснага неба — сёлета пружанская каманда не будзе ўдзельнічаць у чэмпіянаце вобласці. І, на жаль, гэта не першакрасавіцкі жарт.Futbol_full

Давайце заглянем крыху ў гісторыю. Балельшчыкі са стажам, напэўна, памятаюць яшчэ той час, калі наша каманда гуляла ў другой лізе чэмпіянату Рэспублікі Беларусь. Было гэта ў канцы 90-х гадоў, а на трыбунах старога стадыёна не хапала месцаў для балельшчыкаў. У складзе той каманды гулялі мясцовыя футбалісты Аляксандр Бажко, Сяргей Сахарук, Васіль Жук, Сяргей Зайко, Ігар Чахачоў, Віктар Чабай, Віталь Паўлюсюк. І гэта пры тым, што ў нас не было аддзялення футбола пры дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе.

Час быў няпросты для эканомікі раёна, тым не менш знаходзіліся фінансавыя сродкі для падтрымкі спорту.

Добра вядома, што вялікі футбол пачынаецца з дзіцячага. Цяпер у пружанскіх хлопчыкаў ёсць магчымасць займацца любімым відам спорту ў ДЮСШ №1, дзе плённа працуе трэнер Алена Адамчук. Імёны яе выхаванцаў Дзмітрыя Грышкевіча, Яўгена Бабрука, Антона Кусцінскага добра вядомы ў футбольным свеце краіны. З нецярпеннем чакаем таго часу, калі гэтыя хлопцы выйдуць на поле ў асноўных саставах бабруйскай «Белшыны», мінскага і брэсцкага «Дынама».

Але існуюць свае праблемы і ў ДЮСШ №1. У прыватнасці, працяглы час застаецца вакантнай пасада другога трэнера па футболе. Ці не таму Пружаны не могуць пахваліцца колькасцю таленавітых майстроў скуранога мяча?

 

На працягу многіх гадоў развіццё і поспехі пружанскага футбола мы звязвалі са старшынёй праўлення ФК «Пружаны» — прадпрымальнікам М.В.Папко. Гэты чалавек унёс вялікі ўклад у развіццё нашага футбола. ФК «Пружаны» неаднойчы станавіўся чэмпіёнам вобласці і ўладальнікам кубка, чэмпіёнам рэспублікі сярод аматарскіх каманд.

Праўда, неабходна ад-значыць і тое, што апошнім часам ФК «Пружаны» складаўся практычна толькі з адных легіянераў і два апошнія сезоны не трапляў у лік прызёраў чэмпіянату. Аднак гэта, паводле слоў М.В.Папко, не ад добрага жыцця. Адкуль узяцца класным мясцовым футбалістам, калі нават паўнацэннага чэмпіянату раёна арганізаваць не можам?

Ды, напэўна, Мікалаю Васільевічу цяжка стала аднаму цягнуць гэты футбольны воз, пастаянна пераадольваць фінансавыя праблемы, і сёлета каманда ўвогуле не заяўлена да ўдзелу ў чэмпіянаце вобласці.

Як паведаміў чыноўнік, які адказвае за развіццё спорту ў раёне, асноўнай прычынай адмовы стала адсутнасць фінансавых сродкаў. Па яго падліках, для ўдзелу каманды ў чэмпіянаце вобласці неабходна на сезон хаця б 70-80 мільёнаў рублёў. Зразумела, што ў бюджэце такая сума адразу не знойдзецца, а вось спонсарская дапамога была б у самы раз. Але гэтым пытаннем патрэбна было займацца загадзя, а не перад самым пачаткам чэмпіянату. Не верыцца, што ў нашым раёне перавяліся кіраўнікі, якія падтрымалі б каманду. Хаця на гэтую праблему можна паглядзець і з іншага боку. Фінансаваць каманду (тым больш з бюджэту), у якой практычна адсутнічаюць свае, мясцовыя ігракі, — ці не занадта вялікая шчодрасць?

А што ж рабіць сёлета пружанскім аматарам, каб глядзець футбол не толькі па тэлевізары? Адказ адназначны: патрэбна ехаць да суседзяў у Кобрын, Бярозу або Брэст. Дарэчы, толькі адзін Камянецкі раён выставіў на чэмпіянат вобласці сёлета, як і летась, ажно тры каманды. І толькі два раёны засталіся без футбола: Пружанскі і Жабінкаўскі.

Не хацелася б заканчваць свой артыкул на песімістычнай ноце. Так хочацца верыць, што ў наступным сезоне футбольная каманда Пружанскага раёна возьме ўдзел у чэмпіянаце вобласці.  Дарэчы, спадзяецца на гэта і старшыня футбольнага клуба «Пружаны» М.В.Папко. Нягледзячы на фінансавыя цяжкасці, Мікалай Васільевіч абяцае, што ФК «Пружаны» сёлета ўсё ж прыме ўдзел у розыгрышы Кубка вобласці.

Мікола Архуцік.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *