Четверг, 29 октября 2020

В канун Победы вспоминаем имена героев: Сергей Хващевский

2 667

Пры жыцці гэты сціплы чалавек не асабліва распаўсюджваўся аб сваім ваенным мінулым. Таму не дзіўна, што ў друкаваных крыніцах аб ветэранах вайны яго імя не згадваецца. Ва ўсякім выпадку, мне яны не трапляліся.

Нешматлікія людзі, якія ведалі яго і якіх мне ўдалося адшукаць, характарызавалі яго коратка: «Каўпакавец».9052013  или все таки это

Падчас вывучэння (у асноўным па архіўных матэрыялах) яго сапраўды гераічнай біяграфіі быў нямала здзіўлены, што гэта — адзіны супрацоўнік упраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама з прынятых на службу ў даваенны час, удастоены за свае баявыя подзвігі вышэйшай узнагароды СССР — ордэна Леніна.

Сяргей Аркадзьевіч Хвашчэўскі нарадзіўся ў 1915 годзе ў вёсцы Вя-лікае Гародна Крупскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і і быў адным з семярых дзяцей. Таму зусім лагічна, што пасля  7 класаў вучобы ў Выдрыцкай няпоўнай сярэдняй школе пайшоў працаваць. У свае 17 гадоў ён ужо быў брыгадзірам мясцовага калгаса «Звязда».IMG_4315

У 1937 годзе С.А.Хвашчэўскага прызвалі на службу ў рады Чырвонай Арміі. Пачаўшы яе курсантам палкавой школы, ён працягнуў службу старшыной кавалерыйскага эскадрона, які дыслакаваўся ў мястэчку Лапічы (цяпер Асіповіцкі раён Магілёўскай вобласці). Часць,  дзе служыў Сяргей Хвашчэўскі, удзельнічала ў 1939 годзе ў вызваленчым паходзе на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Ён ужо сакратар камсамольскага бюро кавалерыйскага палка.

З гэтага часу і пачынаецца сувязь С.А.Хвашчэўскага з Пружаншчынай.  Тэрміновую службу ў лістападзе 1940 года ён заканчваў на пасадзе палітрука санітарнай часці палка ў мястэчку Слабодка. Тут знайшоў і сваё каханне: з Варварай Шурынай яны пажаніліся адразу пасля яго дэмабілізацыі. Жыць вырашылі на радзіме маладой жонкі ў вёсцы Лінова. Гэтая хата на Шашэйнай вуліцы добра захавалася дагэтуль.

Нядоўга вагаўся С.А. Хвашчэўскі  і з выбарам працы. Загадам начальніка  УНКУС Брэсцкай вобласці  ён быў прыняты ў органы рабоча-сялянскай міліцыі (РСМ) на пасаду выконваючага абавязкі оперупаўнаважанага Пружанскага раённага аддзела міліцыі з 8 лістапада 1940 г. з двухмесячным выпрабавальным тэрмінам. І, мяркуючы па тым, што праз два месяцы малады супрацоўнік быў зацверджаны  оперупаўнаважаным без прыстаўкі «в.а.», у органах міліцыі ён прыйшоўся да двара. Магчыма, што маладога і адукаванага па тых часах аператыўніка чакала наперадзе  паспяховая кар’ера. І ў асабістым жыцці справы складваліся ўдала — у сям’і нарадзілася дачка Раіса. Але ўсе мірныя планы і надзеі былі перапынены вайной…IMG_4317

Ужо ў першую ваенную  раніцу пачалі бамбіць Пружаны. З падыходам да горада нямецкіх танкаў супрацоўнікі міліцыі разам з часцямі Чырвонай Арміі пачалі адыходзіць у напрамку г.Баранавічы. Многія з іх загінулі ці прапалі  без вестак.

Увесь жах  адступлення давялося перажыць і С.А. Хвашчэўскаму. Але ўжо ў першых чыслах ліпеня ён трапляе ў толькі што сфарміраваную 282 стралковую дывізію, дзе займае  пасаду оперупаўнаважанага асобага аддзела НКУС. Падчас Арлоўска-Бранскай аперацыі дывізія панесла цяжкія страты і ў кастрычніку 1941 г. апынулася ў акружэнні ў раёне населеных пунктаў Трубчэўск, Наўля, Брасава Бранскай вобласці. Адзін з удзельнікаў так апісвае тыя падзеі: «У дывізіі тады быў адзін полк, у ім адзін батальён, а ў гэтым батальёне — адна рота. Заставалася ўсяго 4-5 гармат, ды і тыя з-за адсутнасці прыцэлаў наводзіліся на цэль па ствале, як пры Іване Грозным».IMG_4318

Група байцоў, сярод якіх  быў  Сяргей Хвашчэўскі, у пачатку лістапада спрабавала выйсці з акружэння, але гэтым спробам перашкодзілі маразы і пастаянны голад. Хвашчэўскі цяжка захварэў, таварышы пакінулі яго ў вёсцы Халмецкі Хутар Брасаўскага раёна ў мясцовай жыхарцы па прозвішчы Грыгорава. Гэтая жанчына з дапамогай аднавяскоўцаў яго і паставіла на ногі. Пасля вайны Сяргей Аркадзьевіч знайшоў сваю выратавальніцу і шчыра падзякаваў за выратаванне.

У снежні 1941 г. С.А.  Хвашчэўскі звязаўся з толькі што сфарміраваным партызанскім атрадам «За Радзіму» Арлоўскага партызанскага злучэння. У атрад ён прыйшоў 14 студзеня 1942 года, дзе, як пазначана ў дакументах, быў байцом, палітруком.

Летам 1942 года Сяргей Аркадзьевіч атрымаў асобае заданне. Тут вельмі дарэчы будзе звярнуцца да баявой характарыстыкі, якую падпісаў камандзір 1-ай Украінскай партызанскай дывізіі, Герой Савецкага Саюза генерал-маёр П.П.Вяршыгара: «Тав. Хвашчэўскі першым у жніўні 1942 года зрабіў глыбокі рэйд, выйдучы з групай у 10 чалавек з Бранскіх лясоў у лясы Беларусі на ўзняцце партызанскага руху ў Палескай і Жытомірскай абласцях.

У выніку дзейнасці тав. Хвашчэўскага С.А. быў арганізаваны партызанскі атрад Алеўскага раёна ў складзе 380 чалавек і падпольная арганізацыя ў складзе 60 чалавек у гор. Алеўску.

Пад непасрэдным кіраў-ніцтвам тав. Хвашчэўскага С.А. было праведзена 18 баявых аперацый, у якіх было захоплена: 4 аўтаматы ППШ, 70 рускіх вінтовак і 3 ручныя кулямёты».IMG_5999 1

Самае цікавае, што на запыт у краязнаўчы музей  г. Алеўска Жытомірскай вобласці мне адказалі, што пра Хвашчэўскага яны не маюць  ніякай інфармацыі. І толькі праз некаторы час паведамілі, што ў кнізе «Памяць. Жытомірская вобласць» супрацоўніца музея знайшла такую фразу: «Хвашчэўскі С.А. з’яўляецца арганізатарам падполля і партызанскага руху ў Алеўскім раёне».

Загадам начальніка штаба партызанскага руху УССР генерал-лейтэнанта Т.А. Строкача  атрад С.А.Хвашчэўскага  быў перададзены ў партызанскае злучэнне генерал-маёра С.А.Каўпака, дзе Сяргей Аркадзьевіч быў прызначаны памочнікам начальніка штаба па разведцы, а затым — начальнікам асобага аддзела НКУС каўпакаўскага злучэння.

У кнізе «Внимание, Ковпак!», напісанай камандзірам 3-га палка каўпакаўскай дывізіі П.Я.Брайко разам з журналісткай Аксанай Каліненка, ён так апісвае  першую сустрэчу са сваім будучым сябрам Сяргеем Хвашчэўскім: «Калі Чарток увайшоў у штаб, яго сустрэлі камбат і начальнік асобага аддзела Сяргей Хвашчэўскі — немалады, але вельмі рухавы, таварыскі чалавек. Хвашчэўскі, ужо накінуўшы паўкажушак, раптам спыніўся пасярод хаты. Потым падаў Чартку трафейную брытву «Золінген» і сказаў ціха:

—Вось бяры! Памяць пра твайго земляка Мішу Папова. Хаваць яго ідзем».

У гутарцы са мной 94-гадовы ветэран-каўпакавец Герой Савецкага Саюза Пётр Яўсеевіч Брайко асабліва падкрэсліў, што Сяргей Аркадзьевіч быў сапраўдным аператыўнікам. «Яго нельга было не паважаць. Вельмі ж ён быў добрым чалавекам, сапраўдным разведчыкам».

З даведкі  на памочніка начальніка штаба Украінскай партызанскай дывізіі імя двойчы Героя Савецкага Саюза генерал-маёра С.А.Каўпака Хвашчэўскага Сяргея Аркадзьевіча: «…За час знаходжання ў дывізіі тав. Хвашчэўскі ўдзельнічаў у 7-мі баях з фашысцкімі захопнікамі. Працуючы памочнікам начальніка штаба па разведцы, тав. Хвашчэўскі здолеў на працягу Брэст-Варшаў-скага рэйду забяспечыць правільнымі і своечасовымі разведвальнымі звесткамі аб праціўніку, дзякуючы чаму дывізія паспяхова выконвала свае заданні. Падчас бою за г.Столін 10.01.1944 г. тав. Хвашчэўскі С.А., уварваўшыся ў горад першым, з групай байцоў раптоўна захапіў дом, дзе знаходзілася жандармерыя, прыхапіўшы каштоўныя дакументы.

Рухаючыся па Валынскай вобласці, ён здолеў выявіць склады праціўніка з узбраеннем і харчаваннем,  з якіх былі захоплены  дзве 76 мм гарматы, 6 батальённых мінамётаў, 16 станковых кулямётаў.

Падчас самастойнага рэйду батальёна ў раёне Брод батальён патрапіў у акружэнне 4-ай танкавай дывізіі. Тав. Хвашчэўскі забяспечыў выйсце батальёна з акружэння без страт. За гэты рэйд ім выяўлена 5 важных нямецкіх шпіёнаў, якія знішчаны. Акрамя таго, захоплена шмат каштоўных дакументаў нацыяналістаў».

За баявыя заслугі С.А. Хвашчэўскі быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, медалямі «Партызану Айчыннай вайны 1-й ступені», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 г.г.», «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 г.г.» і аса-бістай зброяй — маўзерам.

У канцы ліпеня 1944 года партызанскае злучэнне выйшла з варожага тылу на Украіну ў Ровенскай вобласці і ў жніўні было перафарміравана ў Асобную кавалерыйскую брыгаду войскаў НКУС і накіравана на барацьбу з украінскімі нацыяналістамі. А наш герой быў прызначаны камісарам брыгады і сакратаром парткамісіі.

Праз некалькі месяцаў брыгада была расфарміравана. У лютым 1945 г. Сяргея Аркадзьевіча накіроўваюць у  Маскву ў распараджэнне Галоўнага ўпраўлення контрразведкі «Смерш». У маі 1945 г. ён быў звольнены ў запас. Пачыналася мірнае жыццё…

Былы разведчык вярнуўся на Брэстчыну.   2 ліпеня 1945 г. ён быў прызначаны начальнікам аддзела перасялення і рэпатрыяцыі Брэсцкага аблвыканкама. Яго праца на гэтай пасадзе так была ацэненая абкамам партыі: «…Праявіў сябе як дысцыплінаваны работнік, які правільна разумее свае задачы, праяўляў чуласць і ўвагу да рэпатрыяваных грамадзян. У вобласці арганізаваны і працуюць пяць зборна-перасыльных пунктаў, адзін паверачна-фільтрацыйны і адзін прыёмна-размеркавальны пункт.

Да сакавіка 1946 г. прапушчана 1 019 852 чалавекі рэпатрыянтаў, якія вярнуліся на радзіму. Выдадзена грашовая дапамога 1 939 чал. 409620 рублёў, харчовая дапамога — 15323 кг хлеба».

Пасля заканчэння ў 1948 г. вучобы ў Рэспубліканскай партыйнай школе пры ЦК КПБ С.А.Хвашчэўскі  працаваў на розных пасадах: дырэктарам Брэсцкага рай-прамкамбіната, сакратаром партарганізацыі 64-га аўтарамонтнага завода Беларускай ваеннай акругі ў вёсцы Слабудка Пружанскага раёна і іншых арганізацыях. Працяглы час  быў членам бюро райкама партыі. Апошняе месца яго працы — інструктар па кадрах тэрытарыяльна-вытворчага калгасна-саўгаснага ўпраўлення Пружанскага райвыканкама.

У 1965 годзе Сяргей Аркадзьевіч трагічна загінуў у дарожна-транспартным здарэнні. Прынамсі, такой версіі прытрымлівалася следства. Па некаторых дадзеных, незадоўга да сваёй гібелі С.А.Хвашчэўскі неафіцыйна займаўся зборам інфармацыі аб дачыненні аднаго з жыхароў раёна да супрацоўніцтва з нямецкімі акупантамі. Пад націскам сваякоў і сяброў Сяргея Аркадзьевіча следства пачало правяраць версію забойства. Па гэтай прычыне былі забраны некаторыя дакументы пацярпелага, і сярод іх дзённік, які С.А. Хвашчэўскі вёў падчас вайны.IMG_6041

Хто толькі не ўпрошваў да гэтага былога разведчыка-партызана аддаць дзённік: гэта і  згаданы ўжо П.Я. Брайко, і былы каўпакавец А.Лянёў, і нават вядомы беларускі фалькларыст і грамадскі дзеяч Рыгор Раманавіч Шырма…  Аднак Сяргей Аркадзьевіч быў непахісны.

Вінаватыя ў смерці С.А. Хвашчэўскага не былі ўстаноўлены. Бясследна знік і яго дзённік — неацэнны дакумент Вялікай Айчыннай вайны.

Пры вывучэнні архіўных дакументаў я звярнуў увагу, што ўсюды адсутнічае чысло і месяц нара-джэння нашага героя, а ўказваўся толькі год — 1915. І толькі на Аранчыцкіх могілках  на сціплым помніку, які ўстаноўлены на месцы пахавання Сяргея Аркадзьевіча, значыцца поўная дата яго нараджэння — 23 лютага 1915 года. Мне гэтая дата здалася сімвалічнай: менавіта ў Дзень абаронцаў Айчыны мог нарадзіцца чалавек, які лепшыя гады свайго жыцця аддаў абароне сваёй Радзімы.

Мікалай Замковіч.

На здымках: Сяргей Аркадзьевіч Хвашчэўскі (злева) — перадваеннае фота. Сустрэча каўпакаўцаў у 1961 годзе: С.А.Хвашчэўскі першы злева, крайні справа — легендарны партызанскі генерал С.А. Каўпак. Дом у в.Лінова, дзе жыў Хвашчэўскі.                      Сціплы помнік на Аранчыцкіх могілках.

Фота з архіваў і Сяргея Талашкевіча.

2 комментариев

  • Хващевский Игорь Александрович

    Спасибо ! Спасибо Редакции и Журналистам! Всем кто смог найти такой материал Спасибо! Прошло немало лет с того времени, и ветер времени стирает многое из нашей памяти, но благодаря именно таким статьям и заметкам я надеюсь, что люди будут помнить всегда и то Героическое время и тех, без кого не было бы сейчас мира и добра на нашей Земле. Жаль только, что спустя каких-то 46 лет после войны, уже не будет той Страны, за которую лилась кровь наших Дедов и отцов.
    Ещё раз Спасибо!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • Капец жэстачайшэ наклонил

    без упрека, но давайте будем откровенны, ибо мира и добра на нашей Земле, собственно говоря, и нет…

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *