Суббота, 24 октября 2020

Репортаж с празднования Дня Победы в Пружанах

5 472

Нават сонца ў гэты дзень свяціла асабліва, лагодна саграваючы сваімі промнямі прахожых. Святочна апранутыя людзі, з кветкамі і яркімі шарамі ў  руках, масава збіраліся на цэнтральных вуліцах і каля гарадскіх абеліскаў. Так пачыналася ў Пружанах святкаванне адной з самых значных падзей у жыцці кожнага чалавека — Дня Перамогі.

Выступаючы на мітынгу каля брацкай магілы на гарадскіх могілках, старшыня раённага савета ветэранаў М.Я.Дулько гаварыў аб Вялікай Айчыннай вайне, як аб самай кровапралітнай. Ён узгадаў пакутлівую беларускую зямлю, якая на той вайне страціла кожнага трэцяга жыхара. Гаварыў пра подзвіг савецкіх воінаў і мірных жыхароў, хто цаной асабістага жыцця набліжаў Вялікую Перамогу. Пранікнёна гучалі на мітынгу і словы вучаніцы СШ №1 Ірыны Несцярчук, якая дзякавала вызваліцелям за шчаслівае мірнае жыццё. Настаяцель Спаса-Праабражэнскай царквы айцец Ігар, аддаючы даніну памяці загінуўшым, правёў памінальную ліцію. Кіраўніцтва раённай улады, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, грамадскасць усклалі кветкі да брацкай магілы вызваліцеляў. Як напамін пра іх подзвіг прагучаў ружэйны залп.IMG_7659

А неўзабаве цэнтральныя вуліцы горада напоўніла мора людзей: дэлегацыі працоўных калектываў і прадстаўнікоў грамадскасці ў святочным шэсці накіраваліся да помніка спаленым вёскам.

Узначальвалі шэсце школьнікі і навучэнцы каледжа, удзельнікі акцыі БРСМ “Бессмяротны полк”. Яны неслі партрэты прадзедаў, якія падчас Вялікай Айчыннай вайны змагаліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Удзел у акцыі прынялі ўсе гарадскія школы і гімназія, сямнаццаць вясковых школ, аграрна-тэхнічны каледж.

Каб успомніць тых, хто прайшоў дарогамі вайны, сабралася каля помніка спаленым вёскам мноства людзей. Адкрываючы мітынг, старшыня райвыканкама М.М.Серкоў павіншаваў прысутных са святам. Словы ўдзячнасці адрасаваў ён ветэранам, якія, здабыўшы перамогу, далі нам магчымасць адчуваць сябе людзьмі.

— Шматлікія замежныя госці, — заўважыў Міхаіл Мікалаевіч, — якія наведваюць Пружанскі раён, захапляюцца ўбачаным і цікавяцца нашым “сакрэтам”. А ён просты – любіць малую радзіму, ганарыцца вялікай Радзімай, уносіць свой пачэсны ўклад у развіццё горада і раёна. Тады ветэраны з гонарам будуць надзяваць свае ўзнагароды і  маршыраваць толькі на святочных парадах.IMG_7516

Узнёслыя словы падзякі за Перамогу ў сваіх выступленнях выказвалі  вызваліцелям ветэран Вялікай Айчыннай вайны І.М.Алякумаў, выконваючы абавязкі намесніка камандзіра 181 баявой верталётнай базы па ідэалагічнай рабоце А.К.Сіраеў, выкладчыца каледжа А.В.Вайтовіч, святар Свята-Мікалаеўскай царквы айцец Аляксандр. Яны ўспомнілі слаўны баявы шлях савецкіх войскаў, дзякавалі ветэранам за дзіцячыя ўсмешкі і мірнае неба. Найсардэчнейшае віншаванне са святам адрасаваў прысутным віцэ-стараста Гайнаўскага павета Рэспублікі Польшча Анджэй Скепка, які прыняў удзел у святочных мерапрыемствах.

Да помніка былі ўскладзены кветкі. А пасівелыя ветэраны, якіх, на жаль, застаецца ўсё менш, віншаванні прымалі цэлы дзень. Цюльпаны і бэз ім падносілі як дарослыя, так і дзеці прама на вуліцы. У гэты дзень, 9 мая, яны былі героямі, як і 69 гадоў таму.

Святочныя мерапрыемствы прадоўжыліся ў гарадскім парку. На выставе “Чамадан памяці”, якую арганізаваў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, былі прадстаўлены ўзнагароды і адзенне ветэранаў, літаратура, выдадзеная ў іх памяць. Побач можна было паспытаць  салдацкай кашы, а далей у парку, каля сцэны, атрымаць асалоду ад цудоўнага канцэрта, які далі лепшыя творчыя калектывы і салісты раёна. Для прысутных спявалі хоры “Чырвоны гваздзік” і “Вербніца”, салісты “Родников” і ўзорнай эстраднай студыі “Меладзін”, танцавалі “Круцёлачкі”, “Рубікон”, “Ойра”… І выступалі настолькі ад душы, што гледачы падтанцоўвалі і падпавялі разам з артыстамі.IMG_7720

А неўзабаве музычную эстафету перанялі школьнікі. Прадстаўнікі ўсіх гарадскіх школ і гімназіі спаборнічалі ў конкурсе літаратурна-музычных кампазіцый “Пісьмо з фронту”. Сваёй пранікнёнасцю той творчы паядынак, думаю, нікога не пакінуў раўнадушным. Вызначыць лепшых журы было нялёгка. Аднак усё ж пераможца быў названы – СШ №3. І гэта выклікала апладысменты задаволеных гледачоў.

Вельмі прыемна, што песні ваенных гадоў, а разам з гэтым народныя беларускія, рускія і ўкраінскія песні добра ведаюць нашы польскія суседзі. Што на радасць пружанцаў і прадэманстравалі на свяце ўдзельнікі вакальнага гурта “Цаглінкі” з г.Нараўка. Ну, а жадаючыя паспяваць з ліку адпачываючых маглі гэта зрабіць падчас правядзення караоке-кафе ваенных песень. Былі вызначаны і свае пераможцы-аматары. Імі сталі Дар’я Рыбакова і Кірыл Шаўчэнка. Яны, а таксама тыя спевакі, якія занялі другое і трэцяе месцы, атрымалі падарункавыя сертыфікаты.

Людзі, для якіх у той  святочны дзень у парку выступалі артысты, працаваў выязны гандаль і дзіцячыя атракцыёны, яшчэ доўга не разыходзіліся. Бліжэй да вечара святочныя мерапрыемствы прадоўжыліся каля Палаца культуры. Там выступаў беларускі спявак Алег Сямёнаў, праходзіў вечар танцаў пад духавы аркестр і маладзёжная дыскатэка. А завяршылася свята прыгожым салютам.IMG_8070

Святочным шэсцем ад стадыёна да плошчы 17 Верасня пачаліся ўрачыстасці да Дня Перамогі ў Ружанах.

У шэсці прынялі ўдзел усе прадпрыемствы і арганізацыі гарадскога пасёлка. Узначалілі калону ваеннаслужачыя 210 авіяцыйнага палігона ВПС і войскаў СПА і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Для сабраўшыхся на плошчы ў цэнтры Ружан быў праведзены мітынг, на якім выступілі старшыня пасялковага савета ветэранаў Узброеных Сіл У.А.Папоў, начальнік палігона А.Я. Скальзаеў, іншыя.

У момант асаблівай пашаны загінуўшым воінам, калі людзі ўскладалі вянкі да помніка, прагучаў ружэйны залп ганаровай варты. Парадным разлікам прайшлі ваеннаслужачыя вайсковай часці. Маляўніча глядзеліся ў небе авіямадэлі, якія пад кіраўніцтвам В.В.Акінчыца запускалі гурткоўцы Ружанскага шматпрофільнага цэнтра. На  завяршэнне ўрачыстасцей канцэрт далі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці, асаблівасцю якога стаў дэбют хору ветэранаў пад кіраўніцтвам Т.А. Ахрамовіч.

Мітынгі каля месцаў пахавання загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны прайшлі таксама ў Кулянах, Варанілавічах, Кавалях і Калазубах. Каля ўсіх помнікаў загінуўшых у гады вайны на тэрыторыі пассавета былі ўскладзены кветкі.

***

Фактычна святкаванне Дня Перамогі ў Шарашове пачалося 8 мая, калі было арганізавана віншаванне ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ў пасёлку і ў вёсках Ясень, Крыніца, Белы Лясок. Раніцай 9 мая прайшоў мітынг каля брацкай магілы савецкім воінам і партызанам у в.Купічы. Там, як і каля брацкіх магіл у Шарашове і Крыніцы, былі ўскладзены вянкі і кветкі.

Пад духавы аркестр Пружанскай ДШМ працоўныя калектывы, школьнікі і па-гранічнікі рушылі ад будынка Шарашоўскай СШ да плошчы Фіміна. Там адбыўся мітынг, які адкрыў старшыня пасялковага Савета дэпутатаў Д.В.Чайкоўскі. З пранікнёнай прамовай звярнулася да прысутных старшыня пасялковага савета ветэранаў Н.А. Антановіч. Дзякавалі за Перамогу вызваліцелям кіраўнікі Шарашоўскай школы і пагранічнай заставы №2 імя Кафанава, мясцовыя святары.

Прадоўжыў урачыстасці тэматычны канцэрт, арганізаваны ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці.

***

Дням Перамогі, Дзяржаўнага герба і Дзяжаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь прысвяцілі мерапрыемства работнікі Сонечнага СДК.

Кадры ваеннай кінахронікі суправаджаліся песнямі. Успаміналі ўдзельнікаў і вязняў вайны. Многія людзі проста не маглі стрымаць слёз…  Перад прысутнымі выступіла вакальная група “Пружаначка”. Цёпла прымала публіка мясцовых спявачак Надзею Дзенісевіч, Алу Рабец, Віталя Герасімовіча, Ягора Шыпуля, маці і дачку Вольгу і Дыяну Сахарка.

За такія задушэўныя мерапрыемствы, якія прымушаюць успамінаць, перажываць і  радавацца, мясцовыя жыхары дзякуюць дырэктару СДК Наталлі Плеска і мастацкаму кіраўніку Святлане Багдановіч.

Галіна Каляда, Сяргей Талашкевіч (фота).

Один комментарий

  • Отличный праздник! красивые фото-жаль,ветеранов все меньше …

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *