Среда, 28 октября 2020

Куфэркі памяці: ад калаўрота да вучнёўскага сшытка з подпісам Уладзіміра Караткевіча

2 877

На гарышчы ў доме маіх бацькоў кожная рэч –  своеасаблівы куфэрак памяці. Унукі любяць паразважаць тут “пра жыццё”. Паднімаюцца па стромкай лесвіцы, утульна ўладкоўваюцца на лаўцы (дарэчы, старанна змайстраванай татам недзе ў другой палове 60-ых гадоў мінулага стагоддзя) і быццам вяртаюцца ў гісторыю жыцця  сваіх продкаў.

—Што за дзіўныя дошкі з цвікамі і дзіркамі? — дапытваецца сын.

Я і сама не адразу здагадваюся. Тлумачыць мама, якая побач, каля коміна, старанна ўкладвае цыбулю на зімовае захоўванне:

—Гэта ж разабраныя кросны! Звычайна зімою гэтыя дошкі здымаліся з гарышча і ў найбольш прасторным пакоі збіраліся ў спецыяльны станок  для ткацтва. У доўгія зімовыя вечары ткала на іх ільняное палатно, квяцістыя посцілкі на ложкі і яркія паласатыя дарожкі на падлогу яшчэ ваша прапрабабуля Насця. Потым кросны па спадчыне перайшлі маёй маме (вашай прабабулі) Шуры. А за ёю – мне. Вось ляжаць дарожкі (зусім, дарэчы, новыя), вытканы якраз на гэтых кроснах. У вашай гарадской кватэры падлога скрозь услана фабрычнымі дыванамі. А саматканыя дарожкі-ходнікі, бачыце, цярпліва чакаюць свайго часу на гарышчы. Спадзяюцца, што каму-небудзь яшчэ спатрэбяцца…kalaurot_1

Тут жа побач схіліліся да крокваў прасніца і калаўрот (скаваротка, як называе яго мама). На іх  прала, сучыла і матала на шпулькі ніткі для будучага палатна ці посцілкі бабуля Шура.

А вось выскаляе свае драўляныя,  вышчарбленыя з часам зубы качалка. Вы ніколі, напэўна, не здагадаецеся, што гэта ні што іншае, як прас.  Я сама не аднойчы бачыла, як «прасавала» ім бялізну мама: накручвала прасціну на качалку і качала яе тымі зубамі па лаўцы. Прасціна сапраўды рабілася мяккай і роўнай па ўсёй даўжыні.

Пад самымі кроквамі знайшоў сабе прытулак саржавелы ўжо ад часу жалезны прас, які награваўся вуглямі. Перад тым, як прасаваць бялізну тата (ці мама) махалі ім, як кадзілам,  і з дзірак у прасе ішоў дым. Нам, дзецям, прасаваць ім не дазвалялася: пры неасцярожным абыходжанні можна было не толькі апячы рукі, але і сапсаваць бялізну выпаўшым вугельчыкам. Тут жа, побач з цяжкім жалезным прасам, прымасціўся яго малодшы, электрычны сабрат. І ён таксама ўжо заняў сваё месца ў ліку нашых сямейных рарытэтаў. Адметна, што аўтаматычнага выключальніка на гэтым прасе яшчэ няма. Таму кожны раз, калі ён награваўся, трэба было вілку з разеткі выцягваць, інакш можна было спаліць бялізну. Уяўляю, якім цікавым экспанатам будзе гэты прас для маіх унукаў ці праўнукаў!прас

З другога боку на гарышчы радком стаяць гладышы: адзін жоўты і два – чорнай афарбоўкі. Розныя па форме і памерах. Не выключэнне, што вырабляў іх сам вядомы далёка за межамі Пружанскага раёна ганчар Антон Рыгоравіч Такарэўскі. Цяпер у кожным доме ёсць халадзільнік. І для таго, каб у летнюю спякоту малако не псавалася, зусім неабавязкова шукаць гліняны гладыш.

Ёсць на гарышчы і саламяныя рэчы.  Шыянка для збору ягад, кораб і сявенька… Гэта – вырабы ўмелых рук дзеда Івана. Праўда, у ягады з шыянкай ужо ніхто не ездзіць і муку ў корабе не захоўваюць. Стаяць яны пустыя і быццам бы нікому не патрэбныя. А сявенька, напэўна, яшчэ памятае дотык працавітых рук дзеда Івана і таты, якія насыпалі сюды зерне і шырока хадзілі па полі — сеялі, павесіўшы сявеньку на шыю, поўнымі жменямі…

Свая гісторыя і ў драўлянай маслабойкі – біянкі, як называе яе мама. Ох, я добра памятаю як нялёгка было збіваць на ёй масла! Асабліва калі смятана не падагрэтая…маслобойка

Скрыня таксама стаіць на гарышчы. Гэта ў ёй мама, калі ў далёкім 1951-ым годзе выходзіла замуж за тату, прывозіла на новае месцажыхарства свой пасаг: коўдру, саматканае палатно, вышытыя і вывязаныя кручком падузорнікі і ручнікі…

Дарэчы, у гэтай скрыні побач з іншымі рэчамі мама некаторы час захоўвала і сваю шлюбную сукенку. Яна была пашыта з танюткага, вельмі пяшчотнага на дотык белага шоўку. З буклямі на грудзях, маленькімі гузікамі, шырокім поясам, які прыгожа абдымаў талію і высокімі, моднымі ў той час плечыкамі… Мама расказвала, што потым у гэтай сукенцы вянчаліся многія яе вясковыя сяброўкі. Яна ўшывалася і падаўжалася. Нехта прышыў на грудзі фанболі, нехта падкараціў рукавы… Вядома, з часам шоўк пажаўцеў. Але пакуль сукенка вісела ў шафе, яна быццам жыла. Аднойчы мама зняла яе з вешалкі і, згарнуўшы, паклала ў скрыню.  Праз некаторы час аказалася, што на згібах сукенку быццам хто парэзаў. Напэўна, яна проста рассыпалася з часам…

А татавымі кошыкамі і цяпер карыстаецца амаль уся радня. І не толькі. Нават маючы за плячыма 80 гадоў, ён  умела выплятаў іх з лазы і з вялікім задавальненнем выконваў заказы аднавяскоўцаў. Балазе, гнуткага матэрыялу за роднай вёскай было ўдосталь. Тата валодаў адметным почыркам: яго кошыкі выдзяляюцца акуратнасцю і лёгкасцю. Многія з іх упрыгожваліся рознакаляровым дротам. Аднойчы ў мяне прапалі два такія кошыкі. Праз некаторы час я пазнала іх у суседкі. Але нічога ёй не сказала: няхай карыстаецца, у нас кошыкаў многа!

Апісанне гэтых вясковых “куфэркаў памяці” я  магла б прадаўжаць бясконца. Прызнаюся, што сякі-такі запас  ёсць ужо і ў маёй гарадской кватэры. Вось, напрыклад, адзін з іх: вучнёўскі сшытак у клетачку і надпіс на яго зялёнай вокладцы…

У нашай Хараўской школе, безумоўна, перш за ўсё дзякуючы ініцыятыўнасці настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Вольгі Сцяпанаўны Новік і Івана Юльянавіча Здановіча, існавала цудоўная традыцыя: запрашаць на літаратурныя святы знакамітых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Аднойчы на адзін з такіх вечароў прыехаў сам Уладзімір Караткевіч. Спартыўная зала школы была бітком набіта. Сюды сабраліся не толькі вучні і настаўнікі, але і вяскоўцы. Мы, старшакласнікі, выступалі з канцэртам мастацкай самадзейнасці. Гучалі беларускія песні, вершы… Я, як ужо прызнаны школьны паэт, чытала са сцэны свой верш. Дакладней, цэлую паэму пра гераізм піянера-героя і Радзіму. Я так старалася! Перада мною ў першым радзе сядзеў Уладзімір Караткевіч. І я нікога вакол не бачыла, толькі яго.караткевич

Цяпер, перачытваючы тую «паэму», я чырванею ад сораму: ні належнай рыфмы, ні рытму, ні цікавага сюжэту. Тады ж мне здавалася зусім іншае. У мяне за спіной раслі крылы! Уладзімір Сямёнавіч слухаў вельмі ўважліва. І, відаць, запомніў мяне. Таму што, калі на заканчэнні вечара вучні падышлі да паэта па аўтограф і я таксама працягнула на подпіс свой вучнёўскі сшытак з зялёнай вокладкай, ён глянуў у вочы і, нават не спытаўшы імя, таропкім, але выразным почыркам напісаў: «Хай табе, Аня, будзе хораша ў жыцці сябраваць з паэзіяй. У. Караткевіч».

Трэба сказаць, пажаданне паэта здзейснілася. Паэзія і цяпер крочыць са мною, акрыляе і надае сілы.

Кажуць, што чалавек губляе памяць тады, калі губляе цікаўнасць…

Ганна Хадаровіч.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *